Грыбнікі
У тую жнівеньскую раніцу было сонечна і дужа прыпарвала. Ягорка з Грышкам вырашылі паспытаць удачу ў лесе. Казалі, што грыбоў сёлета багата. Лес недалёка ад вёскі. Ходзяць яны, прыглядаюцца. Ягорка напаткаў прыгожага баравіка, а вось Грышку чамусьці трапляліся адныя лісічкі. Раптам з-пад яго ног пырхнула маленькая птушачка. Адляцелася недалёка і трывожна зацінькала.
Ад нечаканасці Мураш Грышка ажно прысеў. Як толькі хваляванні з абодвух бакоў сцішыліся, Мураш па-пластунску падпоўз да таго месца каб паглядзець што ж там было. Доўга поўзаў-шукаў і раптам напаткаў маленечкае гняздзечка. Яно мела выгляд шарыка, сплеценага з мяккіх сухіх травінак і валаскоў.
— Ты ж толькі не паруш яго! – казаў Ягорка.
— Я што, малы? – з крыўдаю той паглядзеў на хлопчыка. – Якое яно цікавае! У баку – маленькая дзірачка-уваход. Я пакладу яго на тое ж месца і засыплю яго тым жа сухім лісцем і сцяблінкамі бруснічніку. У гняздзечку пішчалі птушаняты. – Жывіце і радуйцеся! Вас тут ніхто не знойдзе! Мы адойдземся ад гэтай схованкі, а мама ваша вернецца і ўсё будзе ў парадку.
— А ты, Грышка, малайчына, што не браў гняздо ў рукі! – адобрыў учынак сябра. — Гэта далікатненькае гняздзечка пеначкі. Яна – асаблівая птушачка. Калі што запрыкмеціла падазронае, можа нават не вярнуцца да свайго гнязда. Я ўжо не кажу, калі ўбачыць гняздо ў чужых руках.
— Няўжо?
— Так! Інстынкт самазахавання.
— Значыць, я з ёю ўжо сустракаўся, - заматляў галавою Мураш. — Некалі раней трапіў на адну дзівосную палянку. Палянка наўздзіў была быццам усеяна чырвонымі ягадамі, як хто наўмысна тое зрабіў . Скрозь разносіўся духмяны пах, што ажно нос мой гнуўся ад такога смакоцця. Нахіліўся, каб пачаставацца духмянай ягадай. А тут адкуль вазьміся баравічок на тонкай і высокай ножцы перада мной з’явіўся. У незвычайным каптурыку. Увесь усеяны дробнай лістотай, сцяблінкамі ягад. Думаю зрэзаць яго ці не чапаць? Ажно нечакана пырхнула з-пад тае лістоты, што на шляпцы грыба, маленькая птушачка. Прыгледзеўся пільней: аказалася такая ж пеначка звіла сваё гняздзечка на грыбніцы. Грыб вырас і падняў яго.
— І ты так аставіў гняздо?
— Не! Я ўсё ж вярнуўся, зрэзаў грыб, а гняздо ў ягоднік апусціў, прыцерушыўшы лісцем так, што яго зусім відаць не было.
— Правільна! Няхай гадуюцца птушачкі. Іх трэба шанаваць.
— І я пра гэта кажу, вось толькі грыбы, дружа, таксама нельга таптаць, - казаў усміхаючыся Грышка, - бо ля самых ног Ягоркі ляжаў рыжы дыван жоўтых кнопачак, якія Мураш зразаў адну за другой цэлыя россыпы лісічак. Вось дык жаранка будзе!
— Хіба ты дадому збіраешся? – пытаўся хлопчык. – Я дык яшчэ пахаджу па сваіх месцах, найперш у нізовіну загляну, дзе некалі меліся быць ачышчальныя збудаванні. Там сярод маладых бярозак ды асінак заўсёды такой парою падасінавікі дружна растуць.
— Не, я не супраць! – адказваў Грышка. – Паходзім па тваіх месцах. Упэўнены, што нам павінна пашчасціць! Тым больш, што твая бабуля казала пра цябе як пра выдатнага грыбніка.
