Ці можа псіхаэмацыянальнае ўзрушэнне прывесці да ранняй менапаўзы, бясплоддзя, страты палавой цягі? І што рабіць, каб гэтага пазбегнуць?
Абмеркавалі тэму з асістэнтам кафедры акушэрства і гінекалогіі БДМУ Святланай Жукоўскай.
Cтрэс і жаночае здароўе
Ці можа моцны стрэс выклікаць гінекалагічныя праблемы?
– Безумоўна. У аснове жаночага здароўя ляжыць пэўны рытм выпрацоўкі гармонаў, які забяспечвае нармальны менструальны цыкл і здольнасць да зачацця (фертыльнасць), прадухіляе развіццё некаторых гінекалагічных захворванняў.
Рэгуляцыя менструальнага цыкла – шматступенны «каскад», які пачынаецца ў кары галаўнога мозгу і структурах лімбічнай сістэмы (гіпакамп, міндалепадобнае цела). Асноўную ролю ў гэтым працэсе адыгрываюць нейрапептыды (дафамін, норадрэналін, сератанін, кіс-пептын) і гармон мелатанін. Стрэсавыя сітуацыі напрамую ўплываюць на працэсы сінтэзу і спажывання гэтых рэчываў, у выніку чаго парушаецца самае важнае звяно рэгуляцыі менструальнага цыкла.
Менавіта лімбічная сістэма адказвае за нашыя эмоцыі – у першую чаргу, за рэакцыі страху і гневу, з якімі даводзіцца сутыкацца ў сітуацыях пагрозы здароўю і жыццю.
да зместуГінекалагічныя праблемы
Аменарэя, матачны крывацёк, кандыдоз
Якія менавіта гінекалагічныя праблемы могуць быць выкліканыя перажываннем вострага стрэсу і праз які перыяд гэта выявіцца?
– Першым «трывожным званком» звычайна становяцца парушэнні менструальнага цыкла, якія могуць назірацца адразу ж пасля перанесенага стрэсу:
- падаўжэнне цыкла: затрымка менструацыі на 10 і больш дзён;
- скарачэнне цыкла: пачатак менструацыі на 10 і больш дзён раней, чым звычайна (нармальная працягласць менструальнага цыкла – 24-38 дзён; міжцыклавыя адрозненні працягласці цыкла ў норме могуць быць да 10 дзён);
- поўнае спыненне менструацый: функцыянальная гіпаталамічная аменарэя (раней гэтую праблему называлі «аменарэя ваеннага часу»);
- вялікі матачны крывацёк (не толькі падчас месячных): парушэнне гарманальнай рэгуляцыі менструальнага цыкла можа прыводзіць да анавуляцыі (калі яйцаклетка не «выходзіць» з фалікула ў яечніку), эндаметрый (унутраная слізістая абалонка маткі) у такой сітуацыі залішне разрастаецца, што і прыводзіць да вялікага крывацёку. Гэта сур'ёзная праблема, якую ні ў якім разе нельга ігнараваць: часам крывацёкі могуць быць настолькі масіўнымі, што патрабуецца хірургічнае ўмяшанне і пераліванне крыві.
Другая частая паталогія – парушэнне біяцэнозу похвы. Кандыдозны кальпіт – запаленне слізістай абалонкі похвы, якое выклікаецца мікраскапічнымі дрожджападобнымі грыбамі роду Candida.
Навуковыя артыкулы ў часопісе Амерыканскага таварыства мікрабіялогіі «Clinical and Vaccine Immunology» пацвярджаюць, што псіхалагічны стрэс, асабліва хранічны, прыгнятае імунную абарону арганізма і спрыяе залішняму размнажэнню грыбоў Candida.
Востры стрэс, асабліва з парушэннем сну і змяненнем рэжыму харчавання, можа справакаваць праявы кандыдозу.
да зместуМіёма, менапаўза, зніжэнне лібіда
Ці можа моцны стрэс спрыяць больш хуткаму росту ўжо існуючай міёмы?
– Міёма маткі – гэта дабраякасная пухліна, якая складаецца з гладкамышачнай тканкі, што нярэдка робіцца прычынай выдалення органа. Кітайскімі вучонымі ў 2017 годзе былі апублікаваныя вынікі эксперыментальнага даследавання, якія даказалі, што стрэс сапраўды можа паскорыць рост клетак міёмы маткі і прывесці да хуткага павелічэння памераў пухліны. Па дадзеных часопіса "Stress Health" (2019 г.) хранічны псіхалагічны стрэс павышае рызыку развіцця міёмы маткі на 24%.
Ці магчымае зніжэнне палавой цягі?
– Так. І менавіта зніжэнне лібіда часта робіцца адным з першых «званочкаў» негатыўнага ўплыву стрэсу на псіхічнае і фізічнае здароўе.
Стрэс можа парушаць многія аспекты сэксуальнага жыцця: палавую цягу, здольнасць да ўзбуджэння, атрыманне аргазму.
Любыя інтэнсіўныя перажыванні (страх, моцная трывога, гнеў) робяцца дамінантнымі. Калі мы не адчуваем сябе ў бяспецы, інстынкт размнажэння адыходзіць на другі план, бо абсалютна нармальная паводніцкая адаптацыя да стрэсу – актывацыя «абароны»: трэба шукаць бяспечнае месца альбо змагацца.
Выкліканыя стрэсам праблемы: начныя кашмары, дакучлівыя ўспаміны, што траўмуюць, бяссонніца – пагаршаюць сітуацыю, прыводзячы да эмацыянальнага знясілення.
