Моцны вецер, скразняк, стрэс… Імунітэт, плачучы, дзесьці скурчыўся ў кутку… І ўсё сышлося ў чарговы раз. І вылезла. Пухлінай над вокам. Во гэта я пакаталася 15 гадоў таму па каналах Піцера на хуткасным водным транспарце! Тады штосьці накшталт ячменю з’явілася ўпершыню. І з таго часу – практычна штогод, за рэдкім выключэннем, у самы непадыходзячы момант.
Не адмаўляючы медыкаментознае лячэнне, пэўны час таму шляхам спроб і памылак падабрала для сябе парады з народнай медыцыны. Тыя, якія рэальна дзейнічаюць, грунтуючыся на лекавых уласцівасцях раслінаў. Цяпер, галоўнае, мець час, каб прымяняць іх падчас абвастрэння даволі часта. І чым часцей, тым лепш. Хутчэй пройдзе.
Не ведаю, праўда, ячмень гэта ці не…. Ён практычна ніколі не гнаіцца, не прарывае… І на сухое цяпло, якое раяць прыкладаць, рэагуе не дужа каб станоўча. «Ты ж толькі не мачы вадой!» – усклікнула знаёмая медсястра афтальмалагічнага кабінета, пабачыўшы мяне. Але ж як тады рабіць прымочкі – мой асноўны сродак уздзеяння на пухліну?!
Усё ведаю пра мяркуемыя прычыны запухання вока. З імунітэтам быццам бы сябрую, плюс да ўсяго БАДамі яго ўлагоджваю. Але ад моцнага ветру, які апошнім часам у Беларусі пачуваецца сапраўдным гаспадаром у розныя поры года, на жаль, не прыкрыешся. І стрэс падкрадаецца так раптоўна, што яго адразу хапанеш, а затым падумаеш, што спакайней, спакайней трэба…
Так што, калі ў кагосьці бывае падобнае (у першы дзень звычайна – як на малюнку жахаў), магу параіць правераны алгарытм. Плюс да медыкаментознага лячэння, замест яго – нікога не агітую ні «за», ні «супраць». Кожны выбірае сам, што для яго лепей.
Найперш робім адвар для прымочак.
1-2 пакецікі рамонку аптэчнага альбо сталовую лыжку гэтай жа травы, калі яна прадаецца россыпам, заліваем шклянкай кіпню і накрываем, каб запарылася. Трымаем 30 хвілін, альбо гадзіну, альбо амаль да поўнага астывання – як атрымліваецца. Падыдзе любы адвар.
Першы раз яго можна прымяняць ледзь цёплым. Затым, на працягу дня – халодным. Як высветлілася таксама доследным шляхам, апошні ўздзейнічае лепш. Змачваем у ім ватны дыск, кавалачак ваты, марлі ці бінту (што ёсць пад рукой) і прыкладваем да хворага вока. Перыядычна акунаем у адвар, злёгку адціскаем, каб не цякло.
Рабіць не менш за 10 хвілін за адзін раз. І так часта, як атрымліваецца. У мяне гэтым разам прамежкі складалі ад паўгадзіны да гадзіны. Нават пасля 1-2 сеансаў пухліна прыкметна памяншаецца. Рабіць столькі дзён, колькі патрэбна. У мяне атрымалася – вечар і два дні.
Плюс далучаем адвар лаўровага ліста (калі на яго няма алергіі і супрацьпаказанняў да ўжывання – высвятляем абавязкова!). Восем сярэдніх сухіх лісточкаў заліваем шклянкай кіпню, запарваем пад накрыўкай ад паўгадзіны да гадзіны. Пасля поўнага астывання можна піць. Па глытку-два.
Гэтая порцыя (шклянка), як тлумачаць тыя, ад каго пачула рэцэпт, разлічана на дзень. Адзін-два апошнія глыткі абавязкова павінны быць зробленыя перад сном. У мяне таксама атрымалася прапіць два дні.
І калі ў першы я не магла з раніцы расплюшчыць вока, дык у другі пухліна ўжо была напалову меншай. На трэці засталася толькі невялікая, практычна нябачная кропка на верхнім павеку. І час ад часу часалася.
Два няхітрыя рэцэпты, а вынікі – відавочныя. Вось усё збіраюся займець насенне альбо чаранок лаўра, каб вырошчваць свой. На ўсялякі выпадак, для розных патрэбаў.