З надыходам гарачага надвор'я павялічваецца і рызыка заражэння кішэчнымі інфекцыямі. Асабліва, калі не выконваць правілы прафілактыкі.
У большасці выпадкаў развіцця кішэчных інфекцый вінаватыя мы самі: не выконваем правілы захоўвання прадуктаў харчавання, напрыклад, не ставім ежу своечасова ў халадзільнік, не закрываем малочныя прадукты, тым самым ператвараючы іх у пажыўнае асяроддзе для развіцця бактэрый. Садавіна і гародніна часцей проста апалоскваюцца, не кажучы пра тое, каб як след прамыць.
Пра меры прафілактыкі кішэчных інфекцый нагадалі загадчыца аддзела эпідэміялогіі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Ала Дашкевіч і загадчыца аддзялення гігіены харчавання РЦГЭіГЗ Ірына Далакішвілі.
Прафілактыка кішэчных інфекцый
Як адзначыла Ала Дашкевіч, у Беларусі ў апошнія гады эпідэміялагічная сітуацыя па вострых кішэчных інфекцыях застаецца стабільнай. У асноўным, рэгіструюцца адзінкавыя выпадкі, і дамінуючую пазіцыю ў структуры захворвання займаюць вірусныя кішэчныя інфекцыі, што абумоўлена лёгкасцю перадачы і невялікай інфікуючай дозай, неабходнай для заражэння.
Нагадаем, што ўзбуджальнікамі кішэчных інфекцый могуць быць бактэрыі, вірусы і прасцейшыя.
Што рабіць, каб не падхапіць кішэчную інфекцыю?
Мыць рукі. Гэтыя элементарныя дзеянні дазваляюць папярэдзіць развіццё значнай колькасці інфекцыйных захворванняў. Таму мыць рукі неабходна пасля вяртання дадому з вуліцы, перад ежай, пасля наведвання прыбіральні, пасля кантакту з жывёламі. Калі такой магчымасці няма, выкарыстоўваем антысептычныя сродкі, адзначыла Ала Дашкевіч.
Наступнае правіла прафілактыкі кішэчных інфекцый – прадукты варта набываць толькі ў вызначаных для гэтага месцах, выключыўшы несанкцыянаваны і вулічны гандаль, стыхійныя рынкі. Звяртайце ўвагу на тэрмін прыдатнасці тавару.
Больш за 80% выпадкаў кішэчных інфекцый звязаныя з няправільным захоўваннем альбо гатаваннем страў у хатніх умовах.
Ала Дашкевіч:
– Варта звяртаць увагу на тэрміны прыдатнасці, умовы захоўвання харчовых прадуктаў. Значэнне мае і час, які страва знаходзілася без належных умоў захоўвання, перш чым патрапіць на стол. Сырую прадукцыю нельга захоўваць побач з гатовай.
Падчас выкарыстання хатніх нарыхтовак варта звяртаць увагу на наяўнасць пузыркоў у слоіку, спецыфічнага паху або ўздуцця накрыўкі. Гэтыя прыкметы паказваюць, што ўжываць такі прадукт не варта.
Усё, што прыносіцца з крамы дадому, перад тым, як пакласці ў халадзільнік або іншае месца для захоўвання, павінна быць вымытае пад праточнай вадой. Такая мера дазваляе пазбавіцца ад мікраарганізмаў, якія могуць выклікаць кішэчныя інфекцыі. Гэта тычыцца як гародніны і садавіны, так і прадуктаў ва ўпакоўцы, зазначыла Ала Дашкевіч.
Пры выбары гародніны і садавіны перавагу трэба аддаваць свежым і без прыкметаў псавання. А пры гатаванні страў важна выконваць усе правілы тэрмічнай апрацоўкі. Бо адна з прычынаў кішэчных інфекцый – дрэнная тэрмічная апрацоўка прадуктаў харчавання.
Калі вырашылі выбрацца на выхадныя на прыроду, не варта браць з сабой тыя прадукты, у якіх невялікі тэрмін захоўвання. Напрыклад, кандытарскія вырабы, вараную каўбасу, яйкі, адварныя мяса і курыцу, стравы, запраўленыя маянэзам. Асабліва калі няма магчымасці выкарыстоўваць сумку-халадзільнік.
Сімптомы кішэчных захворванняў
Па словах Алы Дашкевіч, клінічныя сімптомы кішэчных захворванняў даволі разнастайныя, і ў кожнага яны могуць працякаць па-рознаму. Тым не менш, першымі прыкметамі захворвання з'яўляюцца:
- ваніты (да 3 разоў у суткі і больш);
- дыярэя (часам да 10-15 разоў за дзень, часта са сліззю);
- павышэнне тэмпературы да 37-38°С;
- млоснасць, слабасць;
- падобны да схватак боль у жываце, у падлыжачнай або каляпупочнай вобласці;
- часам могуць з'яўляцца дрыжыкі, тахікардыя, паніжацца артэрыяльны ціск;
- у цяжкіх выпадках – выяўленая інтаксікацыя і абязводжванне.
Здароўя ўсім!
Даведацца, як адрозніць кішэчную інфекцыю ад атручвання і якія спосабы лячэння існуюць, можна у наступным матэрыяле >>>
https://bel.24health.by/simptomy-prichiny-i-lechenie-diarei/