Site icon Слушна

Як правільна абуладкаваць працоўнае месца школьніка дома

Ці задумваліся вы калі-небудзь, што ўжо ў другім класе многія школьнікі затрачваюць на выкананне хатніх заданняў больш за паўтары гадзіны штодня? З кожным наступным годам навучання гэты час заканамерна павялічваецца.

Вучні сярэдніх і старэйшых класаў праводзяць дома за пісьмовым сталом 4-6 гадзін і больш (чвэрць сутачнага бюджэту часу!), што сумарна складае каля 800 гадзін на працягу навучальнага года. І гэта без уліку часу, праведзенага непасрэдна за школьнай партай! Уражвае? Тады вы пагадзіцеся, што правільна абуладкаваць працоўнае месца школьніка дома – гэта перш за ўсё мінімізаваць рызыкі негатыўных наступстваў для здароўя дзіцяці, пакуль ён старанна папаўняе свой багаж ведаў.

Пра тое, як працоўнае месца ўплывае на здароўе школьніка і як правільна абуладкаваць яго дома, журналісту Слушна распавяла малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі гігіены дзяцей і падлеткаў НПЦ гігіены Наталля Карповіч.

Як школьніку захаваць здароўе

Парушэніі зроку і паставы ў дзяцей і падлеткаў

Добра сядзім?

Пачнем з упартай рэчы – статыстыкі. Яна кажа пра тое, што парушэнні зроку і паставы з'яўляюцца аднымі з найбольш распаўсюджаных праблемаў сучасных школьнікаў. Рост гэтых праблемаў фіксуецца з моманту паступлення ў школу і шмат у чым абумоўлены змяненнем ладу жыцця і тымі абставінамі, якія суправаджаюць дзяцей падчас усяго перыяду атрымання адукацыі.

Напрыклад, 70% зваротаў да дзіцячых афтальмолагаў – гэта школьнікі 7-18 гадоў, і ў 92% выпадкаў у іх выяўляюцца праблемы са зрокам. Падобная карціна з парушэннем паставы, а мінімум у 5% вучняў беларускіх школ дыягнастуецца скаліёз рознай ступені.

Але пры чым тут працоўнае месца? Пры тым, тлумачыць эксперт, што значную частку часу школьнікі знаходзяцца ў статычным становішчы седзячы не толькі ў класе падчас урокаў, але і дома. Адпаведна, разам са зніжэннем рухальнай актыўнасці і высокім аб'ёмам адукацыйнай нагрузкі ў навучальны перыяд, асноўнымі фактарамі рызыкі развіцця міяпіі і парушэнняў паставы з'яўляюцца няправільная поза падчас заняткаў, звязаная з нерацыянальнай арганізацыяй працоўнага месца, і яго недастатковая асветленасць.

Наталля Карповіч прывяла цікавыя дадзеныя, якія былі атрыманыя ў ходзе анкетавання 1250 вучняў малодшых класаў (узрост 6-10 гадоў). Адказваючы на пытанне з нагоды самаадчування пасля ўрокаў і/альбо выканання хатняга задання, часцей за ўсё дзеці скардзіліся на:

  • стамляльнасць – 31,1%;
  • галаўны боль – 24%;
  • боль у вобласці шыі – 16,4%;
  • боль у вобласці спіны – 13,7%.

Узнікненне гэтых сімптомаў, па словах Наталлі Карповіч, можа быць звязанае з нерацыянальнай арганізацыяй працоўных месцаў.

Наталля Карповіч:

– Трэба адзначыць, што арганізацыі працоўных месцаў вучняў у школах надаецца асаблівая ўвага. Мэбля (парты, школьныя сталы, крэслы) падбіраецца па памеры ў адпаведнасці з роставай шкалой. Настаўнікі навучаюць дзяцей правільнай працоўнай позе, сочаць за яе падтрыманнем, праводзяць фізкультхвілінкі і зарадку для вачэй. Усё гэта прадугледжана санітарнымі нормамі і правіламі і з'яўляецца неад'емнай часткай арганізацыі адукацыйнага працэсу. Але ў не меншай ступені ўвагі бацькоў заслугоўвае і абуладкаванне хатняга працоўнага месца школьніка, што таксама ўплывае на захаванне яго здароўя.

Як працоўнае месца ўплывае на здароўе

Паход у першы клас і пачатак школьнага навучання – гэта не толькі старт новага этапу ў жыцці дзіцяці. Гэта яшчэ і час фарміравання і замацавання стэрэатыпу працоўнай позы (звычкі сядзець пэўным чынам). Па сутнасці, тое, у якой позе дзіця прывыкне сядзець за сталом і вучыцца ў пачатковай школе, можа мець для яго здароўя ў будучым самыя розныя наступствы.

