У 11–15 гадоў у арганізме адбываюцца змены, звязаныя са сталеннем. Адны з відавочных праяў усплёску гармонаў — падлеткавыя прышчы ды чорныя кропкі. Гэта вынік павышанай актыўнасці сальных залоз.
Але пазбегнуць вугрыстай хваробы, або акне, у падлеткавым узросце цалкам магчыма, упэўнена Ірына Смольская, дэрматолаг, фізіятэрапеўт Гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансэра Мінска, дэрматолаг медцэнтра "Унукі Гіпакрата", урач вышэйшай катэгорыі, член Беларускай грамадскай арганізацыі дэрматавенеролагаў і касметолагаў. Эксперт распавяла, што для гэтага варта рабіць і як змагацца з акне, калі хвароба не абмінула.
Базавы догляд
Для прафілактыкі вугравой хваробы дзіця ўжо з 11 гадоў трэба прывучыць да правільнага догляду скуры і ладу жыцця, раіць эксперт. А менавіта:
- Умывацца раніцай і ўвечары вадой пакаёвай тэмпературы.
- Для ўмывання выкарыстоўваць тэрмальную ваду, мяккія пенкі, а пасля – лёгкія тонікі, якія не змяшчаюць спірту і кіслаты, касметыка павінна быць гіпаалергеннай і антыкамедоннай.
- Мыла не выкарыстоўваць катэгарычна, бо яго шчолачныя кампаненты перасушваюць скуру.
- Праціраць скуру адварамі ваўчкоў, рамонку аптэчнага, святаянніку, кветак календулы.
- Выкарыстоўваць маскі з гліны: для тлустай скуры – белую, зялёную, блакітную, для сухой – чырвоную, для камбінаванай – зялёную гліну.
- Пры з'яўленні першых прышчыкаў можна раз на тыдзень рабіць зберагальныя пілінгі з фруктовымі кіслотамі.
- Выкарыстоўваць сродкі з гліколевай кіслатой, якая растварае сакрэт сальнай залозы.
- Менш кратаць твар бруднымі рукамі.
- Не выціскаць камедоны самастойна – толькі ў касметычных салонах. Касметолагі праводзяць ашчадную чыстку твару гліколевай кіслатой, распарваюць скуру і ў стэрыльных умовах механічна выціскаюць «чорныя кропкі».
Камедоны – закаркаванне пораў скурным салам і мёртвымі клеткамі, якія акісляюцца і набываюць чорны колер. Яны – пачатковая праява падлеткавага акнэ.
- Збалансаваць харчаванне: меней фастфуду, вострага, салёнага, вэнджанага, мучных вырабаў са сметанковым маслам, газіровак, чыпсаў. Гэтыя прадукты служаць першапрычынай захворванняў СКТ, якія ўзмацняюць праявы себарэі – перадфону вугравой хваробы.
- Займацца спортам.
- Калі прышчыкі не праходзяць, сып павялічваецца – звярнуцца да дэрматолага.
Неабходныя аналізы
Ад вугравой хваробы пакутуе 60-95% падлеткаў і маладых людзей. Але ступень развіцця захворвання залежыць ад шматлікіх фактараў. Цяжкая форма можа быць выкліканая эндакрыннай і страўнікава-кішэчнай паталогіяй, зменай гарманальнага статусу, абцяжаранай спадчыннасцю.
Аналізы пакажуць, якія змены могуць справакаваць вугравы сып. Дэрматолаг, бачачы сур'ёзнасць праблемы са скурай, як правіла, накіроўвае падлеткаў на кансультацыю да тэрапеўта для выяўлення спадарожных захворванняў, асабліва страўнікава-кішэчнага тракта, а дзяўчынак – на кансультацыю гінеколага, часам – эндакрынолага. У сваю чаргу гэтыя спецыялісты накіроўваюць на абследаванне на палавыя гармоны і даследаванне гарманальнага статусу, калі выяўляюць паталогію на эндакрынным узроўні. Запаленне скуры таксама могуць выклікаць танзіліты, фарынгіты, гаймарыты, сінусіты, карыёзныя зубы. Таму неабходна наведаць лор-урача, стаматолага і саніраваць ачагі хранічнай інфекцыі.
Калі ў падлетка гнайнічковыя высыпанні, дык дэрматолаг абавязкова бярэ гнойнае змесціва пустулы (гнайнічка) на мікрафлору і адчувальнасць яе да антыбіётыкаў.
Лекавыя сродкі
Дэрматолагі вылучаюць акнэ па ступені цяжару. Лёгкая – калі вузельчыкава-гнайнічковыя высыпанні на твары, спіне, грудзях не перавышаюць 10 вугроў, сярэдняя – 10-40, цяжкая – больш за 40 вугроў і наяўнасць вялікіх вузлоў з гнойным змесцівам, якія выклікаюць рубцовыя змены.
Для карэкцыі гарманальных парушэнняў могуць прызначацца аральныя кантрацэптывы. Тут дэрматолагі працуюць у тандэме з гінеколагам. Пры цяжкай форме акнэ яшчэ выкарыстоўваюцца араматычныя ретыноіды ўнутр – пад кантролем дэрматолага. Але, як правіла, падлеткам яны не прызначаюцца.
Гарманальную касметыку, якую часта выкарыстоўваюць дарослыя з праблемнай скурай, падлеткам ужываць нельга.
Перыяд выздараўлення залежыць ад ступені акнэ і захавання ўсіх рэкамендацый. Гэта штодзённая праца над сабой, якую павінны дапамагаць кантраляваць бацькі.
Лёгкую ступень акнэ можна вылечыць і за месяц, лячэнне вугравой хваробы сярэдняй ступені можа доўжыцца паўгода, а цяжкай формы – год і больш.
Эфектыўныя фізіяпрацэдуры
– Эфектыўны метад пры праблемнай скуры – фотатэрапія вузкапалосным ультрафіялетавым выпраменьваннем з даўжынёй хвалі 311 нанаметраў. Выпраменьванне валодае супрацьзапаленчым, рэгенеруючым, імунарэгулюючым дзеяннямі. Дадзены метад выкарыстоўваецца, у прыватнасці, у нашым дыспансэры. Для падлеткаў падыходзіць такі метад святлолячэння, як палярызаванае святло. Яно аказвае мяккае ўздзеянне на скуру без пабочных эфектаў.