У той момант, калі дзіця пачынае ўжо самастойна сядзець, поўзаць ці хадзіць, для яго адкрываецца новы і цікавы свет, які абавязкова трэба вывучыць, а лепей – пакаштаваць «на зуб».
Як засцерагчы дзіця ад выпадковага «паглынання» розных прадметаў і што трэба рабіць, калі бяда ўжо здарылася?
Бяспека дзяцей
Напэўна, няма такога хлопчыка ці дзяўчынкі, якія б штосьці ды не праглыналі, пачынаючы ад вялікай цукеркі. А далей гэты спіс можа расці ў геаметрычнай прагрэсіі.
Прадметы, якія дзеці праглынаюць часцей за ўсё:
- дробныя цацкі
- пярсцёнкі
- шпількі
- іголкі
- лязо
- манеты
- невялікія дэталі канструктара
- батарэйкі
- магніты
- шкляныя прадметы.
Яркія прадметы часцей выклікаюць дзіцячую цікавасць. Але вялікую небяспеку для арганізма ўяўляюць батарэйкі, магніты і колюча-рэжучыя прадметы.
Да моманту ўводу ў абарачэнне манетаў выпадкаў хірургічнага ўмяшання па даставанні іншародных целаў было 26 у год. А ў 2017 -м годзе гэтыя лічбы выраслі да 155.
За 2019 год толькі ў РНПЦ дзіцячай хірургіі было праведзена 106 аперацый.
Чаму батарэйкі і магніты вельмі небяспечныя?
Праведзены дактарамі эксперымент з кавалкам мяса і новай батарэйкай паказаў, як ужо праз паўтары хвіліны добра зараджаная батарэйка пачала сваё дзеянне. А праз паўтары гадзіны ўсе ўбачылі выразнае паражэнне мяса на палову сантыметра ад бакоў батарэйкі.
Не менш небяспечны прадмет пры праглынанні – магніт. Асабліва, калі гэта дэталі ад магнітнага канструктара.
Што рабіць, калі дзіця ўжо праглынула іншародны прадмет?
Калі дзіця праглынула батарэйку, дык яе ўжо не вытрасеш. Таму, калі ёсць хаця б пэўнае падазрэнне на гэты конт, дык тэрмінова трэба збірацца і ехаць у любы дзіцячы хірургічны стацыянар. Ці хаця б знайсці, дзе можна хутка зрабіць рэнтген.
Калі ў дзіцяці не назіраецца прыкметаў удушша, дык забяспечце яму максімальны спакой і прасачыце за тым, каб ён знаходзіўся ў камфортным становішчы, робячы мінімум рухаў.
Любыя дзеянні ў гэтым выпадку не толькі недарэчныя, але і небяспечныя: можна выпадкова перамясціць праглынуты прадмет так, што ён перакрые дыхальныя шляхі ці выкліча востры боль.
Калі вы не медык і навыкаў аказання першай медыцынскай дапамогі ў вас няма, дык лепей не рызыкуйце жыццём дзіцяці, а хутка імчыцеся ў хірургічнае аддзяленне найбліжэйшай бальніцы, асабліва калі прадмет трапіў у дыхальныя шляхі ці, на вашу думку, уяўляе пагрозу для жыцця.
Што катэгарычна забаронена рабіць да прыезду медыкаў?
- Не спрабуйце самастойна выцягнуць іншароднае цела ці «прапхнуць» ежай прадмет.
- Па магчымасці не давайце дзіцяці піць, бо гэта можа перашкодзіць правядзенню наркозу ў выпадку неабходнасці.
- Калі ўсё ж такі дзіцяці хочацца піць, дык лепей проста намачыць вусны або працерці іх вільготнай анучкай.
- Не давайце слабіцельных сродкаў.
Як утрымаць дзіця ад праглынання іншародных целаў?
- Старайцеся трымаць дзіця ў полі вашага зроку.
- Уважліва аглядайце ўсе цацкі, што набываеце, і сачыце за ўжо набытымі.
- Са старэйшымі дзецьмі праводзьце гутаркі аб бяспецы даступнай для іх узросту мовай.
- Прыбірайце прадметы, якія ўяўляюць нават маленькую небяспеку (пульты ад тэлевізараў, падлогавыя вагі з батарэйкамі і г.д. трымайце ў месцах, недаступных для дзяцей).
Шаноўныя дарослыя! Менавіта вашыя клопат і пільнасць змогуць не толькі зрабіць свет дзіцяці лепшымі, але і прадухіліць бяду!
Фота – Аксана Жураўлёва.