У нізовіне было ціха. Лясныя гукі і спевы ледзь даляталі сюды. Жнівеньскае сонца не заўсёды прабівалася праз густыя шаты. Стаяў духмяны пах прэлай ігліцы, лістоты і цвіцення грыбніцы.
— Глядзі, глядзі! Колькі вунь падасінавікаў! – ледзь не крычаў Мураш Грышка. Ён подбегам мчаўся да сямейкі чырвонагаловых маладых грыбоў, зразаў іх і, не кладучы ў кошык, поўз на каленьках да наступнай сямейкі. Зразаў і гэтых, спяшаўся да чарговых, пакідаючы ззаду новую кучку, быццам хтосьці яго мог апярэдзіць. А калі ўбачыў поўны пад самую дужку Ягоркаў кошык, пачаў збіраць свае нарэзаныя кучкі. Калі ўсе пазбіраў, здаецца, узрадаваны і засмучаны адначасова апусціўся на мох і абхапіў галаву ручкамі:
— Што ж нам цяпер рабіць? – спытаў у сябра.
— Ну ты, Грышка, і ўвішны! Гэта ж столькі падасінавікаў знайшоў! – казаў, быццам бы здзіўляўся таму, бо сёлета толькі лянівы не назбіраў грыбоў: іх у любым лясным кутку процьма. Толькі паспявай зразаць.
Здаецца, рука не паднімецца зразаць такіх прыгажуноў. Іншым разам і сам аўтар не аднойчы стараўся прадоўжыць шчаслівае адчуванне ўдачы. А падасінавік, як і баравік, ніколі адзін не расце. Дзе ж ты пакінеш каму яшчэ такіх прыгажуноў!
І цяпер, калі Гышку хваляць на твары яго з’яўлялася радасная ўсмешка. Маўляў, і тут я ўпраўны!
Раптам Мураш ставіць долу кошык з грыбамі, а сам мчыцца да крынічкі. Непадалёку, на ўзлессі бесперастанку бурліла крыніца. Мураш з дзяцінства яе ведаў, бо часта некалі летняю парою адпачываў тут.
— Каб ты ведаў, Ягорка, як я сасьмяг! Паспрабуй і ты. Якая тут чыстая і халодная вадзіца!
Ягорка памкнуўся да крынічкі, зняў з сука берасцяны карэц і чэрпаў крынічную ваду.
— Смаката! Ох, як прыемна стала пасля некалькіх глыткоў вады! Але ж многа яе не вып’еш, горла імгненна застудзіш.
Сцюдзёны асвяжаючы струмень разліўся па ўсім целе.
— Скажы, што свет адразу зрабіўся святлейшы? Гэта ў вас, людзей, гэтага нельга і таго з асцярожнацю… У нас, мурашоў, усё можна і колькі хочаш. А цяпер толькі каб яшчэ зоркалёт за намі прыляцеў, было б зусім цудоўна! Ці не так, Ягорка?
— Так! – уражаны красамоўствам сябра, Ягорка ўхвальна паківаў віхрастай галавой. Як-небудзь данясем свае грыбы.
— Няма сумненняў! Да вёскі блізка, - сказаў Мураш . – Яшчэ рывок – і мы дома.
— Зухам ты, бачу, расхадзіўся! Блізка відаць, ды далёка дыбаць.
— Вышэй нос, хлапчына!
Абое рассмяяліся.
Варэнне любіць не толькі Карлсан
Побач з хатай Ягоркавых дзядулі з бабуляю жыве старэнькая суседка. Але такая рухавая, што і ў хаціне паспявае прыбрацца і з садам-агародам управіцца. Усё, што родзіць сад, бабуля перапрацоўвае на варэнні, сушыць яблыкі ды грушы, варыць джэмы, пюрэ… Гарадскія ўнукі ўпраўныя да ўсяго вясковага.
І ўсё перапрацаванае яе стараннымі рукамі захоўвалася ў кладоўцы.
Надоечы на той водар, што разносіўся на ўсю вёску, завітаў самы малодшы брат Мураша Грышкі. Лявонка замаркоціўся па старэшым браце і вырашыў яго наведаць. Убачыў першы будынак і – туды. А тут за доўгую дарогу так прагаладаўся, што нават не здагадаўся, што тут яго не чакаюць. Пра тое, што гэты водарны пах можа быць з чужога падворка не здагадваўся. Хаця, нейкі сумніў заставаўся: з чатырох і ніводнай душы ў хаціне.