Наталля Карповіч:

– У дзяцей малодшага школьнага ўзросту ёсць шэраг пэўных анатама-функцыянальных перадумоў развіцця парушэння паставы. Напрыклад, незавершанасць працэсаў акасцянення, адставанне развіцця мышачнай сістэмы ад працэсаў росту шкілета. Нарастанне мышачнай сілы і трываласці ў дзяўчынак адбываецца толькі да 10-12 гадоў, у хлопчыкаў – у 13-14 гадоў. Таму статычныя нагрузкі, звязаныя з неабходнасцю доўга падтрымліваць позу седзячы пры выкананні вучэбных заданняў, выклікаюць хуткую стомленасць.

Разам з тым, правільная працоўная поза зніжае нагрузку на касцёва-мышачную сістэму і органы зроку, стварае спрыяльныя ўмовы для падтрымання высокай разумовай працаздольнасці.

Пад правільнай працоўнай позай седзячы маецца на ўвазе становішча цела, пры якім ногі сагнутыя ў каленным і тазасцегнавым суставах пад прамымі вугламі, ступні абапіраюцца на падлогу, перадплеччы і кісці рук вольна размяшчаюцца на паверхні стала, крыжава-паяснічны выгіб пазваночніка абапіраецца на спінку сядзення, адлегласць ад вачэй дзіцяці да кнігі ці сшыткі складае 30-35 см. Ці заўсёды вашае дзіця, выконваючы вучэбныя заданні дома, сядзіць менавіта так?

Амаль траціна апытаных вучняў малодшых класаў (28%) прызналіся, што пры выкананні хатніх заданняў падгінаюць ногі пад сябе. Яшчэ 8,5% школьнікаў кладуць ногі на прадметы, размешчаныя побач. У абодвух выпадках такая пасадка вядзе да парушэння правільнага становішча спіны, шыі, плячэй і часцей за ўсё звязаная з нерацыянальнай арганізацыяй працоўнага месца.

Правілы абуладкавання працоўнага месца школьніка дома

Перш за ўсё для падтрымання аптымальнай позы дзіцяці неабходна правільна падабраная мэбля.

Асноўнымі параметрамі з'яўляюцца вышыня сядзення (ступні павінны стаяць на падлозе альбо на падстаўцы) і стала (на 2-3 см вышэй за локаць дзіцяці, якое сядзіць).

Наталля Карповіч:

– Занадта высокі (адносна сядзення) стол павялічвае рызыку бакавых скрыўленняў пазваночніка, бо дзіця вымушанае падымаць плячо, каб пакласці перадплечча на стол пры пісьмеНізкі стол, наадварот, спрыяе развіццю сутуласці.

Крэсла неабходна размясціць так, каб дзіця глыбока сядзела на сядзенні, а паміж тулавам і краем стала заставалася вольная прастора 3-4 см.

Падтрыманню правільнай працоўнай позы таксама спрыяе выкарыстанне нахільнай стальніцы. Аптымальны нахіл – 7-15°.

Наталля Карповіч:

– За 4 гады навучання ў пачатковай школе дзеці вырастаюць у сярэднім на 25 сантыметраў, гэта значыць, гэты ўзрост супадае з перыядам інтэнсіўнага ростуТаму пры арганізацыі хатняга працоўнага месца аптымальна выкарыстоўваць мэблю з магчымасцю рэгулявання вышыні і пры неабходнасці адаптаваць яе пад рост дзіцяці.

Яшчэ адзін важны момант – дастатковая асветленасць працоўнага месца школьніка, каб пазбегнуць залішняга напружання для вачэй. Правільней за ўсё размясціць працоўнае месца побач з акном.

Пры адсутнасці такой магчымасці, а таксама ва ўмовах кароткага светлавога дня ў асенне-зімовы перыяд, неабходна забяспечыць адэкватнае штучнае асвятленне, як агульнае, так і лакальнае (напрыклад, выкарыстоўваць настольную лямпу). Для праўшэй крыніца святла павінна размяшчацца злева, для ляўшэй – справа.

Таксама важна рэгулярна праветрываць пакой, у якім займаецца дзіця. Адэкватнае праветрыванне зніжае канцэнтрацыю шкодных хімічных рэчываў у паветры (вуглякіслага газу, фармальдэгіду) і дазваляе даўжэй захоўваць фізічную і разумовую працаздольнасць.

Акрамя правільнай арганізацыі працоўнага месца дома, неабходна навучыць дзіця правільна сядзець за сталом і растлумачыць важнасць падтрымання такой позы для захавання здароўя. А таксама прызвычаіць школьніка рабіць перапынкі ў працы для выканання фізічных практыкаванняў і зарадкі для вачэй. Дарэчы, пра тое, як правільна выконваць гімнастыку для вачэй у хатніх умовах, мы раскажам у адным з наступных матэрыялаў.

Exit mobile version