Site icon Слушна

Яго мастацтва было імпульсам для беларускай музыкі. Факты пра Анатоля Багатырова да 110-годдзя

13 жніўня — 110 год з дня нараджэння заснавальніка кампазітарскай школы ў Беларусі Анатоля Багатырова.

У беларускай музычнай культуры імя Анатоля Васільевіча сімвалізуе цэлую эпоху. За плячыма майстра амаль семдзесят гадоў творчасці, плённай работы над операмі і сімфоніямі.

Нарадзіўся кампазітар у 1913 годзе ў сям'і настаўніка. Здольнасці да музыкі ў яго выявіліся вельмі рана. З 8 гадоў пачаў займацца на фартэпіяна.

Вучыла хлопца пляменніца кампазітара Роберта Шумана.

У 1927 годзе паступіў у Віцебскую музычную школу. Як аднаго з найлепшых вучняў яго ў 1930 годзе накіравалі на вучобу ў Беларускі дзяржаўны музычны тэхнікум. За два гады ён прайшоў увесь курс навучання і ў 1932 годзе паступіў у Беларускую дзяржаўную кансерваторыю (клас кампазіцыі прафесара В.Залатарова), якую скончыў у 1937 годзе.

Багатыроў

На ўласны шлях у вялікім мастацтве Анатоль Багатыроў выйшаў рана, яшчэ ў студэнцкія гады, калі напісаў кантату «Сказ аб Мядзведзіхе» на верш Аляксандра Пушкіна — твор, які і на сённяшні дзень упрыгожвае рэпертуар многіх харавых калектываў. Выкананне кантаты было першай сустрэчай 24-гадовага кампазітара з вялікай аўдыторыяй.

А праз два гады з'явілася опера Багатырова «У пушчах Палесся» паводле аповесці «Дрыгва» Якуба Коласа, якая была пастаўлена на сцэне Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР у 1939 годзе і паказана ў Вялікім тэатры СССР падчас Першай дэкады беларускага мастацтва і літаратуры ў Маскве. Крытыка дала высокую адзнаку гэтаму твору.

У друку адзначалася, што наймацнейшай рысай маладога кампазітара «з'яўляецца меладычны талент.

Менавіта ў мелодыі ўся своеасаблівасць, арыгінальнасць яго музыкі і разам з тым арганічная сувязь з мастацтвам беларускага народа.

Станаўленне творчага характару кампазітара супала з трагічнымі гадамі Вялікай Айчыннай вайны. Знаходзячыся ў эвакуацыі ў Свярдлоўску, Багатыроў напісаў кантаты, прасякнутыя трывогай за лёс Радзімы. Складанні ваенных гадоў сцвярджалі высакароднасць чалавечага духу і веру ў перамогу. Іх няшмат, але ўсе яны значныя па зместу, актуальныя па тэматыцы, хвалюючыя па музычным пераказе. Сярод іх — хоры і кантаты «Беларусь», Ленінградцы», «Беларускім партызанам».

З 1948 года ён выкладаў у Беларускай акадэміі музыкі, каля 15 гадоў быў рэктарам. Паспяхова спалучаў творчую і педагагічную дзейнасць. Шырокая эрудыцыя, добрае веданне тэарэтычных і практычных асноў кампазітарскай тэхнікі, сімфанічнага і харавога пісьма, асаблівасцей музычнай драматургіі з'яўляліся непаўторнымі рысамі педагогікі Анатоля Багатырова.

У 1970-1980-я гады Багатыроў кіраваў нацыянальнай кампазітарскай школай. Анатоль Васільевіч выхаваў не адно пакаленне беларускіх кампазітараў. Сярод іх такія вядомыя імёны, як Юрый Семяняка, Генрых Вагнер, Яўген Глебаў, Дзмітрый Смольскі, Ігар Лучанок, Сяргей Картэс, Андрэй Мдзівані, Уладзімір Солтан і іншыя. Самае каштоўнае ў яго вучнях тое, што ўсе яны выбралі свой шлях у кампазіцыі, выпрацавалі асаблівы почырк і знайшлі сваю тэму ў мастацтве.

Анатоль Багатыроў — глыбока нацыянальны кампазітар, чый творчы вобраз сфарміраваўся пад непасрэдным уздзеяннем беларускага фальклору, пад уплывам паэзіі Якуба Коласа, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Петруся Броўкі, Ніла Гілевіча. У вершах беларускіх паэтаў Багатыроў знаходзіў сугучныя са сваімі думкі і пачуцці.

Мастацтва Анатоля Васільевіча з’явілася імпульсам для многіх напрамкаў і абумовіла шмат стылявых пластоў сучаснай беларускай музыкі. Яго оперы, кантаты, араторыя і хоры складаюць фундамент музычнай культуры Беларусі.

Exit mobile version