Паводле прагнозаў, да 2030 года смяротнасць ад сардэчна-сасудзістых захворванняў перавысіць 23 мільёны чалавек за год. Ці цярпелі старажытныя людзі ад падобных хвароб? Звернемся да гісторыі.
Без мазгоў, але — з сэрцам!
Старажытныя егіпцяне былі ўпэўненыя, што сэрцам чалавек прымае рашэнні, а мозг яму для гэтага непатрэбны. Таму ў мумій пакідалі сэрца, а ўсе астатнія органы выдалялі. Паводле паданняў старажытных егіпцян, без мазгоў або печані ў замагільным свеце пражыць можна, а вось без сэрца — не. Да слова, у іх ладзе жыцця было шмат рацыянальнага: рана ўставалі, займаліся гімнастыкай, абціраліся прахалоднай вадой. У пашане былі заняткі спортам. Тытуню егіпцяне не ведалі. Аднак навуковыя даследаванні апошніх гадоў выявілі прыкметы атэрасклерозу ў муміях практычна ўсіх дынастычных эпох Старажытнага Егіпта, што сведчыць пра распаўсюджанасць атэрасклератычных сардэчна-сасудзістых захворванняў.
У старажытнаегіпецкім папірусе Эберса апісаны і прыродныя сродкі для лячэння хвароб сэрца і сасудаў, напрыклад, гэта былі мёд, фінікі, клешчавіна. А пры болю ў сэрцы знахары прапісвалі людзям опіумны мак і корань мандрагоры, які змяшчае наркатычныя рэчывы.

У Старажытным Кітаі лекары лячылі хваробы сэрца расліннымі сродкамі на аснове мускусу, камфары, зялёнай гарбаты, жэньшэню, лімонніка, шафрану і гібіскусу. А ў старажытнаіндыйскай медыцыне для гэтага выкарыстоўвалі чорны перац і імбір, а таксама медытацыю — паколькі лічылі, што для здароўя сардэчна-сасудзістай сістэмы трэба пазбягаць “душэўных разладаў”.
Знахары афрыканскага народа баконга пры скаргах на паскоранае ці няроўнае сэрцабіццё гатавалі зёлкі з лісця і насення трапічных раслін з дадаваннем яечнага бялку і вады. У Нігерыі здаўна ўжывалі настоянку з каранёў расліны раўвольфія, якая ўтрымлівае алкалоіды, што ў выніку зніжае крывяны ціск і валодае снатворным уздзеяннем. Гэтую расліну па сёння вырошчваюць у Індыі і выкарыстоўваюць у аюрведычнай медыцыне.
Дарэчы, некаторыя з рэцэптаў мінулага ляглі ў аснову сучасных лекаў. Напрыклад, з кары вярбы ў канцы 19 стагоддзя была атрымана ацэтылсаліцылавая кіслата, то бок аспірын, што ўжываецца ў тым ліку і для прафілактыкі тромбаў.
Разам з расліннымі лекамі выкарыстоўвалі таксама іглаўкалванне і кровапусканне. І такія сродкі былі папулярныя не толькі ў Старажытным Кітаі ды Індыі.
Старажытнагрэчаскі лекар Гіпакрат і старажытнарымскі лекар Гален рэкамендавалі пацыентам з хворым сэрцам кровапусканне, каб пазбавіцца ад “дрэннай” крыві, якая выклікае хваробу. І гэта дапамагала, праўда, часова, дзякуючы таму, што памяншаўся аб’ём крыві і, як вынік, змяншаўся ціск. Таму кровапусканне выкарыстоўвалі для лячэння гіпертаніі ажно да 19 стагоддзя.
