Харчаванне ў жыцці кожнага чалавека адыгрывае важную ролю. Штодзённы рацыён павінен утрымліваць неабходную колькасць пажыўных рэчываў, мікра- і макраэлементаў. Ад гэтага залежыць наш стан здароўя, самаадчуванне і праца імунітэту.
Як правільна харчавацца ў сезон прастудаў і рэспіраторных інфекцый? Як арганізаваць свой рацыён, калі ўсё ж такі захварэлі?
Пра гэта распавяла Анастасія Косава, загадчыца аддзела грамадскага здароўя і сацыяльна-гігіенічнага маніторынгу Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя .
Лячэбнае харчаванне
Рацыянальны падыход
Па словах Анастасіі Косавай, не існуе якога-небудзь аднаго прадукту, які б зрабіўся тым чароўным сродкам, што дасць магчымасць не захварэць. Штодзённы рацыён чалавека павінен змяшчаць адэкватную колькасць асноўных нутрыентаў: бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, мікра- і макраэлементаў, вітамінаў і вады. Ён прадугледжвае некалькі груп прадуктаў, уключаючы зерневыя (хлеб, макароны, крупы), гародніну і садавіну, кісламалочныя і мясныя (крыніца бялку).
Гародніна з'яўляецца крыніцай вітамінаў, складаных вугляводаў і клятчаткі (спрыяе падтрыманню нармальнай мікрафлоры кішэчніка). СААЗ рэкамендуе ўжываць не менш за 400 г рознай гародніны і садавіны ў дзень.
Цыбуля і часнок утрымліваюць аліін, які пераўтворыцца ў аліцын. Гэтае рэчыва яшчэ называюць прыродным антыбіётыкам. Аліцын валодае бактэрыцыдным і супрацьгрыбковым дзеяннем.
Своеасаблівым аналагам часнаку і цыбулі з'яўляецца імбір, які адрозніваецца больш прыемным смакам і пахам. У ім таксама ўтрымліваецца аскарбінавая кіслата, вітаміны групы В, А, цынк, кальцый, ёд. Імбір валодае імунастымулюючым і імунамадулюючым дзеяннем, павялічвае супраціўляльнасць арганізма і дапамагае яму змагацца з патагеннымі агентамі.
Наймагутнейшым стымулятарам і прыродным антыбіётыкам называюць куркумін, які змяшчаецца ў куркуме. Гэтае рэчыва перашкаджае бактэрыяльным ускладненням і вірусным інфекцыям, патлумачыла спецыяліст.
Актыўна аднаўляе нашу імунную сістэму аскарбінавая кіслата. Яна ўтрымліваецца ў лімонах, шыпшыне, чорных парэчках і журавінах, квашанай капусце, балгарскім перцы і зялёнай ліставой гародніне.
Прыкладна 80% нашага імунітэту фарміруецца ў кішэчніку. Таму для яго здароўя важна ўключыць у свой рацыён кісламалочныя прадукты. Бялок удзельнічае ў сінтэзе гармонаў і імунных бялкоў, а значыць, меню варта дапоўніць рыбай, мясам, птушкай.
Напрыклад, Амега 3 і поліненасычаныя тлустыя кіслоты ўдзельнічаюць у стварэнні такога рэчыва, як сурфактант (ён на 90% складаецца з фасфаліпідаў), якім знутры пакрытыя альвеолы лёгкіх. Сурфактант падтрымлівае іх у выглядзе пузыркоў і не дае «зліпнуцца» на выдыху, а таксама паскарае трапленне кіслароду ў кроў.
Не варта забывацца і на пітны рэжым. Рэкамендаваная доза ў дзень – 10 мл на 1 кг масы цела чалавека. Калі ёсць якія-небудзь хранічныя захворванні, гэтую дозу варта адкарэктаваць са сваім урачом.
І яшчэ адзін немалаважны нюанс. Хімічны склад ежы павінен адпавядаць ферментным сістэмам арганізма. Не варта ўжываць у ежу прадукты, якія не ўласцівыя нашаму рацыёну. Гэта можа выклікаць перанапружанне гэтых сістэмаў. Безумоўна, ежа павінна быць бясшкоднай.
Звяртайце ўвагу на цеплавую апрацоўку мясных вырабаў і рыбы. Гародніна і садавіна павінны быць старанна вымытыя. Прымаць ежу трэба 3 разы на дзень. Пры гэтым прыёмы ежы варта падзяліць так, каб не адчуваць голаду і не пераядаць. Калараж павінен адпавядаць патрэбам чалавека ў залежнасці ад узросту, полу і віду дзейнасці. А вось ад любых дыетаў, упэўненая спецыяліст, пакуль варта ўстрымацца.
Калі захварэлі. Прынцыпы харчавання
Калі чалавек толькі пачынае хварэць, яго рацыён абавязкова павінен быць максімальна паўнавартасным, утрымліваць неабходную колькасць тлушчаў, бялкоў і вугляводаў.
У выпадку, калі хвароба знаходзіцца ў самым разгары, эксперт параіла харчавацца ў ашчаджальным рэжыме. Ежа павінна быць падзеленая на дробавыя частыя порцыі. Стравы варта гатаваць на пары альбо ў духоўцы.
Падчас выздараўлення неабходна падтрымаць кішэчнік, мікрафлора якога можа пацярпець у выніку прыёму розных лекавых прэпаратаў, напрыклад, антыбіётыкаў. У гэтых адносінах добра сябе зарэкамендавалі кісламалочныя прадукты. Харчавацца варта пакуль у ашчаджальным рэжыме, але можна ўводзіць у рацыён гародніну і садавіну.