Site icon Слушна

Як захаваць здароўе вачэй. Парады афтальмолага

Зароўе вачэй

Кожны 6-ы чалавек у свеце мае праблемы са зрокам. Такія звесткі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. І аказваецца, што ў 80% выпадкаў пашкоджанне зроку можна было прадухіліць.

Афтальмолаг Любоў Сталярова распавяла чытачам «Слушна», як зберагчы вастрыню зроку і здароўе вачэй на працягу ўсяго жыцця.

Афтальмолаг 2

1. Не грэбуйце прафаглядамі

Любую праблему лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. Уласна, у гэтым і заключаецца мэта прафілактычных аглядаў. Наведваць афтальмолага трэба не радзей за 1 раз у год. Гэта карысна ўсім без выключэння, нават калі няма ніякіх прыкметаў і фактараў рызыкі для развіцця захворванняў вачэй. У індывідуальным парадку афтальмолаг вызначае частату візітаў людзям з паталогіяй зроку і іншымі сістэмнымі і хранічнымі захворваннямі, якія могуць прыводзіць да ўскладненняў з боку вачэй (цукровы дыябет, артэрыяльная гіпертэнзія, рэўматоідны артрыт і інш.).

2. Адмоўцеся ад шкодных звычак

Шкодныя звычкі ў цэлым негатыўна адбіваюцца на здароўі чалавека. Што тычыцца зроку, дык курэнне, напрыклад, шматкроць павялічвае рызыку развіцця ўзроставай макулярной дэгенерацыі, паскарае прагрэсаванне катаракты і сасудзістай паталогіі сятчаткі.

3. Абараняйце вочы ад актыўнага сонца

Павышаная інсаляцыя шкодная для вачэй. Празмернае ўльтрафіялетавае выпраменьванне пашкоджвае сятчатку вока, паскарае развіццё катаракты і можа стаць прычынай развіцця дабраякасных і злаякасных новаўтварэнняў на скуры вакол вачэй. Таму ў перыяд актыўнага сонца, у тым ліку ўзімку, асабліва на горных курортах, неабходна выкарыстоўваць сонцаахоўныя акуляры з максімальнай ступенню блакавання ўльтрафіялетавага выпраменьвання. Жмурыцца на сонца – не лепшы варыянт. Гэта не абароніць вочы, а толькі паскорыць з'яўленне маршчынаў.

4. Давайце вачам адпачынак

Сёння аб'ектыўна больш складана захоўваць здароўе вачэй, бо сучаснае жыццё літаральна завязана на гаджэтах. Цалкам засцерагчы сябе ад іх нерэальна. Таму важна даваць вачам адпачынак. Калі праца звязана з камп'ютарам, кожныя 40-50 хвілін трэба адрывацца ад экрана і рабіць хаця б мінімальны перапынак, каб зняць напружанне і даць магчымасць мышцам вачэй расслабіцца.

Эфектыўная банальная гімнастыка: павадзіць вачыма ўверх-уніз, направа-налева. Дапамогуць і кругавыя рухі, і самае простае прыжмурванне. Выдатна, калі атрымаецца канцэнтраваць зрок папераменна на аб'ектах паблізу-ўдалечыні.

А вось чаго нельга рабіць, дык гэта гуляць ці чытаць у тэлефоне ў транспарце, які рухаецца. Карцінка, якая «скача», – гэта каласальная нагрузка на зрок.

Яшчэ адно бяспройгрышнае правіла: чым большы малюнак (дыяганаль экрана), тым лепей для вачэй. Камп'ютар лепшы за планшэт; планшэт лепшы за тэлефон і г.д. Але яшчэ лепей – праводзіць як мага больш часу на свежым паветры.

5. Увільгатняйце вочы

Сіндром сухога вока – адна з самых распаўсюджаных скаргаў, з якой людзі ўсіх узростаў звяртаюцца да афтальмолагаў. Адна з прычын гэтага – усё тое ж захапленне гаджэтамі і працяглая праца за камп'ютарам, шкодныя ўмовы працы. Што рабіць? Выкарыстоўваць кроплі-слёзазаменнікі, якія ўвільгатняюць слізістую вока і прадухіляюць дыскамфорт у выглядзе адчування пяску ў вачах, рэзі, смылення. Сучасныя прэпараты ўсе высакаякасныя, і імі можна карыстацца без асцярогі. У рэшце рэшт, пры неабходнасці мы ж увільгатняем скуру адпаведнымі крэмамі. Дык чаму б не паклапаціцца пра вочы?!

 6. Арганізуйце камфортнае працоўнае месца

Першы важны пункт: асвятленне. Найбольш камфортнае для вачэй – натуральнае. Але, напрыклад, офісныя работнікі шмат часу праводзяць у памяшканні пры штучным святле. І тут трэба сачыць за тым, каб яно было не занадта яркім, але і не бляклым. Мігаценне асвятляльных прыбораў таксама дрэнна, бо стварае дадатковае напружанне для вачэй. Уся працоўная паверхня павінна быць асветлена раўнамерна. У перапынках паміж працай пажадана выходзіць на вуліцу.

Акрамя таго, калі праца звязана з камп'ютарам, сачыце, каб манітор знаходзіўся крыху ніжэй за ўзровень вачэй і на адлегласці ад іх не меней за 0,5 метра. Добра было б, каб манітор камп'ютара быў абсталяваны антыблікавым пакрыццём.

7. Ешце больш рыбы, агародніны і садавіны

Правільнае разнастайнае і паўнавартаснае харчаванне – гэта вялікі плюс для вачэй. Рацыён павінен уключаць шмат садавіны і агародніны, зеляніны, а таксама рыбу і прадукты, багатыя на амега-3, 6, 9 ненасычаныя тлустыя кіслоты.

8. Карыстайцеся абаронай для вачэй

Нават калі справа не тычыцца траўманебяспечных работ, пры якіх выкарыстанне спецыяльнай маскі для абароны вачэй – абавязковая ўмова, аберагаць іх трэба і ў побыце. Напрыклад, плаваць у басейне, купацца і даваць нырца ў моры пажадана ў ахоўных акулярах. Гэта тычыцца і дзяцей, і дарослых. Бо трапленне хлараванай або салёнай марской вады на слізістую вачэй выклікае некамфортныя адчуванні, гэта па-першае. А па-другое, можа прывесці да раздражнення, слёзацячэння ці нават алергічных рэакцый.

9. Калі неабходна, насіце акуляры або лінзы

Калі зрок пагоршыўся і выявіліся анамаліі рэфракцыі, іх абавязкова трэба карэгаваць. Акуляры, лінзы альбо лазерная карэкцыя – чалавек выбірае сам. Але рабіць нешта трэба. Нельга жыць у расплывістым свеце. Гэта няправільна, а ў некаторых выпадках нават небяспечна для самога чалавека і навакольных, напрыклад, пры кіраванні аўтамабілем.

Фота эксперта – Віталь Гіль.

https://bel.24health.by/samamasazh-dlya-prafilaktyki-padzennya-zroku-videa/

Exit mobile version