Адна з самых распаўсюджаных хваробаў дыхальнай сістэмы – ХАХЛ (хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх). Захворванне распаўсюджанае – на яго хварэе каля 5% жыхароў Зямлі – і недастаткова выяўляльнае. Паводле ацэнкі спецыялістаў, колькасць недыягнаставаных хворых на ХАХЛ можа перавышаць лічбы афіцыйнай статыстыкі ў некалькі разоў.
На бранхіяльную астму, паводле ацэнак СААЗ, хварэе 235 мільярдаў чалавек (каля 3% насельніцтва Зямлі).
Пацыенты з гэтымі захворваннямі з'яўляюцца групай рызыкі пры інфіцыраванні COVID-19. Вопыт кітайскіх урачоў паказаў, што смяротнасць у такіх пацыентаў складае 6,3%.
Як людзям з ХАХЛ і астмай абараніць сябе і звесці да мінімуму рызыкі заражэння каранавірусам? Падрабязныя рэкамендацыі падрыхтавалі беларускія спецыялісты ў галіне пульманалогіі і алергалогіі:
- Алена Давідоўская, загадчыца аддзела пульманалогіі і хірургічных метадаў лячэння хваробаў органаў дыхання РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі, кандыдат мед.навук, дацэнт, галоўны пазаштатны пульманолаг Міністэрства аховы здароўя;
- Людміла Богуш, вядучы навуковы спецыяліст аддзела пульманалогіі і хірургічных метадаў лячэння хваробаў органаў дыхання РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі,кандыдат мед.навук, дацэнт;
- Таццяна Бараноўская, дацэнт кафедры геранталогіі і герыятрыі з курсам алергалогіі і прафпаталогіі БелМАПА, галоўны пазаштатны алерголаг Міністэрства аховы здароўя, кандыдат мед.навук.
Рэкамендацыі для пацыентаў з хранічнымі неспецыфічнымі захворваннямі органаў дыхання па прафілактыцы заражэння і цяжкага цячэння CОVID-19
1. Не выкарыстоўвайце антыбіётыкі для прафілактыкі і лячэння віруснай інфекцыі.
2. Выконвайце рэкамендацыі ўрача па лячэнні асноўнага захворвання.
3. Не карыстайцеся чужымі сродкамі для індывідуальнай дыягностыкі (пікфлоўметры) і лячэння (інгалятары) вашага захворвання.
4. Пры правядзенні інгаляцый у хатніх умовах карыстайцеся індывідуальнай маскай з набору для інгаляцый.
5. Рэгулярна апрацоўвайце паверхні прыладаў, якія кантактуюць са слізістай абалонкай рота, асабліва пасля іх выкарыстання на вуліцы.
6. Не распыляйце змесціва інгалятара ў месцах збору людзей.
7. Для паляпшэння эфекту інгаляцыйнай тэрапіі выкарыстоўвайце спэйсер.
8. Вядзіце здаровы лад жыцця, штодня займайцеся фізічнай актыўнасцю.
9. Адмоўцеся ад курэння.
10. Пазбягайце знаходжання ў адным памяшканні з людзьмі, якія паляць.
11. У перыяд эпідэміі пазбягайце месцаў збору людзей.
12. Вяртаючыся дадому, арашайце слізістую абалонку поласці носа ізатанічным растворам хларыду натрыю.
13. Не займайцеся самалячэннем, не спрабуйце палегчыць сімптомы ў хатніх умовах: ускладненні ў выглядзе віруснай пнеўманіі не паддаюцца лячэнню антыбіётыкамі і патрабуюць пастаяннага назірання ўрача.
14. Абмяжуйце да мінімуму кантакт з хворымі і блізкімі, асабліва дзецьмі, сталымі людзьмі і асобамі, якія пакутуюць ад хранічных захворванняў.
15. Лячэнне абвастрэння хранічнага захворвання праводзьце пад кантролем урача, які толькі пасля агляду прызначыць схему лячэння і дасць іншыя рэкамендацыі.
16. Праводзьце вакцынацыю супраць пнеўмакокавай пнеўманіі і штогадовую вакцынапрафілактыку грыпу.
17. Рэгулярна праветрывайце і ўвільгатняйце паветра ў памяшканні, у якім знаходзіцеся.