Жыццё паўстанца і скульптара Генрыха Дмахоўскага, вядомага ў свеце пад псеўданімам Генры Д. Сандэрс, нагадвае вострасюжэтны раман з удзелам у рэвалюцыях, турэмнымі зняволеннямі, трыумфам за акіянам і глыбокімі асабістымі трагедыямі.
Літоўцы лічаць яго сваім (вучыўся і пражываў у Вільні), палякі — сваім (паходзіў з польскай шляхты, пісаў на польскай мове). Нарадзіўся ж Генрых Дмахоўскі ў 1810-м у сям'і ўладальніка маёнтка Забалацце (цяпер вёска Забалоцце Мёрскага раёна Віцебскай вобласці) Міхала Дмахоўскага.
— Бацька Генрыха быў сакратаром (пісарам) Адукацыйнай камісіі Віленскай навучальнай акругі. Ён імкнуўся даць сыну добрую адукацыю і належнае выхаванне, — расказвае Вітольд Ермаленок, гісторык, краязнаўца, аўтар кнігі пра Генрыха Дмахоўскага «Цярністы шлях паўстанца-скульптара».
Генрых у 1825-1828 гадах вывучае права ў Віленскім універсітэце ў Аляксандра Міцкевіча і Валяр'яна Пяткевіча, вядомых дзеячоў нацыянальна-вызваленчага руху.
— Натуральна, яны аказалі ўплыў на юнага Дмахоўскага: ён бярэ актыўны ўдзел у арганізацыі рэвалюцыйных гурткоў у Вільні, — адзначае краязнаўца.
У той жа час у Генрыха абуджаецца цікавасць да скульптуры — у Вільні ён бярэ прыватныя ўрокі ў вядомага майстра Казіміра Ельскага. Але ўспыхнула паўстанне 1830-1831 года, і юнак разам з віленскай моладдзю ў складзе атрада Юзэфа Заліўская выступае супраць царызму. Пасля разгрому паўстанцаў Дмахоўскаму цудам удалося выратавацца. Ён уцёк у Францыю, але ваенны трыбунал асудзіў яго завочна.
— Толькі Дмахоўскі быў не з тых, хто складае зброю. У Францыі ён далучыўся да дзейнасці рэвалюцыйнай моладзі, якая наважылася на экспарт рэвалюцыі ў Аўстрыю. Дмахоўскі дзейнічаў у Галіцыі, што тады была ў складзе Аўстра-Венгрыі. Ён праводзіў агітацыйную работу па падрыхтоўцы ўзброеннага паўстання, браў удзел у вулічных баях у Львове. Ад гэтага перыяду ў яго з’яўляецца другое імя і прозвішча — Эмерык Сандэрс. Мяркуецца, што за псеўданім ён узяў прозвішча англійскага прафесара гравіравання з Віленскага універсітэта, — расказвае Вітольд Ермалёнак.
Адзін са сваякоў Генрыха Дмахоўскага, дзядзька Юстын, змагаўся на баку паўстанцаў і загінуў ў 1831 годзе. А праз іншага дзядзьку — Казіміра — у чэрвені 1833-га паліцыя атрымала звесткі пра месцазнаходжанне Генрыха і даведалася яго новае імя. Да таго ж, дзядзечка апісаў знешнасць пляменніка. Гісторыя замоўчвае, добраахвотна ці пад прымусам былі перададзеныя гэтыя звесткі. Але дзякуючы ім аўстрыйская паліцыя схапіла і арыштавала Генрыха Дмахоўскага ў Лембергу — цяперашнім Львове. Следства доўжылася тры гады, пасля чаго суд прыгаварыў яго да пяці гадоў турмы.
Воля да жыцця ў Генрыха Дмахоўскага была нязломнай. Зняволены ў крэпасці Куфштэйн, ён стаў ляпіць з хлебнага мякішу барэльефы сукамернікаў і цэлыя скульптурныя групы-сцэнкі турэмнага жыцця. Гэты «хлебны народ» нейкім чынам атрымалася перадаць на волю, і ў 1840 годзе таварыш па няволі арганізаваў першую выставу Сандэрса-скульптара ў Лондане.
Сам жа Генрых пасля вызвалення з'язджае ў Парыж. Тут трыццацігадовы скульптар наведвае Школу прыгожых мастацтваў. Выкладчыкі Франсуа Рюд і Давід д'Анжэ заўважылі таленавітага студэнта і запрасілі разам з імі ствараць саркафаг Напалеону Банапарту.
