Адным з кардынальных сродкаў ад прастуды ў Беларусі заўжды ўважалі лазню. Пры з'яўленні першых прыкмет хваробы беларусы бралі бярозавыя венікі і адпраўляліся парыцца. Чым гарачэй была напаленая ў лазні печ, тым хутчэй выходзіла з цела хворасць і даўжэй не вярталася. Апроч таго, калі чалавек папарылі, яго потым паілі адварамі ліпавага цвету, маліны, рамонку, кармілі рэпай і часныком.

Як “прадаць” кашаль?
Асабліва шмат рэцэптаў існавала ад кашлю. У першую чаргу рабілі розныя адвары — з калінавых ягад з пчаліным мёдам, насення морквы, суніцаў, маліны, сушаных яблыкаў. Ужывалі і кветкі ліпы з гарэлкай, і гарачае малако са стручковым перцам. Лекавай лічылі нават ваду, пралітую праз правую панчоху першанароджанага хлопчыка.
Да грудзей прыкладалі сінюю цукровую паперу, змазаную авечым ці гусіным тлушчам. Паводле іншай парады, паперу ў некалькіх месцах праколвалі іголкай і намазвалі свіным ці іншым тлушчам. Потым паперу прывязвалі бінтамі да грудзей. Ногі хворага мазалі шчупачыным тлушчам з тоўчаным часныком, а цела націралі макавым алеем.
Каб пазбыцца кашлю, у дзвюх шклянках з вадой разводзілі шчопаць іржаной мукі, і калі яна асядала, пілі яе раніцай і ўвечары. Папулярным быў гарачы ліманад. Для яго выціскалі сок з лімона, залівалі кіпенем і дадавалі цукар. Такі ліманад раілі ўжываць двойчы на дзень — раніцай і перад сном. Калі кашаль не праходзіў, штодзённа націраліся свіным салам ці якім-небудзь вадкім тлушчам, дадаючы да гэтага крыху хваёвага алею.
Існавалі і некаторыя магічныя сродкі пазбаўлення ад кашаля. Дзеля гэтага трэба было пры сустрэчы некім, крыкнуць так, каб той перапалохаўся і забраў кашаль у хворага. Лічылі, што кашаль можна было “прадаць”. Спаткаўшы гандляра, варта было сказаць: “Прадаю”, а калі той спытае: “Што?” — адказаць: “Кашаль”. Нашыя продкі былі ўпэўненыя — у такім выпадку кашаль да гандляра і прычэпіцца.
З кашлем звязаны цікавы звычай, які ў ХІХ стагоддзі існаваў у наваколлі Бягомля Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці. У той мясцовасці кашаль выконваў ролю магічнага сродку ад хвароб авечак. Дзеля гэтага кашаль вельмі актыўна імітаваўся жанчынамі ў царкве падчас чытання евангелля і казанняў святара.
Каціны хвост — ад насмарку…
Катар, як вельмі галава баліць ды цячэ з носа, нашы продкі лячылі наступным чынам. Адразалі ў ката пасмачку поўсці на канцы хваста, запальвалі яе і нюхалі той дым. Тлумачылі такі метад перакананнем, што катар прычапіўся, бо кот спаў на пасцелі ў хворага, еў і піў з той самай пасудзіны, што і чалавек. Былі ўпэўнены, што “чмыхаўка” ад катару хутка праходзіць, калі пакалупаць у носе кончыкам хваста чорнага ката. Таксама ад катару стрыглі ў сабакі поўсць, падпальвалі яе і давалі нюхаць хвораму. Каб не было катару, то раілі вясною, як прыгрэе сонца, ды мурашкі пачнуць варушыцца, укінуць у мурашнік хустку, а як там паляжыць нейкі час, выкалаціць яе ды нюхаць.
Ад катару ў немаўляці маці павінна была капаць у нос яму ўласным малаком з грудзей, а таксама націраць яму грудзі печанай цыбуляй. Гэтак жа ад насмарку дыхалі віннымі парамі, уцягвалі ў нос салёную ваду. Каб вылечыць катар, прыйшоўшы ў лазню, трэба было ў нос набраць вады ды на гарачую печку высмаркаць — і гэтак паўтарыць тройчы. Пазбегнуць насмарку, паводле старадаўніх лячэбнікаў, можна было, калі нюхаць саламяную прапацелую вусцілку з ботаў. А народныя лекары раілі: “штоб катара не прыстала, трэба, разуваючыся, часта нюхаць той пот, што між пальцамі на нагах”.
…і заечая скурка ад горла
Прастуду часта суправаджалі болі ў горле. Паводле архіўных дадзеных, нават здараліся эпідэміі, як, напрыклад, катаральная гарачка ў Пінску ў 1859 годзе і эпідэмія пухлінаў горла на Віцебшчыне ў 1852 годзе.
Каб суцішыць боль у горле, у роце трымалі ягады ці жэле з чорнай парэчкі і павольна глыталі. Намыльвалі ваўняную панчоху і намотвалі яе як шалік на ноч. Таксама ў панчохі клалі па чайнай лыжцы нашатырнай солі і негашонай вапны. Рабілі настоянку з мухамораў. Пры гэтым грыбы ў слоіку залівалі вадой і пакідалі на 9 дзён. Зверху ўтвараўся алей. Яго злівалі і церлі ім ногі. Ад болі ў горле ўнутр прымалі мёд з соллю. Ад ахрыпласці выкарыстоўвалі цёрты хрэн з ліпавым мёдам. Лічылі, што ад болі горла добра паласкаць яго чацвярговаю соллю, распушчанай у свянцонай вадзе. Таксама панчоху, найлепей шлюбную, напоўненую гарачым попелам, раілі прыкладаць да шыі.
Ад хваробаў горла нашыя продкі лічылі вельмі карысным лізаць толькі што вынуты з гаршка са страваю апалонак і ў той самы час глядзець на гаршчок, адкуль яго дасталі, а аблізаўшы, трэба было пацерці ім хворае горла, пакуль ён яшчэ цёплы.
Як ні дзіўна, але ад хворага горла раілі піць ваду, у якой варылася дробна стоўчанае шкло. Прычым, гэтае шкло павінна было быць ад бутэлек, напрыклад, але не ваконнае.
Пры лячэнні прастуды нашы продкі даволі часта выкарыстоўвалі жывёлаў. Так, былі ўпэўнены, што вельмі добра дапамагае “лінянне вужовае”, ці скурка з вылінялага вужа, якое прыкладалі разам з прыпаркаю да хворага горла. Гэтак жа, каб зняць боль у горле, трэба было дастаць скурку зайца, якога задрала сава, і тою скуркаю абвязаць горла і ў дадатак да гэтага даваць піць сыту, звараную з мёду і павуціння. Пры болях у горле таксама раілі піць 27 разоў (тры разы па дзевяць) ваду, пералітую праз воўчае горла. А часам з бяросты выразалі фігурку накшталт жабы. Ускладалі яе на хворае месца і завязвалі хусткай. Бяроста заставалася на шыі да выздараўлення.
Ліхаманка — дух небяспечнай хваробы Як спраўляліся з ёй даўней беларусы?

