Site icon Слушна

Як пазбегнуць халадовых траўмаў і правільна аказаць першую дапамогу

Адмарожванне. Халадовыя траўмы

Зімовыя месяцы ў апошнія гады адзначыліся няўстойлівым надвор'ем, калі яно, адносна камфортнае, змяняецца на марозныя дні, часта з рэзкім пранізлівым ветрам. У такую пару значна павышаецца рызыка атрымаць халадовыя траўмы – адмарожванне і пераахаладжэнне. Прычым, для гэтага неабавязкова выйсці на вуліцу ў люты мароз. Дастаткова апрануцца не па надвор'і пры высокай вільготнасці паветра і моцным ветры.

Ападкі ў выглядзе дажджу альбо снегу, якія выпалі напярэдадні, а затым мароз могуць прывесці да ўтварэння галалёдзіцы. Слізкая плітка на ходніках значна ўскладняе перамяшчэнне і можа стаць прычынай няўдалых падзенняў, якія заканчваюцца галалёднымі траўмамі, часам з даволі сур'ёзнымі наступствамі.

Мы вырашылі яшчэ раз нагадаць пра тое, як пазбегнуць халадовых і галалёдных траўмаў, а таксама як трэба сябе паводзіць, калі гэта ўсё ж такі здарылася. Чытайце ў дайджэсце карысных матэрыялаў нашага інфармацыйнага партала Слушна.

Пераахаладжэнне

Пераахаладжэнне

Больш за ўсё да пераахаладжэння схільныя маленькія дзеці і сталыя людзі, а таксама тыя, хто пакутуе ад хранічных сардэчна-сасудзістых захворванняў.

Пры пераахаладжэнні тэмпература цела значна зніжаецца, часам да крытычных лічбаў (ніжэй за 27°C). У выніку адбываюцца сур'ёзныя змены ў функцыянаванні ўсіх органаў і сістэмаў чалавечага арганізма. Значна пагаршаюць сітуацыю мокрае альбо сырое адзенне, моцны вецер, высокая вільготнасць паветра, ператамленне, траўмы, алкагольнае ап'яненне.

Першыя сімптомы – моцныя дрыжыкі, задышка і пачашчэнне пульса. Скура робіцца бледнага колеру. Перш за ўсё пакутуюць адкрытыя ўчасткі цела: вушы, нос, пальцы рук. Чалавек спачатку можа адчуць узбуджэнне, якое затым змяняецца апатыяй і дрымотнасцю.

Як дапамагчы такому чалавеку? Самае галоўнае – выключыць уздзеянне на пацярпелага халадовага фактару. Гэта значыць, што чалавека варта перанесці ў цёплае месца альбо атуліць ад ветру. Калі ёсць неабходнасць, пераапрануць у сухое адзенне альбо загарнуць у цёплую коўдру ці плед, напаіць цёплай гарбатай, малаком альбо вадой.

Адмарожванні

Адмарожванне – гэта мясцовая вострая халадовая траўма, якая з надыходжаннем зімовага сезона сустракаецца даволі часта.

Асноўныя фактары, якія могуць стаць прычынай адмарожвання, – нізкая тэмпература паветра, высокая вільготнасць, хуткасць ветру. Па словах нашага эксперта, акрамя фактараў навакольнага асяроддзя многае залежыць ад стану чалавечага арганізма. Напрыклад, сталыя часта пакутуюць ад захворванняў сасудзістай сістэмы, з-за якіх парушаны перыферычны кровазварот. А чым горшы кровазварот у канечнасцях і скуры, тым хутчэй гэтая частка цела замерзне і не сагрэецца за кошт унутраных рэсурсаў. Акрамя таго, адмарожванні – не рэдкасць сярод тых, хто знаходзіцца ў стане алкагольнага ап'янення.

Пры адмарожванні вельмі важна правільна аказаць першую дапамогу. Прычым яна найбольш эфектыўная ў першыя суткі пасля халадовай траўмы.

Калі на працягу 30-60 хвілін пасля адмарожвання тэмпература пашкоджаных частак цела не нармалізавалася, да іх не вярнулася адчувальнасць, а скурнае пакрыва застаецца бледным, надзьмуліся пузыры, пачаўся ацёк, з'явілася пачуццё распірання, абавязкова трэба ехаць у бальніцу.

Чаму нельга хутка сагравацца? Што рабіць, калі на месцы адмарожвання з'явіліся пузыры? Як адрозніць стадыі такой траўмы і якія наступствы яны за сабой цягнуць? Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні можна знайсці ў нашым матэрыяле, а таксама тут.

Галалёдныя траўмы

Як правіла, з надыходам маразоў траўматолагі адзначаюць значнае павелічэнне колькасці пацыентаў з пераломамі і ўдарамі. Часцей за ўсё людзі звяртаюцца з траўмамі канечнасцяў: пераломамі галёнкаступнёвага сустава, лытак, прамянёвай косці, якія адбываюцца пры падзенні наперад на рукі.

Небяспечныя падзенні на спіну. Яны могуць скончыцца альбо пераломам пазваночніка, альбо страсеннем мозгу, альбо чэрапна-мазгавой траўмай.

Каб пазбегнуць галалёдных траўмаў альбо паменшыць наступствы падзенняў, спецыялісты раяць аддаваць перавагу ўстойліваму зручнаму абутку, які не слізгае, а таксама свабоднай вопратцы, што не замінае рухам. Найбольш небяспечныя месцы лепей абыходзіць, а пры падзенні, калі яго не атрымалася пазбегнуць, пастарацца прысесці, тым самым знізіўшы вышыню падзення, згрупавацца.

Інфармацыю пра тое, як аказаць першую дапамогу пры галалёднай траўме, можна даведацца, прачытаўшы наш матэрыял.

Exit mobile version