Нос ад пахаў ажно згінаўся. Круціў, круціў ён носам і сам сабе кажа:
— Тут, відаць, тое, што мне дужа знаёмае. Надта ўжо смачным пахне. І пайшоў разведваць дзе ямчэй пралезці ў хаціну.
Ён падпаў да дзвярэй сенцаў і раз-два патрапіў акурат у кладоўку, дзверы якой былі расчынены.
— Вось адкуль і даносіўся той прыцягальны водар, - адзначыў ён. Агледзеўся. У вочы кінулася: процьма напоўненых слоікаў, а вось адзін з іх быў адчынены. Лявонка нырнуў у яго і ад асалоды ажно завокхаў:
— Гэта ж маё самае любімае варэнне: вішнёвае! І палез глыбей у слоік.
Умінаў за абедзьве шчакі. Еў, еў, еў, а сам станавіўся ўсё таўсцейшым і брыдчэйшым. Ды так наперазаўся, што ледзь дыхаў.
Нарэшце сеў і пачаў разважаць як выбрацца з такім пузам напачатку са слоіка, а затым і з будынка.
Калі са слоіка з дзясятай спробы неяк выкуліўся, то як ні стараўся поўзаць ля тых жа дзвярэй сенцаў, толькі адна галава і пралазіла. Тады вырашыў праверыць шчыліны ў падлозе. Нарэшце знайшоў па сваёй, быццам, фігуры адтуліну. Адна спроба, другая, трэцяя… Пасядзеў крыху і - новая спроба.
Здаецца, і жывот паменшаў, што значыць гімнастыка: колькі было прысяданняў, паўзкоў па пластунску, удых-выдых. Зноў нібыта пад лыжачкай засмактала. Але на гэты раз стрымаў сябе Лявонка. І ўміг неяк налаўчыўся, вылез з тае хаціны.
Надвячоркам, калі Ягорка частаваў братоў мурашоў варэннем сваёй бабулі, Грышка смакаваў і дзякаваў. Лявонка ж сядзеў насупіўшыся і скоса пазіраў на стол. Думаў ці расказваць пра свае прыгоды з чужым варэннем.
Нарэшце ён рашыўся.
— Патрэбна аб усім расказаць суседцы! – заключыла бабуля.
І Мураш Грышка з Ягоркам, а следам і Лявонка з апушчанай галавой рушылі да суседкі.
Старая вельмі ўзрадавалася нечаканым гасцям. Яны такому пачатку нават спужаліся, падумалі, што зараз пачнецца такое… І на ўсялякі выпадак, каб змякчыць магчымую галавамыйку, паклалі на стол вялікі карабок шакаладных цукерак. І толькі ўжо потым хорам распавялі ёй, як Лявонка не вытрымаў і па паху забраўся ў кладоўку. І…з’еў амаль палову слоіка вішнёвага варэння.
Бабуля толькі рассмяялася: — Гэта я, дзеткі мае, думала на ноч пацукоў травіць.
— Як травіць? Дык Лявонка можа памерці?
— Не! Павінен выжыць!
Усе пераглянуліся. Ажно наструніліся. У хаце было чуваць як дзесьці зумкае, патрапіўшая ў палон муха.
— Ды вось, я не паспела варэнне ў сподачкі раскласці і атрутай прысыпаць. Слоік адчыніла і забылася, галава ўжо дурная, дзеткі, - старая працягвала смяяцца.
— Фу-у! А я ўжо спужаўся, што брата згублю! – нарэшце выдыхнуў Грышка. – Але яму ўсё ж трэба добрага наганяю даць, што на такое рашыўся. Гэта ж які сорам! Колькі раз табе паўтаралі: нельга шмат есьці, асабліва салодкага! Гэта вельмі шкодна! Толькі ў гэтай справе з табой ніхто не параўнаецца! Ты як што салодкае натрапіш, дык нос упрысядкі ходзіць! Лявонка, трэба сумленне мець!
