Site icon Слушна

Як не стаць ахвярай марозу. Парады камбустыёлага

Траўмы

Для таго, каб атрымаць халадовую траўму, дастаткова даволі доўга знаходзіцца на вуліцы нават пры тэмпературы паветра мінус 5 С°. Рызыка адмарожванняў і пераахаладжэння значна павялічваецца пры высокай вільготнасці і моцным ветры.

Пра меры прафілактыкі і першай дапамогі  распавёў загадчык дарослага апёкавага аддзялення Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г. Мінска Дзмітрый Мазалеўскі.

Халадовыя траўмы

Халадовыя траўмы.

Не толькі ў холад...

Паводле слоў спецыяліста, халадовыя траўмы ўмоўна можна падзяліць на два віды: мясцовыя пашкоджанні, альбо адмарожванні, і агульнае пераахаладжэнне.

Дарэчы, атрымаць халадовую траўму можна і ўлетку.

Напрыклад, з-за парушэнняў тэхнікі бяспекі пры запраўцы аўтамабіля звадкаваным газам. Пры кантакце са скурай ён хутка выпараецца і траўмуе скурнае покрыва.

У халодную пару года нізкая тэмпература навакольнага асяроддзя з'яўляецца асноўным фактарам, які прыводзіць да халадовай траўмы. Пры гэтым зусім не абавязкова, каб за акном тэмпература паветра была ніжэйшай за 20 С°.

 
Дзмітрый Мазалеўскі
Загадчык дарослага апёкавага аддзялення Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска
Часам адмарожванні адбываюцца пры досыць мяккіх умовах навакольнага асяроддзя, асабліва калі ёсць пэўны фонавы стан. У прыватнасці, захворванні перыферычных сасудаў, венаў альбо артэрый. Халадовая траўма для чалавека з сасудзістай паталогіяй можа прывесці да цяжкага і глыбокага адмарожвання, якое запатрабуе аператыўнага лячэння, ажно да ампутацыі канечнасцяў.

Як распавёў Дзмітрый Мазалеўскі, да 85% выпадкаў адмарожванняў і пераахаладжэнняў адбываецца з-за алкагольнага ап'янення. Алкаголь спрыяе хутчэйшаму замярзанню чалавека.

 
Дзмітрый Мазалеўскі
Загадчык дарослага апёкавага аддзялення Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска
Алкаголь выклікае пашырэнне сасудаў, да іх прыцякае цёплая кроў знутры арганізма. Чалавек адчувае прыліў цяпла. Але гэтае адчуванне падманлівае. Дзеянне алкаголю прыводзіць да таго, што чалавек хутчэй аддае сваё ўнутранае цяпло ў навакольнае асяроддзе. У выніку значна ўзрастае рызыка атрымаць агульную альбо мясцовую халадовую траўму.

Як пазбегнуць халадовых траўмаў

Эксперт даў некалькі парадаў, як усё ж такі пазбегнуць адмарожванняў і пераахаладжэння:

  • у моцны мароз, калі трэба выйсці на вуліцу, загадзя сплануйце свой маршрут. Пажадана, каб на шляху былі размешчаныя месцы, дзе можна сагрэцца;
  • вопратку варта апранаць у тры слаі і па надвор'і. Пальчаткі лепей змяніць на рукавіцы;
  • калі вы займаецеся спортам на вуліцы ў халодную пару года, паклапаціцеся пра зменную сухую і цёплую вопратку. Вільготная ад поту, яна можа стаць прычынай халадовай траўмы.

Першая дапамога

Пры адмаражэнні пашкоджаная частка цела робіцца халоднай, бледнай, дрэнна адчуваюцца дотыкі і тэмпература. Як сабе дапамагчы?

Першая памылка, якую робяць многія, – спрабуюць хутка сагрэць пашкоджаную канечнасць, напрыклад, пад струменем гарачай вады. Гэтага рабіць катэгарычна нельга. Такія дзеянні могуць стаць прычынай больш глыбокага пашкоджання тканак, што павышае рызыку сур'ёзных аператыўных умяшанняў, ажно да ампутацыі.

Каб гэтага не адбылося, пашкоджаны ўчастак цела неабходна абараніць як ад нізкай, так і высокай тэмпературы навакольнага асяроддзя. Прасцей кажучы, накласці цеплаізалюючую павязку. Гэта можа быць шалік альбо цёплая хустка. На вобласць падпахаў і пахвінную варта пакласці цёплую грэлку. Для таго, каб пацярпелае ад марозу месца хутчэй сагравалася знутры, добра выпіць гарачай гарбаты альбо іншых цёплых напояў, але не алкаголь!

Як доўга трэба сагравацца? Галоўнае правіла: калі максімум праз 1 гадзіну пасля пачатку сагравання ў пашкоджаным месцы не аднавілася адчувальнасць, чакаць далей не варта, а трэба звярнуцца па дапамогу да спецыялістаў.

 
Дзмітрый Мазалеўскі
Загадчык дарослага апёкавага аддзялення Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска
Калі чалавек з такой траўмай трапляе ў рукі спецыялістаў у першыя суткі ад моманту пачатку сагравання, у большасці выпадкаў атрымліваецца выратаваць тканкі.

Падрабязна пра тое, як аказаць першую дапамогу пры пераахаладжэнні і адмарожванні, можна прачытаць тут.

Exit mobile version