Сродкі ад “грудной жабы”
У часы Сярэднявечча на нашых землях інфаркт і інсульт дыягнаставалі па знешніх прыкметах або пасля апытвання хворага. Што ж да інфаркту, то лекары звярталі ўвагу толькі на моцны боль у грудзях і дыхавіцу, а таксама скаргі ад хворых, калі тыя казалі, што “сэрца схапіла” ці “дух заняло”. Інфаркт міякарда як асобнае захворванне не вылучалі, часта блыталі са стэнакардыяй, або “грудной жабай”. Лячылі яго, як правіла, цеплынёй — прыкладвалі да грудзей гарачыя камяні, загорнутыя ў тканіну, ці грэлку з цёплай вадой, каб “разагнаць кроў”, а таксама карысталіся настоямі. Пілі “сардэчныя” адвары з глогу, сардэчніку або шыпшынніку.
Часам дадавалі ў іх мёд або спірт для “ўмацавання”. Для зняцця болю ўжывалі лёгкае расціранне грудзей з выкарыстаннем жывёльных тлушчаў, напрыклад, барсучынага ці гусінага.
Фрагмент карціны Яна Віктарса "Візіт лекара"
Інсульт выяўляўся раптоўнай слабасцю, паралюшам аднаго боку цела, стратай гаворкі ці свядомасці. Людзі маглі заўважаць “крывую ўсмешку” ці няздольнасць рухаць рукой або нагой. Лічылі, што гэта вынік “перапаўнення цела крывёй” ці ўздзеянне “нячыстай сілы”. Лячылі такія сімптомы, вядома ж, самым папулярным метадам тых часоў — кровапусканнем. З дапамогай п'явак або надрэзаў на венах, часта на шыі ці запясцях, “выпускалі лішнюю кроў”, каб зняць ціск. Ранкі прысыпалі парашком з засушаных жаб ці чарапах.
Апроч таго, для дапамогі хвораму выкарыстоўвалі настоі з рамонку, мяты, святаянніку або валяр’яны для заспакаення і “ачышчэння крыві”. Напрыклад, адвар з крапівы лічыўся карысным, каб “распусціць загуслую кроў”.
Кровапусканнe
Папулярнымі лекавымі сродкамі былі настоянкі агурковых кветак, радыёлы ружовай, півоні, адвары з траў сардэчніку, палыну, пастуховай торбачкі, кветак вішні, сок рэдзькі з мёдам, перцам і гваздзіком. Прычым, перцу і гваздзіку лячэбнікі раілі браць менавіта па 17 зерняў. Таксама лічылі, што спаржавая фасоля падтрымлівае работу сэрца.
Лекары часта выкарыстоўвалі і такія зёлкі, як беладонна і напярсцянка, хаця іх дазіроўка была не заўсёды зразумелай, а пры няправільным выкарыстанні яны маглі стаць і прычынай смерці пацыента.
Толькі ў 18 стагоддзі, з развіццём медыцыны, пры лячэнні інфаркту і інсульту з'явіліся першыя навуковыя падыходы. У такіх буйных гарадах, як Гродна ці Мінск можна было набыць настойку опію — для зняцця болю пры інфаркце, а пры інсульце — п’яўкі для “разжыжэння крыві”. Для пашырэння сасудаў лекар мог прапісаць малыя дозы гарэлкі ці віна. Шляхце раілі пазбягаць тлустай ежы, але такой парады прытрымліваліся зрэдчас.
Паняцце “інфаркт міякарду” ў дактароў з’явілася толькі ў канцы 19 стагоддзя. З 1870-х гадоў пачалі ўжываць нітрагліцэрын для зняцця болю. Урачы раілі строгі пасцельны рэжым, што сапраўды дапамагала знізіць нагрузку на сэрца. Аднак без дакладнай дыягностыкі і хірургіі смяротнасць заставалася высокай.
У савецкі перыяд пры інфаркце сталі ўжываць кіслародныя маскі, а пазней антыкаагулянты. Пры інсульце спрабавалі знізіць ціск і палепшыць кровазварот, хоць спецыфічных метадаў не было яшчэ да канца 20 стагоддзя.
Такім чынам, гісторыя лячэння хвароб сэрца адлюстроўвае паступовае назапашванне ведаў і змену падыходаў да разумення функцыянавання сардэчна-сасудзістай сістэмы цягам стагоддзяў.
Анатамічная ілюстрацыя XIII стагоддзя

