Даўней лекары лічылі, што запаленне звязана з тым, што нейкая атрутная вадкасць расцякаецца па ўсім целе. Адсюль і пайшла назва хваробы — рэўматызм (ад грэцкага rheuma — плынь). Само гэтае паняцце ўвёў рымскі доктар і прыродазнаўца Клаўдзій Гален.
Лезь у печ!
У нашых продкаў гэтая хвароба мела некалькі назваў: рыматыз, раматус, рэўматык, ламата. У народнай медыцыне беларусаў спрадвеку існавалі розныя метады лячэння. Самым дзейсным лічылі праграванне. Хворага чалавека клалі ў прапаленую печ і абкладалі аўсянай саломай. Хворыя месцы змазвалі рознымі адварамі (брусніцаў, верасу, бярозавых пупышак, рамонку), прыкладвалі лісты лапуха і багульніка, рабілі ванны з верасу. Хрэн з соллю настойвалі на гарэлцы. Мухаморы залівалі гарэлкай і на тры тыдні закопвалі ў зямлю.
Шырока выкарыстоўвалі прадукты жывёльнага паходжання. Цела націралі барсучыным тлушчам або косным мозгам і тлушчам каня ці аленя. На гарачым попеле растоплівалі каровіна масла і, калі яно закіпала, здымалі шум. Потым дадавалі такую ж частку моцнага хлебнага віна (гарэлкі) і запальвалі. Пасля таго, як віно выгарала, атрымлівалася мазь, якая добра дапамагала ад усялякай ламаты.
Лячылі раматуз і з дапамогай мурашоў ды дажджавых чарвякоў. Вясной ставілі кубак у мурашнік роўна з берагамі, налівалі туды траціну гарачай вады. Як мурашы напаўзалі, то ўтваралася кіслата. Вадкасць працэджвалі і пералівалі ў бутэльку, куды яшчэ дадавалі траву-змяёўку. У маі збіралі дажджавых чарвякоў. Адразалі ім галовы і клалі ў слоік. Налівалі туды алей і ставілі на сонца. Такія лекі лічыліся дзейснымі на працягу года.
«Дубок, дапамажы…»
Рэўматызм лячылі таксама сакральнымі ніткамі. У Чысты чацвер у трох кутах хаты выпрадалі тры ніткі. Пасля таго, як на іх завязвалі па дзевяць вузлоў, яны станавіліся лекавымі ад ламаты. Паводле павер’яў, дапамагалі і ніткі, якія засталіся ад кроснаў пасля ткацтва. Таксама, калі ад цяжкай працы рука ў суглобе апухала і балела, раілі перавязваць яе тым матузком, якім быў звязаны венік.
Ад ламаты ў спіне трэба было апоўначы тры разы абысці вакол лазні і каля кожнага рога па тры разы пацерціся спінай. Пры болях у “сярэдзіне” раілі падыйсці да магутнага дуба і стаць да яго хворым месцам. Пры гэтым трэба было сказаць: «Дубок, дапамажы, ты сільны, магутны. Падзяліся са мной сіламі, зрабі, каб і я быў такі».
Выкарыстоўвалі знахары і адмысловыя замовы, звернутыя непасрэдна да самой хваробы. Напрыклад, казалі: «Раматус, атрытус, прашу цябе, не хадзі па (імя) целу, не ламі косці, не падцягівай жыл, а ідзі ў чыстае поле, а ў чыстым полі зялёны луг, а ў тым лузе кудравы дуб, а пад тым дубам раматус і атрытус, п’юць, гуляюць, праз болі гукаюць. Раматуса, атрытуса (імя) к сабе падзываюць, з косці (імя) раматуса к сабе вызываюць, пад зялёны дуб закапаюць. Здровась, Марыя. Амінь».
Цудадзейныя камяні…
Згодна з народнымі вераваннямі, рэўматызм лячылі сакральныя камяні і крыніцы. У Крупскім раёне за вёскай Сомры каля дарогі ляжаў камень, які называлі Божае Крэсла. Каб вылекавацца, садзіліся на камень хворай спінай да высокага выступу і маліліся. Пасля на камень клалі аброк: яблыкі, піражкі, цукеркі, печыва ды інш. У гэтага каменя прасілі таксама здзяйснення розных жаданняў. Цяпер валун перавезены да будынка Крупскага гісторыка-краязнаўчага музея.
На Браслаўшчыне, каля вёскі Кумпіні ляжыць Адамаў Камень. Мясцовыя жыхары вераць, што ламата і боль у руках спыняцца пасля таго, як іх пакласці на сакральны валун.
Рэўматычны боль здымае каменны крыж на могілках у аграгарадку Ліпляны Лельчыцкага раёна Гомельшчыны. Яшчэ да ІІ Сусветнай вайны яго перанеслі з ўрочышча Чумнае на могілкі. Цяпер крыж абгароджаны. Каля яго моляцца і потым ахвяруюць стужкі, паясы, грошы і цукеркі. Прычым, ад болю ў спіне абвязваюцца поясам, які вісеў на крыжы. Лічыцца, што такія паясы вешаюць на крыжах маладыя кабеты, калі просяць тут здароўя.
… ды гаючая вада
У народзе лічаць, што рэўматызм можа вылечыць святая вада з некаторых крыніц. На тэрыторыі Свята-Узнясенскага жаночага праваслаўнага манастыра ў вёсцы Баркалабава каля г. Быхава Магілёўскай вобласці ёсць паклонная крыніца. У манастырскім храме знаходзіцца цудадзейны Баркалабаўскі абраз Божай Маці (Баркалабаўская Адзігітрыя), які датуецца сярэдзінай 17 стагоддзя. Гэта адзін з самых шанаваных абразоў Усходняй Беларусі, ён праславіўся сваімі цудатварэннямі і ацаленнямі. Манастыр быў зачынены ў 1924 годзе і адноўлены толькі ў 2008-м. Абраз да 1953 года захоўвалі мясцовыя жыхары, потым перадалі яго ў Быхаўскі храм. А ў 2010 годзе святыня была вернута ў адноўлены манастыр. Свята абраза Божай Маці Баркалабаўскай — 24 ліпеня.
Ламату ў касцях, спіне і суглобах лечыць і крыніца са святой вадой, якая знаходзіцца каля касцёла Дабравешчання Найсвяцейшай панны Марыі ў вёсцы Вішнева Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Згодна з мясцовай легендай, у 14 стагоддзі тут каля вішні аб’явілася Панна Марыя, якая прасіла пабудаваць на гэтым месцы касцёл. Потым з'явілася на тым самым месцы святая крыніца, якая не толькі стала крыніцай жыцця, як любая іншая вада, але і вылечвала вернікаў ад шматлікіх хвароб. У 1424 годзе тут быў узведзены драўляны касцёл. Праз некалькі гадоў гэты храм згарэў, і тады жыхары вёскі адбудавалі новы, але ўжо з каменю. У гэтыя месцы з'язджаліся людзі з розных канцоў свету, бо вада сапраўды тварыла цуды. Ужо ў 19 стагоддзі было зарэгістравана нямала выпадкаў ацалення тых, хто пакутаваў на рэўматызм, а таксама людзей, у якіх быў дрэнны зрок. Сёння крыніца гаючай вады ў вёсачцы Вішнева — аб’ект айчыннага турызму.