Што трэба, каб прыгатаваць качку? Качка?
А вось і не!
Прынамсі, адной качкі недастаткова!
У вас мусіць быць адпаведны настрой...
Вось, прыкладам, прачынаецеся вы ў суботу раніцай і думаеце, што б такога зрабіць гэтым паскудным цудоўным беларускім летнім ранкам, калі за вокнамі дождж і плюс 17 градусаў...
Адказ відавочны – трэба прыгатаваць качку!
Выбраная ў адпаведнасці з рэкамендацыямі спецыялістаў, яна ўжо чакае ў лядоўні. І самы час выпусціць яе ў вольны палёт...
Інгрыдыенты:
Пакуль качка маральна рыхтуецца, правяраем, ці ёсць у нас патрэбныя складнікі.
- 3-4 зубкі часныку
- 2 чайныя лыжачкі мёду
- 2-4 сталовыя лыжкі соевага соусу
- соль
Усё!
Прыгатаванне:
Робім невялічкія надрэзы ў розных месцах качкі і ўкладаем туды кавалачкі часныку.
Мёд перамешваем з соевым соусам і соллю (паводле вашага смаку – я кладу чайную лыжачку).
Шчодра змазваем качку гэтай сумессю, накрываем пасудзіну фольгай і пакідаем у лядоўні прыкладна на 3 гадзіны.
Калі качка дастаткова засумавала замарынавалася, дастаем яе з лядоўні і на гадзіну (фольгу не здымаем!) ставім у духоўку пры тэмпературы 210°С . Пасля здымаем фольгу і дадаем яшчэ паўгадзінкі, каб качка канчаткова “загарэла” (ну, хоць хтосьці зможа пахваліцца роўным залацістым загарам у гэтай хаце!).
Пакуль качка смажыцца, можна пагартаць класікаў. Дарэчы, Уладзімір Караткевіч у нарысе “Зямля пад белымі крыламі” таксама згадваў пра качак і іх прыгатаванне: і запечаных у гліне, і з бруснічным варэннем… Знайшлі?.. Так, ажно слінкі цякуць!
О! Вось і нашая качачка гатовая да палёту на стол!
Выкладаем на талерку і ўпрыгожваем кавалкамі апельсінаў.
Смачна есці!