Site icon Слушна

Яблык i вусень (казка) + аўдыё

Яблык і восень. Казка 20.09.2022

https://bel.24health.by/wp-content/uploads/2022/09/Yablyk_i_vusen.mp3?_=1

 

Расла ў садзе яблынька. Яна была маладзейшая за сваiх сябровак, але ў гэта лета ўжо песцiла свайго першынца — маленькi зялёны яблычак. I яе зусiм не засмучала, што ён адзiны, бо ведала: будуць мiнаць гады, яна падрасце і падужэе і калi-небудзь яе голле сагнецца да зямлi пад цяжарам мноства яблыкаў — яе дзетак.

А пакуль тое, яна жыла першым клопатам мацi: гайдала яблычак на сваiх галiнках, паiла салодкай ранiшняй расой. Яблычак рос, падстаўляючы сонцу свае яшчэ зялёныя бакi. Ён быў цiкаўны, хацеў бачыць усё, што рабiлася навокал. І яблынька, калi ён вельмi ўжо разгойдваўся  на галiнцы, ласкава ўшчувала яго:

— Не спяшайся, гарэза! Ты яшчэ малы i зялёны, а павiнен выспець, налiцца сокам.

Ды яблычак не надта рваўся са сваёй галiнкi. Прастору i cонца яму хапала, а што яшчэ патрэбна такой малечы?.. Ён і падрастаў паціху.

Вусень чуў усё, што казала яблынька свайму пестуну. Ён жыў непадалёк на кветцы дзьмухаўца, нiкога не чапаў, грэўся на сонцы i пра  нешта марыў… Але апошнiмi днямi яго характар прыкметна сапсаваўся. Вусень адчуваў нейкую незразумелую незадаволенасць жыццём, злосць i санлiвасць. Яго  так i падмывала зрабiць нешта гадзенькае, каб навакольны свет не здаваўся вельмі шчаслiвым. Ды што можа зрабiць такая казяўка? I ўласная нязначнасць раздражняла вусеня яшчэ больш.

Яблынька і вусень. Казка

Вось у такую нядобрую часiну яму на вочы трапiўся яблык.

— Вiсiць сабе таўстун, радуецца. Пачакай жа, вось я цябе … з’ем, — вусень на iмгненне завагаўся, ацэньваючы памеры яблыка, але жаданне атруцiць каму-небудзь жыццё перамагло. — Ну, не з’ем, дык пакусаю!  – i вусень рашуча накiраваўся да яблынькі. — Пакусаю, пакусаю, — падганяў ён сам сябе пагрозлівым мармытаннем.

У яблыка ад страху аж дыханне заняло. Тузануўся раз-другі, імкнучыся збегчы, выратавацца ад гэтага гнуткага зялёнага чарвяка, які марудна, але няўмольна набліжаўся. Ды маладая пімпачка надзейна трымалася за галінку. Яблык затрымцеў усімі сваімі семачкамі, што таіліся ў глыбіні яго цельца.

— Ратуйся! — шапнула яблынька і асцярожна падштурхнула яго ў густую лістоту, павярнуўшы да вусеня самым зялёным бокам.

Яблыку пашанцавала: якраз ў гэты момант на шляху вусеню трапілася перашкода, адцягнуўшы ўвагу.

— Ну, пачакай! — раз’юшыўся вусень, ўбачыўшы, што яблык знік.

— Не ў неба ж ты паляцеў! — і вусень утаропіўся на дрэўца, аж у вачах зелена стала.

Ды дарэмна! Лісце і галінкі аказаліся надзейнай схованкай.

Караскацца по кожнай галінцы, перабіраючы лісточкі ў пошуках здабычы, яму не хацелася — пераважала стома, але і адступаць вусень не збіраўся.

— А-а, даражэнькі, я цябе аблогай вазьму. Падпільную, нікуды не дзенешся!

І вусень стаў мясцюрыцца на сухой галінцы, што ляжала непадалёк. А каб было зручней, сплёў сабе кокан і прыціх у ім. Некалькі хвілін ён яшчэ цешыў сябе ўяўленнем аб тым, як дабярэцца да яблыка і ўп’ецца ў яго гладкі бок. Але неўпрыкмет да вусеня падкраўся сон...

Міналі дні за днямі. Вусень ціхенька соп у сне, а яблык рос, наліваўся сокам. Ён стаў такім вялізным і чырвоным, што лісце яблынькі ўжо не магло засланіць яго ад зялёнага злыдня. І яблык з трывогай чакаў, што будзе далей.

Аднойчы ён пачуў, як нешта ў кокане лузнула і адтуль — вось дзіва! — выбраўся на свет сінякрылы матылёк. Ад неспадзёўкі яблык ажно войкнуў. А матылёк расправіў свае  прыгожыя лёгкія крыльцы, соладка пацягнуўся… і ўбачыў яблык. Як далекі сон успомніў матылёк, што калісьці быў вусенем і хацеў з’есці гэты вялізны сакавіты яблык.

— Але ж я цяпер не злосны вусень, а вясёлы прыгожы матылёк! І не маю жадання каго-небудзь крыўдзіць.

— Бывай здаровы, яблык!

І матылёк узвіўся ў празрыстую сінь. Яблык уздыхнуў з палёгкай:

— Пранесла!

А да восені было яшчэ так далёка…

Вось так, мой дружа. Бывае, нешта не ладзіцца ў жыцці, табе самотна і няўтульна. І хочацца адпомсціць усяму свету за свае няўдачы. Успомні тады, што ў тваёй душы ёсць светлага і чыстага. Магчыма, твае намеры зменяцца.

Таксама чытайце і слухайце казкі аўтара:
Падарунак ад праменьчыка
Наяда марская*, або Услед за песняй
Выкраданне з бОльніцы

Exit mobile version