Малы апусціў галаву, зусім замаркоціўся.
— Аёечкі! – дзівіўся Грышка. — Няўжо гэта наш лізун? Ах, як ён перажывае! Глядзіце, ледзь не плача! Гатовы ў бабулі нават прабачэнне прасіць!
Бабуля выйшла, папярэдзіўшы: “пачакайце хвілінку”. Вярнулася са слоікам вішнёвага варэння.
— Вось гэта табе, Лявонка! Еш на здароўе! Але больш ніколі без дазволу не чапай чужое, - з прыязнай усмешкай на твары працягнула слоік.
— Праб-б-бачце, к-калі ласка! Я думаў…
— Думка – кветка, слова – завязь, учынак – плод, - запомні на ўсё жыццё.
Лявока павесялеў.
Сябры праводзілі Лявонку за вёску. У мурашоў строга: толькі сонца на закат, - усе дадому імчацца. Сядзе сонца – мурашы ўсе хады-выхады зачыняюць – і спаць. А хто спазніўся, то хоць на вуліцы начуй. Тут табе ні варэнне, ні іншыя прысмакі не дапамогуць.
Дарэчы, слоік з варэннем вартаўнікі мурашніка забралі і аднеслі ў сутарэнне, што пад мурашнікам. Заўтра старэйшына будзе вырашаць за агульным сталом: калі ім частавацца дружная сямейства будзе.
Лявонка быў задаволены, што паспеў да апошняга званка. І што так ціха-мірна скончыўся дзень.
Быць у лесе гаспадаром, а не толькі спажыўцом
Пачынаўся звычайны жнівеньскі дзень. Грышку ўсю ноч сніліся дзівосныя сны. Вось і зараз, калі на дварэ ні хмурынкі, ясная і залатая раніца, і вось-вось выкаціцца з-за зубчастага лесу лагоднае сонейка, прыйшло да яго незабыўнае маленства. Шчаслівая пара! Уяўляюцца ласкавыя рукі маці, што ад відна да цямна былі побач, дужыя – бацькавы, што насілі ў вольныя ад працы часіны. І ўсё тое ўяўлялася нібы калыскай ці то пачаткам казкі з назваю жыццё.
— Час уставаць, дзеці! – ласкава будзіла матуля. І зараз той ласкавы голас Грышка часта ўспамінае.
Была пара, калі паўстаюць дзень за днём усё новыя і новыя, не падобныя адзін да другога: то ганяюць з дзядулем лясных браканьераў, то яны з бацькам сярод мурашоў-падлеткаў праходзяць навучанне спрыту і лоўкасці, каб здольныя былі абараніць свой мурашнік і безабаронных суродзічаў.
“Я ўступаю ў бой з любой несправядлівасцю, падманам, хцівасцю і непавагай да старэйшых і нямоглых, дзе б іх не сустрэў” – прамаўляў у сне Грышка.
І мудрыя парады мурашынай бабулі на ўсё жыццё засталіся: “Спажывай больш зялёнага, будзеш мець дужыя ногі і вынослівае сэрца, як у вялікага звера. Хату будуй на тым месцы, дзе гадзюка грэецца. Калі сасьмяг не пі абы якой вадкасці, а толькі той вадзіцы, дзе конь п’е. Конь благой вады ніколі не будзе піць”...
І раптам перад вачамі – учарашні выпадак з Лявонкам…
За вокнамі стала надыходзіць васень. Рыхтуюцца адлятаюць у вырай птушкі. Учора збіраліся ў цэлыя стаі буслы. Пачалі рыхтавацца шпакі і ластаўкі…
Агаляюцца палі. Камбайны абмалочваюць апошнія палеткі збажыны.
Здаецца, зусім нядаўна, то дождж паліваў з грымотамі, шквалістым ветрам і страшэннымі шаблямі-маланкамі, то вады раслінам на прысядзібных участках не хапала і трэба было штодня паліваць, то сонца няшчадна пякло навокал…
Хутка і наш Лявонка пойдзе ў школу. І мне яго прыйдзецца завесьці на першы званок. Упэўнены, што там ён многаму харошаму навучыцца. А пакуль…
Пакуль Мураш Грышка працуе ў лесе. Ён з сябрамі вырашылі вычысціць хаця б адну дзялянку пасля апошняга ветравалу, што ўчыніў жнівеньскі цыклон.
