Я гадавалася пры лесе, хадзіла на балота за брусніцамі і журавінамі, таму сустрэч з вужакамі мела багата. Аднойчы нахілілася зрэзаць «баравіка», а ён разгарнуўся і пайшоў! Вуж! Дарма спужалася і закрычала нема – жоўтыя плямкі на галаве пасля разгледзела.
Дарэчы, пра вужакаў у нас казалі не толькі «папаўзла», але і «пайшла». Быў лес, дзе вужак — поўна, а праз дарогу — ні адной, бо некалі панечка загаварыла, і яны туды не ідуць.
Аднойчы ж мядзянка апынулася проста ў двары шматкватэрнага дома, дзе тыя гады жыла наша сям’я — і запаўзла на пакрывала да маленькай дзяўчынкі Волі. Не магу дакладна сказаць, колькі ёй было — «чарвяк» Воля ўжо вымаўляла, а страху яшчэ не мела. Яна схапіла вужаку (з крыкам: «Чарвяк!») і шпурнула з подсцілу. Мы, старэйшыя, гулялі на двары і бачылі гэта. А хлопцы злавілі мядзянку і раструшчылі ёй галаву.
У лепшых традыцыях Шарля Перо і братоў Грым. Чым уражвае кніга «Балтыйскія шкарпэткі» Сяргея Календы
Нас, малых, пускалі ў лес і без дарослых. Але наказвалі, каб далёка не хадзілі. «Да Туронка, пад Дубоўку» — можна было толькі з мамай і татам. Я ж аднойчы не паслухалася. Напярэдадні, як хадзілі з імі разам, абушкалі такі багаты чарнічнік! Сабралі не ўсе ягады, я перажыць не магла. Бацькам назаўтра ісці ў лес не выхадзіла, дык я падгаварыла сяброўку Марыну — і мы выправіліся па ягады адны. І зблудзілі, замест чарнічніка ўбіліся ў нейкі сівы ад моху хвойнік. А па ім — жывой ракой вужакі! Чуваць было, як яны ішлі, шаргацелі скурай па мху — усё адно як рукамі з засохлай зямлёй адна аб адну церлі.
Была чарнічная пара, не Узвіжанне, дакладна так ніхто і не здолеў патлумачыць мне да гэтай пары, што выпала нам з сяброўкай падгледзець, у эпіцэнтры якога руху апынуцца? Напалохаліся так, што ні яна, ні я не памяталі, як выскачылі з таго замшэлага хвойніка і выбіліся на дарогу — ратаваліся.
Змеяў людзі не любілі. Казалі, за кожную забітую грэх адпускаецца. Але наша мама нас вучыла паводзіцца так, каб з вужакамі не ваяваць. «Калі ідзеш у лес, давай знаць пра свае намеры: перш чым зрэзаць грыб ці ўзяць ягаду, тупні нагой, агледзься. Не нарвіся на змяю! Яна сама сустрэцца з табой не хоча і ўцячэ». Так я і рабіла.
... Але вось на маёй палічцы пасяліўся Вужыны Кароль, прыкормлены творчым тандэмам Яраша Малішэўскага і Аксаны Спрынчан, і я сустрэч з ім не ўнікаю! Не тупаю, а бяру з кніжнай паліцы ў рукі кнігу «Малочны кактэйль для Вужынага караля, альбо Калякамп’ютарная казка» (Мінск, 2019. Мастак Міхась Дайлідаў) – і рэкамендую прачытаць, пагартаць і палюбавацца.
«У гэтай казцы толькі частка казкі, а рэшта – праўда. Незвычайная гісторыя, якая здарылася са звычайнай дзяўчынкай, якая любіць камп’ютэр і не любіць малако. Шчасце, калі цябе ёсць каму ратаваць, і шчасце, калі табе ёсць каму дапамагаць. Казка складаецца з невялікіх гісторый, якія зручна чытаць нават таму, хто чытае мала, альбо таму, хто чытае шмат у кожную вольную хвілінку», — распавядаецца ў анатацыі.
Што ж адбываецца ў самой кнізе?
Пачынаецца ўсё з гісторыі, якая сучасным бацькам аскоміну набіла. Дзяўчынка Альдона, галоўная гераіня, гатовая дняваць і начаваць пры камп’ютары! Калі ж маці прапануе ёй кубак малака – вельмі карысны для здароўя – яна адчайна супраціўляецца. Не смакуе ёй малако – і ўсё тут!
Праз гэтае ненавіснае малако ў дружнай сямейцы, якая жыве ў сучасным горадзе, можа распачацца варожае супрацьстаянне, якое на карысць нікому не пойдзе. Але ж падмога прыходзіць, адкуль не чакаеш! Не чакаеш у рэальным жыцці, аднак дзеля таго людзі і ствараюць казкі, каб цудадзейным чынам вырашаць усе свае набалелыя праблемы.
Вось і ў гэтай казачнай гісторыі аднойчы на камп’ютарным століку Альдона знаходзіць самага сапраўднага вужа! Мала таго, што ён – Вужыны Кароль, дык яшчэ — пісьменны і валодае камп’ютарам. Камунікуе з дзяўчынкай, адбіваючы ёй лісты на клавіятуры кончыкам хваста!
Праблема з малаком вырашаецца сама сабой – госця ж трэба карміць, а вужы – вядомыя ахвотнікі да малака.
У падзяку за шыкоўны прыём і сяброўства незвычайны госць адкрывае дзяўчынцы шмат таямніц і дае каштоўныя парады. Вось, напрыклад, што ён даводзіць Альдоне, калі тая марыць адшукаць скарб з каштоўнасцямі: «Веды, здольнасці, дабрыня… Вось сапраўдныя скарбы. Бо як ты ўсё мецьмеш, то хіба ж ты будзеш удасканальвацца».
Знаходзім «смачныя» слоўцы ў казках Пятра Сіняўскага. Феномен кнігі «Зачараваная гаспадарка»
Звесткі па міфалогіі, гісторыі, геаграфіі Беларусі, моўныя парады, загадкі, «Мокрыя прыгоды», «Страшная гісторыя ад Вужынага караля», «Замова, каб не балелі вочы» – і, урэшце, ператварэнне вужа ў закаханага праграміста! Вось што чакае чытачоў кнігі «Малочны кактэйль для Вужынага Караля…»
Хто хоча даведацца пра ўсе цікавосткі, пра якія я змоўчыла адмыслова, падкажу: кнігу можна ўзяць пачытаць у бібліятэцы, набыць у крамах ці наўпрост, без гандлёвай нацэнкі, у выдавецтве «Мастацкая літаратура».
У кнізе – цудоўнае спляценне міфалогіі і сучаснасці, арыгінальная падача – яна зроблена на ўзор невялікага ноутбука і гартаецца гэдаксама як адчыняецца яго вечка: не злева направа, як звычайна кнігі, а перагортваюцца старонкі ад сябе. Гэта сучасная казка, якая не толькі ўзбагачае ведамі і эмоцыямі, але падштурхоўвае ўслед за галоўнай гераіняй Альдонай вучыцца слухаць наваколле, каб умець штодзень перамешваць рэчаіснасць ¾ з казкай, напаўняць хараством жыццё.
Столькі пішацца для дзяцей, столькі выдаецца, што здзівіць і вылучыцца – задача не простая. Толькі не для тых, хто ведае таямніцы сваёй зямлі і ўмее іх пераказаць. Пра сваю зямлю толькі мы самі расказаць можам. У астатніх ¾ свая радзіма, свае землі.
«Малочны кактэйль для Вужынага Караля, альбо Калякамп'ютэрная казка» – добрая порцыя ведаў і любові.