Парушэнні менструальнага цыкла напрамую ўплываюць на лібіда і здольнасць да атрымання аргазму, бо гэтыя працэсы шмат у чым кантралююцца палавымі гармонамі.
Ці можа псіхаэмацыянальнае ўзрушэнне прывесці да ранняй менапаўзы? І ці зварачальна гэта?
– На жаль, такая сітуацыя магчымая. У "International Journal of Clinical and Experimental Medicine" было апублікаванае буйное эксперыментальнае даследаванне, якое даказвае, што выкліканыя стрэсам змены нейраэндакрынных і імунных рэакцый прыводзяць да парушэння складаных механізмаў рэгуляцыі восі «гіпаталамус-гіпофіз-яечнікі», што прыводзіць да заўчаснай недастатковасці яечнікаў – менапаўзы.
Важна памятаць: менструацыі могуць спыняцца пасля стрэсавых перажыванняў у выніку функцыянальнай гіпаталамічнай аменарэі: у гэтым выпадку часцей за ўсё з аварыяльным рэзервам усё ў парадку, а менструальную і рэпрадуктыўную функцыі можна аднавіць, калі своечасова звярнуцца да гінеколага. Чым даўжэй не вырашаць праблему, тым меней шанцаў аднавіць рэпрадуктыўнае здароўе.
Як уплывае стрэс на здольнасць зацяжарыць?
– Калі ў выніку стрэсу парушаецца менструальны цыкл, цяжарнасць не зможа наступіць. На шчасце, такія праблемы звычайна паддаюцца лячэнню.
Важна ведаць, што бясплоддзе можа быць цесна звязанае з псіхалагічным станам жанчыны, асабліва калі яна стала ахвярай ці сведкам гвалту. Такія выпадкі патрабуюць асаблівай увагі і работы з псіхолагам альбо псіхатэрапеўтам.
Другасныя парушэнні (рост міёмы маткі, гіперплазія эндаметрыя) і зніжэнне лібіда таксама аказваюць выяўлены негатыўны ўплыў на фертыльнасць.
Паводле навуковых дадзеных, перанесены стрэс падчас цяжарнасці павышае рызыку самаадвольнага аборту («выкідышу») на 42%, рызыку заўчасных родаў – у 2 разы.
да зместуРэкамендацыі гінеколага
Парушэнне | Што рабіць |
Калі менструальны цыкл самастойна аднавіўся пасля адзінкавага выпадку падаўжэння або скарачэння. | Спецыяльнага абследавання не патрабуецца, рэкамендуецца праходзіць агляд у гінеколага і УГД органаў малога таза штогод. |
Калі менструальны цыкл парушаны і самастойна не аднаўляецца на працягу 2 і больш месяцаў, назіраюцца крывяністыя выдзяленні, якія пэцкаюць. | Звярнуцца да гінеколага для агляду.
УГД органаў малога таза. Гарманальнае абследаванне. |
Калі востры боль у жываце ці вялікія крывяністыя выдзяленні (асабліва са згусткамі), калі даводзіцца змяняць пракладку/тампон кожныя 2 гадзіны і часцей. | Выклікаць «хуткую» і экстранна звярнуцца ў гінекалагічны стацыянар.
Гэта небяспечныя сітуацыі, якія могуць прывесці да цяжкай анеміі. |
Калі ўмераны цягнучы боль унізе жывата. | Планава звярнуцца да гінеколага на агляд.
УГД органаў малога таза (можа быць кіста яечніка на фоне парушэнняў менструальнага цыкла). |
Калі сверб або смыленне ў похве, «тварожыстыя» альбо любыя іншыя выдзяленні з непрыемным пахам. | Звярнуцца да гінеколага на агляд. Здаць мазок на флору.
Аптымальна – комплекснае даследаванне біяцэнозу похвы (напрыклад, «Фемафлор»). |
ПАМЯТКА: Як паменшыць негатыўныя наступствы вострага стрэсу
- Калі ёсць парушэнне сну ці апетыту, дакучлівыя трывожныя думкі, начныя кашмары, павышаны ўзровень трывожнасці, апатыя, няздольнасць засяродзіцца на штодзённых задачах і працы, пагаршэнне агульнага самаадчування – звярнуцца па дапамогу да псіхолага, псіхатэрапеўта.
- Прытрымлівацца пэўнай «руціны» – распарадку дня: спаць па графіку, не меней за 8 гадзін/выконваць рэжым харчавання і не прапускаць прыёмы ежы/гуляць на свежым паветры/займацца ёгай, пілатэсам, плаваннем.
- Не заставацца сам-насам са сваімі перажываннямі.
- Паспрабаваць структураваць інфармацыю: абмежаваць прачытанне навінаў, якія траўмуюць.
- Пазбягаць бескантрольнага прыёму лекавых сродкаў: любыя прэпараты (нават безрэцептурныя) валодаюць вызначаным пералікам пабочных эфектаў. Калі ёсць неабходнасць у заспакаяльных альбо снатворных сродках – лепей звярнуцца да псіхатэрапеўта.
- Калі адчуваеце, што з-за змены харчавання ў выніку стрэсу можаце сутыкнуцца з дэфіцытам вітамінаў і мінералаў, можна прыняць вітамінныя комплексы.
- Прэпараты магнію варта прымаць толькі пры ўстаноўленым яго дэфіцыце.