Site icon Слушна

Як злавіць «гарачы тур»

Гарачы тур.

Сёння ёсць добрая магчымасць зэканоміць на адпачынку. Выдатнай прапановай ад турыстычных кампаній з'яўляюцца пуцёўкі, якія «гараць». Яны з'яўляюцца непасрэдна перад датай адпраўлення рэйса: у бязвізавыя краіны за тыдзень; у краіны, дзе неабходная віза, за 10 дзён. Такую пуцёўку можна набыць з вялікай зніжкай (часам больш за 50%), прычым чым бліжэй дата вылету, тым з большай зніжкай турыстычная кампанія будзе прадаваць пуцёўку.

У Беларусі многія турагенцтвы арганізуюць адпачынак па «гарачых турах». Яны публікуюць прапановы на сваіх сайтах (штодня абнаўляюцца). Верагоднасць знайсці «гарачы тур» з авіяпералётам з гарадоў з вялікім турыстычным патокам (Масква, Варшава або Кіеў) значна вышэйшая, чым з Мінска.

Асаблівасці падарожжа па «гарачых турах»

  • Нізкі кошт. Набыўшы пуцёўку, якая «гарыць», вы адчувальна эканоміце. Пры гэтым будзеце адпачываць з тым жа камфортам, як і іншыя пастаяльцы гатэля, якія заплацілі на парадак больш.
  • Бонусы. Прадаючы пуцёўку, якая «гарыць», турыстычныя кампаніі часцяком прапануюць дадатковыя бонусы падчас падарожжа: вячэру ў дарагім рэстаране, наведванне SPA-салона, аглядную экскурсію.
  • Нечаканасці. Падарожнічаючы па пуцёўцы, якая «гарыць», вам, магчыма, давядзецца ахвяраваць некаторым камфортам. Якасць паслуг падчас адпачынку часам можа быць ніжэйшая за заяўленую, бо пуцёўкі, якія «гараць», выпадаюць звычайна на адпачынак у гатэлях, што па пэўных прычынах засталіся незапоўненымі. Але могуць трапляцца «гарачыя туры» і ў прэстыжныя замежныя гасцініцы.

Як злавіць «гарачы тур»

Крок 1. Перш чым лавіць «гарачыя туры», азнаёмцеся з рэкамендацыямі МЗС РБ пры выездзе за мяжу і праверце свае дакументы. Многія дзяржавы прад'яўляюць пры ўездзе ў краіну асаблівыя патрабаванні да пашпарта, а таксама іншыя дадатковыя ўмовы.

Крок 2. Вызначыцеся з пералікам краін, у якіх вы хацелі б адпачыць, з узроўнем камфорту пражывання і харчавання.

Крок 3. Пазначце арыенціровачную дату ад'езду і суму, якую можаце дазволіць сабе выдаткаваць на пуцёўку.

Крок 4. Маніторце самастойна прапанаваныя варыянты пуцёвак, якія «гараць», у краіны, што вас цікавяць, на сайтах турыстычных кампаній.

Крок 5. Абярыце некалькі турфірмаў, якія прапануюць пуцёўкі, што «гараць». Каб не патрапіць у рукі ашуканцаў, папярэдне вывучыце памятку для турыстаў пры звароце ў турыстычныя кампаніі, створаную Дэпартаментам па турызму Міністэрства спорту і турызму.

Крок 6. Звяжыцеся з менэджэрамі выбраных турыстычных кампаній па тэлефоне або з дапамогай анлайн-чату і пацікаўцеся наяўнасцю варыянтаў пуцёвак, якія «гараць». Спецыялісты турфірмаў аператыўна дашлюць спіс прапаноў, з якіх вы зможаце выбраць упадабаны «гарачы» тур.

Крок 7. Браніруйце анлайн альбо ўнясіце заклад турыстычнай кампаніі і чакайце пацверджання ад гатэля па наяўнасці месцаў, а ад авіякампаніі – па наяўнасці білетаў. Паколькі пуцёўкі, якія «гараць», раскупляюцца вельмі хутка, дзейнічайце аператыўна.

У камплект «гарачага» турпакета абавязкова ўваходзяць медыцынская страхоўка, праезд або авіяпералёт з трансферам, пражыванне ў гатэлі.

Падарожнічайце з камфортам і атрымлівайце асалоду ад выдатнага адпачынку па выгодным кошце!

Exit mobile version