Site icon Слушна

Лекавыя і магічныя ўласцівасці ядлоўца

Галінка ядлоўца

Ядловец спрадвеку ўжываўся як у медыцынскіх практыках, так і ў магічных. Гэтая расліна адносіцца да іглічных, якія лічацца не зусім звычайнымі па сваіх уласцівасцях. Так, ядловец, як і галінкі елкі, выкарыстоўваліся ў пахавальных рытуалах, а таксама для абароны ад злых духаў.

Ядловец – гэта хвойны хмызняк які з сямейства кіпарысавых. У народзе яго яшчэ завуць хвойным вінаградам, а яшчэ – верас, ялынец, верасова дрэўца. Вырастае ад 1–3 да 12 метраў вышынёй. Жыве 200–300 гадоў. Лісце – калючыя цвёрдыя іголкі (хвоя) – размешчаны мутоўкамі, па тры ў кожнай. Плады – ілжывыя мясістыя ягады-шышкі з трыма косткамі. Спачатку яны зялёныя, а на наступны год пасля паспявання – чорныя, з шызым васковым налётам, велічынёй з гарошыну. З лекавай мэтай збіраюць маладыя галінкі ў вяснова-восеньскі час (бывае, нават узімку) і спелыя ягады – увосень.

Гэты невялікі іглічны хмызняк часта згадваецца ў легендах і валодае мноствам дзівосных уласцівасцяў. Старажытныя грэкі і рымляне верылі, што ядлоўцавыя галіны ці ягады могуць выратаваць ад змей і розных пачвар. У міфе пра Арганаўтаў Ясон і Медэя справіліся з гіганцкім змеем, дакрануўшыся да яго вачэй галінкай ядлоўца, абшмараванай чарадзейным зеллем. Нашы продкі таксама лічылі ядловец абярэгам ад нячыстай сілы. У якасці талісмана яны насілі на целе насенне ядлоўца, якое, паводле павер’яў, выратоўвала чалавека ад нападу змей.

Тое, што расліна была вечназялёнай, спарадзіла павер'і пра яе незвычайную сілу, здольную пераадолець нават смерць. Таму галіны ядлоўца спальвалі на пахаванні, высцілалі ім магілы, кідалі перад пахавальнымі працэсіямі. Так хмызняк набыў нядобрую рэпутацыю: некаторыя лічаць, што яго нельга высаджваць побач з хатай, бо гэта можа наклікаць няшчасці ці смерць.

Акрамя таго, лічыцца, што ядловец па сваіх магічных здольнасцях можа абараняць людзей і худобу ад розных хвароб, ад псоты і сурокаў. Па гэтай прычыне нашы продкі абкурвалі ім сваё жытло і жывёлу пры эпідэміях і розных няшчасцях, пры падазрэннях на чары і другія негатыўныя магічныя ўздзеянні. Галінкі ядлоўца асвячалі ў царкве на Вялікдзень і цягам года захоўвалі пад абразамі, як абярэгі вешалі над дзвярыма і насілі ў кішэнях. На Палессі галінкамі ядлоўца ўпрыгожваюць вясельны каравай.

Лекавыя ўласцівасці ядлоўца

Пра гаючыя уласцівасці ядлоўца людзі ведалі задоўга да навуковых даследаванняў гэтай расліны. Настоі і адвары з яго шышкаягад ужывалі для лячэння кашля, вадзянкі, страўнікава-кішачных захворванняў. Лічылі, што ядловец здымае стрэс і боль, асабліва ў суставах, зажыўляе раны, лечыць скураныя захворванні, павышае апетыт. Ядловец выкарыстоўвалі для ваннаў пры бранхіце, астме, сухотах. З яго ягад рабілі адвары пры хваробах печані, мачавога пухіра, нырак, пры кашлі і прастудзе.

Ядловец выкарыстоўваецца як у народнай, так і ў афіцыйнай медыцыне. Сфера яго прымянення даволі разнастайная. Расліна валодае добрымі мачагоннымі і жоўцегоннымі ўласцівасцямі, таму ўжываецца пры рэўматызме, падагры, цыстыце, захворваннях нырак, хваробах печані.

