Не так даўно спецыяльнасць эколага была адносна новай. Цяпер жа экалагічны рух вельмі запатрабаваны — чытаюцца лекцыі па экалогіі на прадпрыемствах, ва ўніверсітвэцкіх аўдыторыях, актыўна вядуцца блогі ў сацыяльных сетках.
Спецыяльна для Слушна мы паразмаўлялі з Ірынай Саковіч – экспертам у галіне экалогіі, кансультантам па ахове акаляючай серады і спыталі, што трэба рабіць, каб паменшыць колькасць хламу і непатрэбных рэчаў ва ўласным жыцці, чаму рух Zero Waste (Нуль адходаў) сёння такі папулярны і як можна павысіць сваю экакультуру.
Экалагічны трэнд
– Несумненна, сёння экалагічны трэнд распаўсюджаны, асабліва сярод нашай моладзі. Менавіта моладзь стварае такі запыт. У апошні час вострай запатрабаванасцю карысатаюцца лекцыі практычнага характару, якія датычацца ўкаранення ў сваім жыцці пэўных экалагічных звычак. Са студэнтамі ва ўніверсітэтах мы распрацоўваем ідэі ўкаранення экасацыяльных ініцыятыў. Сярод дзяўчат, напрыклад, карыстаюцца папулярнасцю тэма экалагізацыі побыту — як выбраць больш экалагічную бытавую хімію, натуральную касметыку, хвалююць пытанні экамацярынства. Маладых людзей турбуе раздзельны збор смецця, «разумнае спажыванне» і тэма мінімалізму.
На думку Ірыны, самы важны экалагічны трэнд заключаецца ў тым, каб замяніць усе нашы аднаразовыя прадметы на шматразовыя. Эколаг занепакоена тым, наколькі шмат у нашым побыце рэчаў, якія засмечваюць прастору, —аднаразовыя пакеты, прадметы гігіены ватныя дыскі, палачкі, памперсы і інш.
Самы яркі прыклад — поліэтыленавы пакет — замест яго, раіць Ірына, можна выкарыстоўваць шматразовы тканевы шопер альбо авоську. А прадметам гігіены таксама можна знайсці шматразовую альтэрнатыву, і калі ёй карыстацца пры належным наглядзе, яна можа служыць нам некалькі гадоў, што дазваляе цудоўна эканоміць.
— На ўсё гэта цяпер існуе мода, і моладзь з’яўляецца першым рухавіком прынцыпу «разумнага спажывання», — расказвае эксперт. — Маладыя людзі актыўна ўжываюць шматразовыя рэчы ў сваім жыцці, я гэта заўважаю і на вуліцы, і ў краме, і па відэа на YouTube, дзе ўсё часцей дзеляцца парадамі, як абыходзіцца толькі самым неабходным, пазбаўляючы сваю ўласную прастору ад усяго лішняга.
Эколаг упэўнена: калі падпарадкоўвацца правілам «разумнага спажывання», будзе ўтварацца менш адходаў, на вытворчасць прадукцыі будзе траціцца менш матэрыялаў, вады, энергіі. Таму ад такога ладу жыцця, які называется «нуль адходаў», выгада з усіх бакоў — як эканаміная, так і рэсурсазберагальная.
Выкінь гэта неадкладна! 8 рэчаў, небяспечных для здароўя
Усё часцей Ірына бачыць людзей, якія ўсвядомлена падыходзяць да выбару тавараў. Для іх важна, што знаходзіцца ў прадуктовым кошыку, якія прадметы іх акаляюць. Таму для прыхільнікаў экаспажывання яна раіць даваць час сабе падумаць над кожнай пакупкай.
Набываць толькі тое, што сапраўды патрэбна. Ужо на гэтым этапе можна здорава зэканоміць, упэўнена эксперт. Гэты падыход дазваляе знізіць свой асасбісты і транспартны экаслед пакупкі.
Яшчэ адна добрая эказвычка, аб якой расказвае Ірына, гэта рамонт.
— Многія выкідваюць рэчы і купляюць новыя, а гэты падыход дазволіць у пэўнай меры зэканоміць. Цяпер вельмі распаўсюджана: людзі актыўна карыстаюцца каршэрынгам, катаюцца на жоўтых колабайках, самакатах, монаколах. Сэнс у тым, што адной рэччу карыстаецца шмат людзей, прычым яе вырабілі і набылі адзін раз, гэта таксама зніжае наш асабісты экаслед.
У краме трэба аддаваць перавагу таварам з экалагічнымі сертыфікатамі. А міжнароднае мабільнае прыкладанне Ecolabel Guide з функцыяй распазнавання экамаркіровак на ўпакоўках, якое было распрацавана расійскім экалагічным саюзам, дазволіць выбіраць экатавары і не памыляцца. Для гэтага трэба спампаваць прыкладанне на ваш мабільны тэлефон, навесці камеру на тавар і з’явіцца выява экасертыфіката. Такім чынам можна ўбачыць, што вялікая колькасць тавараў у крамах маюць так званыя несапраўдныя сертыфікаты, напрыклад, проста адмаляваныя дызайнерамі эказначкі. Самымі распаўсюджанымі экалагічнымі сертыфікатамі з’яўляюцца: лісток жыцця, еўрапейская кветка, крэвел ту крэвел і інш.