— Калісьці падчас падарожжа па Францыі ў Доме інвалідаў, дзе захоўваецца саркафаг, экскурсавод прапанаваў турыстам схіліць галовы перад веліччу Напалеона Банапарта. На што я адказаў: «Схіляю галаву перад геніем майго земляка, Генрыха Дмахоўскага, які браў удзел у стварэнні гэтага саркафага», — расказвае Вітольд Ермалёнак.
Творчае жыццё Генрыха Дмахоўскага ў Парыжы магло скласціся ўдала: пасля ўдзелу ў такім прыкметным праекце ў яго сталі з'яўляцца прэстыжныя заказы. Але ў 1848-1849 гадах, калі ў Еўропе аднавіўся рэвалюцыйны рух, Дмахоўскі зноў апынаецца ў гушчы падзей. Ён удзельнічаў у вулічных баях з аўстра-венгерскімі войскамі падчас Львоўскага паўстання і быў цяжка паранены.
Прывітанне, Максім! Прывітанне, Марыля! Памятаем і ганарымся…
Пасля паразы і паўстання Генрых Дмахоўскі вяртаецца ў Парыж, а ў 1852-м развітваецца з Еўропай і з'язджае ў ЗША пад псеўданімам Генры Сандэрс. У Філадэльфіі наш суайчыннік засноўвае майстэрню. Там ён стварае скульптуру «Гарыбальдзі з баявымі сябрамі», бюсты Тадэвуша Касцюшкі, прэзідэнтаў Джорджа Вашынгтона і Бенджаміна Франкліна, а таксама аўтара Дэкларацыі незалежнасці ЗША Томаса Джэферсана. Гэтыя работы і сёння ўпрыгожваюць будынак Кангрэсу ў Вашынгтоне.
Жыццё ў Філадэльфіі падарыла Дмахоўскаму не толькі творчыя поспехі, але і сямейнае шчасце. У 1853-м ён ажаніўся з Аленай Шаф, вядомай піяністкай нямецкага паходжання. Але шчасце было не доўгім. Падчас першых родаў памёр першынец Генры і Хелен, а падчас другіх не стала і дзіцяці, і маці.
Надмагiльны помнiк жонцы i дзецям на могiлках у Фiладэльфii, створаны Генрыхам Дмахоýскiм
Асабістая трагедыя толькі ўзмацніла тугу па радзіме, і Дмахоўскі вырашаецца вярнуцца — пасля смерці імператара Мікалая I была абвешчана амністыя. Так 15 мая 1861 года пасля трыццацігадовага расстання Генрых Дмахоўскі ступіў на родную зямлю. За ім тут жа ўсталёўваецца паліцэйскі нагляд, і ён з Вільні з'язджае ў роднае Забалоцце. Тут займаецца публіцыстыкай, перакладае замежныя кнігі па сельскай гаспадарцы і прамысловасці.
Неўзабаве Генрых перабіраецца ў Вільню. Ён адкрывае скульптурнае атэлье насупраць Кафедральнага сабора. Для гэтага храма ён выканаў фігуру святога Уладзіслава і мадэль надмагільнага помніка Барбары Радзівіл. Тут жа стварыў помнік паэту Уладзіславу Сыракомлю. У той жа час, атэлье служыла месцам сустрэч рэвалюцыйна настроеных людзей — Генрых Дмахоўскі па-ранейшаму заставаўся ў самай гушчы падзей.
У 1863-м кіраўніцтва паўстанцаў накіравала яго ў родныя мясціны — камісарам Дзісенскага павета. У маі невялікі атрад Дмахоўскага прыняў бой з рэгулярнай часткай царскага войска. «Дмахоўскі васьмю стрэламі прашыты — зваліўся, стары, на рукі моладзі», — напісаў пра гэта ў лісце адзін з удзельнікаў паўстання.
Пахаваны Генрых Дмахоўскі на курганных могілках каля вёскі Бірулі Докшыцкага раёна.