— Ці ж мы няздольныя папрацаваць на карысць і лесу, і сябе!
— Вядома, здольныя!
Сказана – зроблена! Усе да аднаго выйшлі на працу.
У мурашоў заўсёды ў пашане спагада і абавязковасць, сіла і дысціпліна. Але больш за ўсё дысцыпліна. Без яе цяжка выжыць у свеце, дзе цябе на кожным кроку падсцерагае небяспека.
Не будзем забываць і пра ўзаемавыручку, - ці не так, мой юны чычач!
І дзякуючы гэтым незаменным ва ўсе часы якасцям, Мурашы заўсёды выходзілі пераможцамі ў бітвах нават з больш дужэйшымі і шматлікімі варожымі войскамі.
— Мурашы – разумныя і справядлівыя, дужыя і смелыя! – дружна паўтаралі іх атрады, цягаючы абцярэбленыя буранам галінкі, сукі, а калі і цэлыя дрэвы.
— Прыродная стыхія – гэта супраць волі і магчымасцей чалавека. Горш за ўсё, калі сам чалавек шкодзіць лесу, - пачаў свой аповед Грышка. – Ён нагадаў сябрам пра той выпадак, калі яшчэ з дзядулем ганялі лясных браканьераў. “Калі не будзе лесу, дзе будзе месца жыць птаству, звяр’ю і шмат чаму іншаму? – казаў некалі дзед.
А я вось асабіста нават не ўяўляю, якое наваколле без лясных фарбаў і яго адценяў будзе ў нашай сінявокай Беларусі? – пытаўся ў сяброў Якуб.
— Шэрае, няйначай! – чуліся галасы.
— Жудасць!
— А як жа грыбы, ягады?
— Гэта катастрофа!
— Вось і я кажу, - працягваў Грышка, - мы абавязаны сачыць за чалавекам, яго разумнымі дзействамі ў лесе. Вы ж паглядзіце, як дрыжаць дрэвы, калі ён, чалавек, прыходзіць у лес з сякераю: яны трапечуцца ад страху быць ссечанымі жыўём.
Птушка знарок рызыкуе сваім жыццём, каб толькі адвесьці ад свайго гнязда. Нават звер пазбягае сустрэчы з чалавекам.
Абавязкова патрэбна пакрыўдзіць, напужаць, разбурыць, ссекчы, растаптаць…
Ці зразумеў, мой дарагі чытач, што самым небяспечным для леса з’яўляецца чалавек. Ён бярэ ў лесе ўсе, што лес можа даць, хаця яму столькі і не патрэбна, нічога не даючы ўзамен. Чалавек – адзіная істота, якая не мае разумнай мяжы. Ні ў чым.
Наш герой Мураш Грышка прайшоў добрую жыццёвую і выхаваўчую школу не толькі ад сваіх бацькоў, але і дзядулі з бабуляю, а таксама ў школе. Ды й у мурашніку, дзе не існуе прагматычнасці і матэрыяльных запатрабаванняў, старэйшыя – вопытыя і адказныя настаўнікі ніколі не заставаліся ў баку, калі якая мурашачка збівалася з дарогі, вучылі ўсім жыццёвым прамудрасцям.
Вібіраючы сабе сябра, ведай: сяброў многа не бывае. А вось калі сустрэнеш такога як Мураш Грышка, не задумвайся – працягні руку першым. Не пашкадуеш!
На гэтым я заканчваю сваю аповесць-казку пра праворнага Мураша Грышку і яго сябра Ягорку. Вось і мне, вашаму казачніку, давялося вывучаць на практыцы рэальнага жыцця ў лесе і на рэчцы, у вёсцы і на самых розных пляцоўках, дзе адбываліся незабыўныя казачныя сустрэчы. Вывучаць, каб давесьці да вас дзіўным і казачным словам пра жыццё гэтых разумных і забаўных істот.
Як Ягорка знайшоў сабе сябра сярод мурашоў. Частка 6 (казка) + аўдыё