Site icon Слушна

Як падтрымаць здароўе вачэй пры цукровым дыябеце

Практычна ўсе звыклыя нам паўсядзённыя справы, праца ці стасункі, сышлі ў анлайн. Вымушанае знаходжанне дома з-за COVID-19 прыводзіць да працяглага сядзення за камп’ютарам, тэлефонам і тэлевізарам. Усё гэта так ці інакш можа спрыяць прагрэсаванню або прывесці да развіцця праблемаў са зрокам. Асабліва схільныя да негатыўных наступстваў людзі, у якіх па тых ці іншых прычынах ужо ёсць пэўныя рызыкі зніжэння вастрыні зроку або захворванне вачэй, напрыклад, у тых, хто хворы на цукровы дыябет.
Цукровы дыябет. Праблемы са зрокам.

Пра тое, як захаваць здароўе вачэй людзям з цукровым дыябетам ва ўмовах жыцця анлайн, у якіх выпадках можна справіцца ўласнымі сіламі, а калі абавязкова трэба звяртацца па медыцынскую дапамогу, журналіст інфармацыйнага партала Здаровыя людзі спыталася ў афтальмолага 1-й кваліфікацыйнай катэгорыі афтальмалагічнага кабінета Мінскага гарадскога эндакрыналагічнага дыспансера Ксеніі Палавінкінай.

Часты «спадарожнік» цукровага дыябету – дыябетычная рэтынапатыя

Самым галоўным ускладненнем цукровага дыябету з’яўляецца дыябетычная рэтынапатыя. Пры гэтым стане пашкоджваюцца пераважна сасуды вочнага дна, што, у сваю чаргу, прыводзіць да пагаршэння зроку і развіцця слепаты. Небяспека захворвання ў тым, што прыём інсуліну, прэпаратаў, якія зніжаюць цукар, і дыета не гарантуюць, што гэтае ўскладненне не пачне прагрэсаваць.

Ксенія Палавінкіна, афтальмолаг 1-й кваліфікацыйнай катэгорыі афтальмалагічнага кабінета Мінскага гарадскога эндакрыналагічнага дыспансера:

– Дыябетычная рэтынапатыя (ДР) – спецыфічнае сасудзістае ўскладненне на вачах, якое здольнае прагрэсаваць шмат гадоў і пры адсутнасці лячэння можа прывесці да слепаты. Важна разумець, што пачатковыя праявы ДР з’яўляюцца ва ўсіх пацыентаў з цукровым дыябетам, могуць цалкам ніяк не ўплываць на вастрыню зроку, працякаць бессімптомна, не турбаваць чалавека. Разам з тым, далейшае развіццё, пагаршэнне стану залежаць ад узроўню глікеміі і могуць вельмі моцна ўплываць на зрок, пагаршаць якасць жыцця.

Спецыяліст дадала, што расслабляцца ні ў якім разе нельга, нават калі дыягнаставаная пачатковая стадыя дыябетычнай рэтынапатыі, якая можа і не ўплываць на зрок. Бываюць сітуацыі, калі зрок цудоўны, а лячэнне сятчаткі з-за дыябетычнай рэтынапатыі ўжо неабходнае – для таго, каб пазбегнуць хуткага прагрэсавання хваробы.

Агляд афтальмолага – мінімум раз на год

Самае галоўнае, упэўненая Ксенія Палавінкіна, што трэба памятаць усім пацыентам, у якіх ёсць цукровы дыябет, – пастаяннае назіранне ў афтальмолага. Як мінімум – адзін раз на год. Калі ёсць неабходнасць наведваць акуліста часцей, доктар абавязкова пра гэта паведаміць.

Ксенія Палавінкіна, афтальмолаг 1-й кваліфікацыйнай катэгорыі афтальмалагічнага кабінета Мінскага гарадскога эндакрыналагічнага дыспансера:

– Увесь гэты дынамічны кантроль неабходны для таго, каб вызначыць стан сятчаткі, яе сасудаў, зразумець, ці ёсць неабходнасць у спецыяльным лячэнні – лазернай каагуляцыі, ці не.

Акрамя гэтага, неабходна кантраляваць узровень глюкозы ў крыві, бо ён уплывае на стан органаў зроку. Варта імкнуцца трымаць гэты паказчык у межах нормы. Кантролю патрабуе і артэрыяльны ціск, яго павышэнне можа прывесці да разрыву сценкі сасудаў вочнага дна.

Шкодныя звычкі, такія, як злоўжыванне алкаголем або курэнне, могуць выклікаць спазм сасудаў. Таму ў вашых жа інтарэсах адмовіцца ад іх раз і назаўсёды.

Што павінна насцярожыць

Важна своечасова заўважыць небяспечныя сімптомы. Гэта могуць быць:

  • чорныя ці чырвоныя плямы, што плывуць перад вачыма;
  • скажэнне літар пры чытанні;
  • чорная «штора», якая павісла перад вачыма.

Ксенія Палавінкіна, афтальмолаг 1-й кваліфікацыйнай катэгорыі афтальмалагічнага кабінета Мінскага гарадскога эндакрыналагічнага дыспансера:

– Калі штосьці трывожыць, з’явіліся незвычайныя скаргі, рэзка ўпаў зрок, з’явіліся цёмныя плямы перад вачыма, размытасць зроку ў цэнтральнай зоне, неабходна тэрмінова звяртацца да афтальмолага.

Зараз можна звярнуцца па дапамогу да ўрача ў паліклініку па месцы жыхарства альбо да спецыяліста ў Мінскі гарадскі эндакрыналагічны дыспансер (тэл. даведкі: 247-66-54).

На час пандэміі каранавіруснай інфекцыі таксама адкрыты экстранны кабінет у 11-й Гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска, на Каржанеўскага, 4, дзе аказваецца кругласутачная неадкладная амбулаторная дапамога.

Як падтрымаць здароўе вачэй

Агульныя рэкамендацыі для людзей з цукровым дыябетам аднолькавыя:

  1. Збалансаванае харчаванне.
  2. Пітны рэжым.
  3. Фізічная актыўнасць.
  4. Захаванне зрокавага рэжыму (45 хвілін працаваць, 15 – адпачываць.)
  5. Чытаць, працаваць за камп’ютарам альбо глядзець у экран тэлефона ў добра асветленым памяшканні (дрэннае святло спрыяе хуткай стомленасці вачэй) і не ў становішчы лежачы.

Ксенія Палавінкіна, афтальмолаг 1-й кваліфікацыйнай катэгорыі афтальмалагічнага кабінета Мінскага гарадскога эндакрыналагічнага дыспансера:

– Калі даводзіцца шмат часу праводзіць за камп’ютарам, неабходна выкарыстоўваць заменнікі слязы (спецыяльныя ўвільгатняльныя кроплі, якія не даюць перасыхаць слёзнай плёнцы).

Выкарыстоўваць увільгатняльныя кроплі варта, як толькі з’явіліся сухасць і смыленне ў вачах. Гэты стан яшчэ называюць сіндромам сухога вока. Калі гэтага не рабіць, непрыемныя адчуванні могуць стаць пастаяннымі, ажно да развіцця запалення або кератыту (запаленне рагавіцы вока).

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Exit mobile version