Сёння рак можна лячыць не толькі з дапамогай «хіміі» і прамянёвай тэрапіі. Прадухіліць метастазы і рэцыдыў хваробы могуць вакцыны з дэндрытных клетак, вырашчаных з крыві пацыента. У свеце гэты накірунак актыўна развіваецца. У нашай краіне першыя клінічныя выпрабаванні метаду пачаліся ў 2008 годзе і паказалі вельмі добрыя вынікі. Да прыкладу, у пацыентаў з ракам малочнай залозы трохгадовая выжывальнасць без рэцыдыву склала 98% супраць 79% пры стандартным лячэнні, а па раку падстраўнікавай залозы – розніца ў 2,5 раза.
Што гэта за метад лячэння, ці ўсім падыдзе і чаму, нягледзячы на даказаную эфектыўнасць, ён пакуль не ўключаны ў пратаколы лячэння, журналісту Слушна распавялі ў Інстытуце біяфізікі і клетачнай інжынерыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Пакуль гэта адзіная ўстанова ў краіне, дзе праводзіцца лячэнне дэндрытнымі клеткамі па інструкцыях, зацверджаных Міністэрствам аховы здароўя.
Што такое дэндрытныя клеткі?
Якая эфектыўнасць метаду?
Клінічныя выпрабаванні па лячэнні дэндрытнымі клеткамі праводзіліся ў пацыентаў з ракам падстраўнікавай залозы пераважна 2-3 стадыі і ракам малочнай залозы 1-2 стадый з радыкальнай рэзекцыяй. Вынікі эксперыментальнага лячэння паказалі, што ўжыванне дэндрытных клетак адназначна павялічвае перыяд без рэцыдыву і папярэджвае метастазы.
Ці ўсім падыходзіць метад?
Вучоныя адзначаюць, што эфектыўнасць прымянення дэндрытных клетак у большай ступені залежыць не ад стадыі захворвання, а ад стану імунітэту чалавека.
Ці заменяць дэндрытныя клеткі аперацыю і хіміятэрапію?
Супрацьрэцыдыўная імунатэрапія – гэта дадатковы метад, які не выключае і не замяняе стандартнага лячэння раку, кажуць вучоныя. Яе лепш ужыць пасля асноўнага курсу лячэння.
Як праходзіць лячэнне?
Зараз у аддзяленні рэгенератыўнай медыцыны і клетачнай тэрапіі Інстытута дэндрытныя клеткі выкарыстоўваюць для лячэння раку лёгкіх, страўніка, падстраўнікавай залозы і малочнай залозы. Пацыентаў кансультуе загадчык кафедры анкалогіі БДМУ, прафесар Аляксандр Прохараў. Калі клеткавая тэрапія паказаная, для пацыента складаецца індывідуальны графік лячэння.
Курс складаецца з 5 вакцынацый. Для гэтага ў пацыента 5 разоў з вызначаным прамежкам з вены бярэцца 50-100 мл крыві, і на яе аснове за тыдзень вырабляюцца дэндрытныя клеткі, якія затым трансплантуюць пацыенту падскурна. Такім чынам, увесь курс займае каля паўтара-двух месяцаў і запатрабуе 10 наведванняў клінікі.
Колькі гэта каштуе?
Адзін курс з 5 вакцын каштуе каля 6 тысяч рублёў. Першыя пацыенты пачалі лячэнне з мая гэтага года, і на дадзены момант імунатэрапію праходзяць 14 чалавек. У цэлым, аддзяленне рэгенератыўнай медыцыны і клетачнай тэрапіі Інстытута можа прымаць каля 200 пацыентаў у год.
Чаму метад не ўключаны ў пратаколы лячэння раку?
Вучоныя Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі спадзяюцца, што хутка вакцыны з дэндрытнымі клеткамі ўвойдуць у пратаколы лячэння і зробяцца даступнымі для большай колькасці пацыентаў. Але для гэтага неабходна ствараць сур'ёзную інфраструктуру: адчыняць па ўсёй краіне лабараторыі па вытворчасці дэндрытных клетак, масава рыхтаваць спецыялістаў па клеткавых тэхналогіях.
Пра іншыя віды лячэння клеткавымі тэхналогіямі чытайце тут.
Фота ў Інстытуце – Алеся Лазарава.