У пладах расліны, якія ўжываюць у лячэнні часцей за ўсё, утрымоўваюцца такія рэчывы, як: эфірны алей, цукар, смала, арганічныя кіслоты, вітаміны. Славіцца ядловец і як ачышчальнік паветра. У зарасніках ядлоўца ў шэсць разоў больш фітанцыдаў, чым у хвойных лясах, і ў 15 разоў больш, чым у лісцяных. Нават галінка ядлоўца, пастаўленая ў ваду, адчувальна чысціць паветра ва ўсёй кватэры. Даведзена, што гектар ядлоўца за суткі выпарае каля 30 кг лятучых арганічных рэчываў (фітанцыдаў). Гэтай колькасці дастаткова для ачысткі ад бактэрый паветра вялікага горада.

Важна: Ядловец (ягады, прэпараты, настойкі, адвары і гэтак далей) нельга ўжываць пры запаленні нырак, нефрыце, нефрозе, язве страўніка. Нельга прымяняць пры цяжарнасці. У выпадку атручвання ці перадазіроўкі ядлоўцам неабходна зрабіць прамыванне страўніка і звярнуцца да ўрача.

Пры зборы ядлоўца нельга блытаць ядловец звычайны, які прыдатны да ўжывання, з ядлоўцам казацкім, бо гэты від ядлоўца атрутны для чалавека. Праверыць, які перад вамі ядловец, можна такім спосабам: у пладоў звычайнага ядлоўца 3 костачкі ўнутры ягады-плода, у атрутнага казацкага – 2 костачкі. Яшчэ казацкі адрозніваецца ад звычайнага тым, што сцелецца па зямлі і расце па большай частцы ўшыркі, з-за чаго атрымаў распаўсюджанне як дэкаратыўнае кустоўе.

Лячэбныя гаі

На тэрыторыі Беларусі ёсць два лячэбныя гаі з ядлоўца, багатыя фітанцыдамі. Адзін з іх знаходзіцца каля вёскі Вялікая Кракотка ў Слонімскім раёне на Гродзеншчыне, у пойме ракі Зяльвянкі. Тут на плошчы ў некалькі гектараў растуць дзясяткі відаў ядлоўцаў рознай формы і вышыні. Ёсць шарападобныя, пірамідальня, стрэлавідныя і нават прамавугольныя.

На самай ускраіне гэтага ядлаўцовага гаю раней знаходзіліся старадаўнія могілкі. З ім звязана мясцовая традыцыя: паводле старых вераванняў, калі хавалі чалавека, які сам пазбавіў сябе жыцця, над галавой і ў нагах клалі камяні, а побач ставілі драўляны крыж. Лічылі, што ў дзень Страшнага суда такому нябожчыку будзе лягчэй падымацца, трымаючыся за крыж. Цяпер ад гэтых камянёў амаль нічога не засталося – могілкі ўзаралі, і на гэтым месцы зрабілі пасадкі.

А яшчэ ў Вялікай Кракотцы ёсць і другія цікавыя месцы: Свята-Зосіма-Саваціеўскі мужчынскі манастыр, Кракоцкая града – геолага-геамарфалагічны помнік прыроды, Кракоцкі валун і крыніца Іаана Прадцечы, або Крыніца пана Скурата. Засіма-Саваціеўскі манастыр  з’яўляецца аб’ектам паломніцтва. У манастыры захоўваюцца мошчы святых Засімы, Савація і Германа Салавецкіх – заснавальнікаў знакамітага Салавецкага манастыра на поўначы Расіі ў канцы 14–15 стагоддзяў. У манастыры ёсць храм Нараджэння Прасвятой Багародзіцы, пабудаваны ў 1883 годзе з бутавага каменя. У 2010 годзе са Святой Гары Афон прывезлі копію цудатворнай іконы Прасвятой Багародзіцы і змясцілі ў храме.

Другі лекавы ядлоўцавы гай знаходзіцца каля старадаўняй вёскі Чабахі ў Пружанскім раёне на Брэстчыне. Там ёсць гасцявы дом “ Шале Мажжавелавае”. Дом размешчаны на горцы, на дзіўнай прыгажосці прыроднай ядлоўцавай паляне з блакітным ісландскім мохам, плошчай больш за 3 га.

Exit mobile version