— Доўгі час магіла нашага славутага земляка была занядбанай. Пра яе нагадаваў толькі сціплы каменны крыж без надпісаў, пастаўлены яшчэ ў ХІХ стагоддзі. У гады міжваеннай Польшчы магіла паўстанца ўшаноўвалася грамадствам, але Другая сусветная вайна перашкодзіла планам узвядзення годнага помніка паўстанцу і скульптару. За гады савецкай улады, нягледзячы на тое, што афіцыйна прызнавалася паўстанне 1863 года, нічога не было зроблена рэальна для ўшанавання герояў гэтай падзеі. Зараз на яго радзіме ў вёсцы Забалоцце ўстаноўлена шыльда, прысвечаная знакамітаму земляку. А ўжо ў маі 2020-га да 210-годдзя з дня народзінаў Генрыха Дмахоўскага і 157-й гадавіны з часу гібелі на яго магіле паўстаў годны помнік, — расказвае Вітольд Ермалёнак.
На помніку ўсталяваная барэльефная дошка з надпісам, дзе ён названы паўстанцам 1831 і 1863 гадоў, а таксама сусветнавядомым скульптарам. Побач яшчэ адна пліта, на якой напісана: «Разам з камандзірам тут пахаваныя два невядомыя паўстанцы 1863 г.».
На месцы ж сядзібы Дмахоўскага ў Мёрскім раёне — Забалоццеўская бібліятэка-клуб. Пад будынкам захаваліся скляпенні XVIII стагоддзя, а вакол растуць велізарныя дубы і стары парк.
Праўда, цагляны будынак — навабуд. У 1950-х драўляны маёнтак 1742 года пабудовы разабралі і ўзвялі на склепе новы, шырэйшы цагляны будынак. Была тут кантора, кватэра, пошта, бібліятэка, — расказвае Людміла Белая, загадчыца бібліятэкі.
Вітольд Ермаленок расказаў, што ў 1832 годзе бацька Генрыха нечакана знік з усімі фамільнымі каштоўнасцямі. Паліцыя лічыла, што ён уцёк за мяжу, да мяцежніка-сына. Але ў хуткім часе ўдалося высветліць, што стары чалавек не пакідаў свайго дома, а быў закатаваны ліхімі людзьмі з прыслугі, дом быў абрабаваны.
— Мясцовыя людзі ведаюць пра Дмахоўскіх? — пытаюся суразмоўцу.
— Быў час — паняцця не мелі. Як і я калісьці. Я мясцовая, тут гадавалася і памятаю даўнейшыя гаспадарчыя пабудовы, якіх сёння ўжо няма… Ведалі пра іх толькі, што «панскія». А вось што за паны тут жылі, даведваліся пакрысе з публікацый нашага гісторыка і краязнаўца Вітольда Ермалёнка. Я і сама пазней пісала пра Дмахоўскага – 34 гады працую ўжо ў бібліятэцы…
Бібліятэка, падзеленая на дзве палавіны, складаецца з уласна бібліятэкі і пакоя-музея, сабранага Людмілай Белай. Тут і старадаўняе гаспадарчае начынне, і дзіцячыя цацкі даўніх гадоў, і цікавая выстава «Сукенкі нашай маладосці», і вышыўкі мясцовых майстрых, і старыя паштоўкі... І тэчкі з публікацыямі пра знакамітага земляка, яго партрэт, кніга «Памяць», у якой размешчаны нарыс пра Генрыха Дмахоўскага — адна з першых публікацый пра знакамітага земляка.
— Ці ёсць наведвальнікі ў вашага музея і чытачы ў бібліятэцы? — цікаўлюся ў Людмілы Міхайлаўны.
— Чытачоў і наведвальнікаў стае, — адказвае яна. — У нас азёры, чыстае паветра, рэспубліканскі заказнік «Балота Мох», побач Пераброддзе, куды едуць людзі з усяго свету, а бібліятэка на ўсю ваколіцу ў мяне адна. Вось людзі і ідуць, асабліва дзяцей шмат. Мы з імі і чытаем, і гуляем, і пра Дмахоўскага расказваю ім. Бываюць і выпадковыя госці. Мінулым летам, напрыклад, спынілася машына — дарогі спытаць. Людзі пабачылі інфармацыйную шыльду на бібліятэцы, усталяваную да 200-годдзя з дня нараджэння Генрыха Дмахоўскага, сталі распытваць… Высветлілася, што ў кампаніі беларусаў падарожнічалі фіны — вось аўтограф пакінулі ў кнізе водгукаў. А веды пра Дмахоўскага павезлі ў свет.