Вясна выдалася нейкай перарывістай, размазанай і зусім не цёплай. Прытаілася прырода. Насцярожыўся і чалавек: як апранацца, і чаго яшчэ чакаць.
Адзін дзень сонца прыгравала так, што тэмпература падымалася да пятнаццаці цяпла, літаральна на другі дзень зніжалася да нуля. Надараліся нават замаразкі. Але ў паветры ўсё ж адчувалася вясна.
Надзвычайна ўрачыстымі стаялі дрэвы ў сасновым бары. Сышла з іх зімовая панурасць і задуменнасць. Загаманілі, павесялелі дрэвы. Там-сям па нізінах чуліся днём ледзь улоўныя пералівы нябачных ужо ручаінак. Ранішняе сонейка з такой ахвотаю ўглядалася ў гэтае люстэрка, што яны пачыналі падсыхаць, дыміцца лёгкай празрыстай парай. І тая пара ўжо ўздымалася, курылася над праталінамі, пераходзячы ў туман.
Заварушыліся мурашкі, разнастайныя жучкі, кузуркі. Колькі такіх рухавых і ўпраўных разбудзілі цельпукаватага і дальназоркага Янота. Цікава было назіраць за іх радасным мітуслівым рухам на кожным абагрэтым сонцам лапіку зямлі, на сухіх былінках, таксама на зляжалай поўсці на доўгім хвасце Янота, які ён падкладваў сабе пад галаву, адыходзячы ў зімовую спячку.
Але гэта яго не засмучала да тае пары пакуль самыя руплівыя мурашы не пачалі вывучаць яго разамлелае цела і не ўскараскаліся на блісчастую з доўгімі пальцамі і такімі ж кіпцюрамі лапу. Узабраліся на лапу Янота і пачалі спрачацца, што яна быццам і яго, і зусім не яго тая лапа. Таму што надта ўжо падобная на чалавечую. І так заспрачаліся, замітусіліся на падэшве лапы ляснога жыхара, што той ад казытання напачатку адкрыў адно вока, затым – другое, а як нікога не ўбачыў, таму што зблізку мала што бачыць, як ускочыць, ды як закрычыць на ўсё наваколле:
– Хто турбуе Янку? Яшчэ толкам не выспаўся, а хтосьці ўжо забаўляецца!
Мурашы прытаіліся, а на іх абарону Сонейка ўстала:
– Прачынайся, Янка! Ды лепш карыснай справай займіся, каб суседзі пра цябе казалі як пра надзейнага і вернага сябра.
– І што гэта за такая карысная справа?
– Вясна, Янка, гэта тая пара, калі трэба думаць, што будзеш есці позняю восенню, калі ўсё адбуяе, прыбрана ў засекі і будзе звезена чалавекам на ток.
– Вунь Барсук градку ўскапаў і моркву пасеяў. Дык дапамог бы. Глядзіш і табе перапала б, а так зусім брыдка атрымліваецца: усе рухаюцца, працуюць, адзін ты валяешся. Як жыць будзеш?
Памуляўся Янот – нічога не зробіш: трэба падымацца, можа і праўда штосьці карыснае зрабіць. Устаў, пацягнуўся. Дастаў са свайго складзіка ў дупле, дзе толькі што перазімаваў, мяшэчак пшаніцы.
Ускапаў на сваёй дзялянцы невялічкі лапік, прытаміўся, прысеў адпачыць. Пачаў разважаць: «Навошта мне тая пшаніца, калі навокал столькі зараз усяго павырастае, пайшоў ды наперазаўся ўволю. І рабіць нічога не трэба».
Пачула Сонейка ўтрыманскія развагі Янота пра ласкавы хлеб руплівых суседзяў і як прыпячэ яго густое карычнева-шэрае футра, што рыдлёўка ўміг, нібы механічная, захадзіла-разгулялася ў далікатных лапах. Янот і сам таго не чакаў, калі яго ашуканскія мары раптам ператварыліся ў стваральныя. Засеяў поле. Хуценька забаранаваў грабельцамі ды ў цянёк падаўся. Побач шчыраваў на сваім палетку Барсук.
Падышоў Барсук да суседа і кажа:
– Янот-суседзе, вось ты вядзеш прыцемкавы лад жыцця, карацей, выходзіш на паляванне тады, калі многія з насельнікаў лесу кладуцца спаць. Вось я і думаю, хто б гэта мог мой агарод як летась пад чыстую абабраць, га? Што за злосны шкоднік аб’явіўся? Мала таго, дык яшчэ і гнёзды кнігавак пазнішчаць, калі бацькі-птушкі чакалі дзетак…
– Я адкуль ведаю! – агрызнуўся Янот.
– Э-э, дружа, акурат ты адзін і ведаеш! – кажа Барсук. – Ашуканцам зараз нялёгка прыходзіцца: усе пра ўсіх ведаюць. У мяне таксама па гэтай справе сведка маецца, нават не адзін. Хаця мая другая дзялянка, пра якую я кажу, знаходзіцца за паўтара кіламетра ад твайго дупла. Але і гэтая адлегласць не перашкаджала табе цягаць чужое.
– Добра-добра, супакойся, не крычы на ўвесь свет! Проста выпадкова натрапіў на яе пры абыходзе па сваім звычайным начным маршруце. Я ўсё расказаў табе. Толькі не крычы болей! Кажы, што табе трэба?
– Не чакай з неба дараванага хлеба. Лепей устань і мне дапамажы. Бачыш, колькі я пасеяў, ажно цяжкавата аднаму. Не за так, канешне. Будзе ў цябе зімою і бручка, і морква, і багата яшчэ што.
Барсук казаў гэтак спакойна, бо ведаў непрадказальны нораў суседа, які можа ператварацца як у злоснага шкодніка мясцовай фаўны, так і ў забіяку.
Сорамна сталя Яноту. Нядоўга ён думаў, меркаваў, але не мела сэнсу адказвацца.
– Лады. Устаў і пачаў рабіць тое, што загадваў сусед. Удвух яны хутка засеялі ўсю дзялянку моркваю ды бручкаю. Забаранавалі палетак. Крыху перадыхнулі на ўзлеску, дзе паветра звінела птушыным гоманам, крыкамі, шлюбнымі клопатамі аб сваім доме, дзе можна і яйкі адкласці, і дзетак выгадаваць.
Раптам, адкуль толькі ўзяўся, вясенні дожджык зашаптаў. І паліліся кроплі па старым, яшчэ не апалым лісці, што вісела акурат над галавою Янота. Дожджык быў тым чаканым свежасці прылівам, калі ўвачавідкі пачалі лопацца пупышкі на дрэвах. І ён усміхнуўся. Гэты шчыры смех яго адазваўся на засеяным палетку: усё раптам зазелянела густым і сакавіта-зялёным дываном.
І Сонейка з’явілася, а недзе далёка-далёка і гром у бубны гулкія ўдарыў. І зноўку заструменілі, нібы струны на смяглую зямельку кроплі.
І сейбіты радаваліся і цёпламу сонейку, і жыццядайнаму дожджыку.
Янот тым часам паказаў Барсуку свой спрыт, прытка ўскарабкаўшыся па камлі на высокую і гонкую сасну і, зачапіўшыся за сук сваімі доўгімі і вострымі кіпцюрамі, пачаў вырабляць такія гімнастычныя піруэты, што ніхто б са звяроў не паверыў, што ён на такое здатны, каб не было суседа Барсука.
– Во даеш, брат! Бачна, што выгуляўся ты! А давай злазь хутчэй. У мяне з’явілася новая прапанова, табе спадабаецца.
Янот паглядзеў долу, але вышыня яго не здзівіла, наадварот абудзіла павагу не толькі да суседзяў, але і да ўсяго акаляючага яго, вунь хаця б тых пралесак, што зараз пад сасною. Абудзіла ў ім імкненне быць згаворлівым і памяркоўным суседам. І ён таксама імгненна як і ўзлез спусціўся з дрэва, нават, што выклікала здзіўленне Барсука, уніз галавою, і нават не пакамечыўшы першыя вясновыя кветкі.
– Няўжо і страху не адчуваеш, га?
– Калі малым быў, адчуваў. Цяпер не, проста наперад пралічваю свае дзеянні. – Кажы пра сваю новую прапанову.
– Вось пра што я падумаў: паколькі ты, суседзе, усеядны: любіш не толькі арэхі ды жалуды, ягады ды гародніну, але і рыбу, жабак ды ракаў, нават гадаў, даваў пачысцім вунь той зарослы ставок. Глядзіш і новыя насельнікі з’явяцца, і воку будзе прыемна паглядзець. – Ну што маўчыш, згода?
– А давай!
Яны дружна ўзяліся за працу. Пасцягвалі сухія галінкі паваленых дрэў, сухое трысцё ды аер таксама вывалаклі і паклалі ў ражок стаўка. Праз колькі дзён з тае прасохлай кучы пара прыгожых і грацыёзных белых лебедзяў, што з’явілася на стаўку, зрабіла мяккае гняздо і маці-лябёдка села яйкі адкладваць.
Радаваліся сваёй добрай справе Барсук з Янотам.
Раптам, нібы ва ўнісон іх светлым і радасным думкам зазвінеў у блакіце жаўрук. Ён толькі-толькі быў тут, недзе ў кратовай норцы, што ўратоўвае яго, самага першага, хто будзіць наваколле ад зімовай спячкі. І вось ён у небе, як распяты вісіць над папарамі, перадае сваю песню вясне. І трымціць гузічкам майскую песню. І радуецца наваколле. І ўсміхаецца чалавек. І рупіцца птушка вывесці дзетак. І мкнецца колас.
Усё цягнецца да неба. Да Жыцця.
Таксама чытайце іншыя казкі Аркадзя Жураўлева:
Як зайка Шустрык вясну сустракаў?
Падарожжа братоў Коніка і Цвыркуна на возера Нарач
Толькі рупліваму шчасціць (казка) + аўдыё