З рэчамі трэба развітвацца
– Каб зэканоміць і расчысціць сваю прастору, з рэчамі трэба развітвацца, і лепш экалагічна. Напрыклад, іх можна прадаць на платформе «Куфар» альбо аддаць у дабрачынны праект «KaliLaska», дзе гэтыя рэчы cарціруюць і размяркоўваюць па пэўных групах для тых, хто ў іх мае патрэбу.
Што датычыцца руху Zero Waste, то ён пачаў развівацца з падачы нашых некамерчых арганізацый, якія вядуць інфармацыйную работу з грамадствам. І вось паступова на працягу апошніх гадоў я сапраўды бачу, што стала з’яўляцца інфрастуктура, запыт ад грамадства. Адкрываюцца крамы з падыходам «нуль адходаў», кавярні, такія, напрыклад, як сталічны экабар «Tiden». Там укаранілі экалагічныя прынцыпы ў сваю работу, паралельна гандлююць экалагічнымі таварамі і дапамагаюць змяняць нашы ўяўленні.
Ірына прапануе зазірнуць у наш смеццевы кошык. Там будзе практычна адна ўпакоўка, яе вельмі шмат па аб’ёме. Эксперт лічць, што правільны крок пачынаюць рабіць некаторыя крамы, пераходзячы на экаўпакоўку і пазбаўляючыся ад пластыкавай. Ірына неаднаразова пісала звароты ў дастаўку адной буйной гандлёвай сеткі аб змяненні колькасці пластыкавай упакоўкі і поліэтыленавых пакетаў.
— Тавары можна ўпакаваць у адзін пакет, — расказвае яна. — Насамрэч я не замаўляю шмат, і кожны тавар няма неабходнасці класці ў тры-чатыры пакеты. Было б лагічным дадаць у сэрвіс анлайн-заказаў паслугу адмовы ад дадатковай упакоўкі. Таму нейкія рашэнні трэба прапрацоўваць, і мы, вядома, да гэтага ідзём, — дзеліцца дзяўчына. — Так, пачалі з’яўляцца экакрамы, напрыклад, першая інтэрнэт-крама ў стылі Zero Waste ў Беларусі Zerro.by прадае тавары, якія накіраваны на пазбаўленне вялікай колькасці адходаў. У краме можна набыць і шматразовыя альтэрнатывы, і касметыку з экасертыфікатамі, якая створана нашымі мясцовымі рамеснікамі. На гэтыя тавары сёння існуе вялікі попыт.
Экалагічны — паняцце не абсалютнае
Ірына пераканана, што экалагічны — паняцце не абсалютнае.
— Я звычайна еду па пакупкі на машыне, бяру з сабой авоську і фруктоўкі, каб не набіраць фасовачныя пакеты. Ці быў мой паход экалагічным? Мой учынак выклікаў выкід парніковых газаў. Таму ўсё адносна, у сваім вобразе жыцця я таксама бачу, што можна яшчэ палепшыць, але на 100 % экалагічным ніхто сябе назваць не можа. Ужо само нараджэнне чалавека на свет нельга ўявіць экалагічным, бо жыццядзенасць будзе ўздзейнічаць на акаляючы свет.
Эксперт лічыць, што людзі, якія пакуль не вырашыліся перайсці да экалагічнага ладу жыцця, баяцца ў першую чаргу вялікай колькасці інфармацыі, не хочуць губляць час на пошук шматразовых альтэрнатыў, экамаркіровак, неабходнасці разбірацца ў відах пластыку і г. д. Да таго ж, трэба разумець экалагічныя і этычныя знакі, якія на самай справе такімі могуць не з’яўляцца, бо, напрыклад, вытворца карыстаецца знакам, тэрмін абслугоўвання якога завяршыўся і неабходна праходзіць паўторную сертыфікацыю.
— Не ўсе тавары, якія пазіцыянуюць як «зялёныя», насамрэч з’яўляюцца экалагічнымі — часам вытворцы абмяжоўваюцца толькі гучнымі заявамі. Такая з’ява атрымала назву «грынвошынг» («зялёны камуфляж») — гэта ўвод пакупніка ў падман, калі тавар выдаецца за экалагічны, а на самай справе такім не з’яўляецца. Маркетолагі зразумелі, што прыйшоў час экатрэнду, экалагічныя тавары прадаюцца лепш, таму сталі пэўным чынам маркіраваць альбо рэкламаваць «экалагічныя» ўласцівасці тавараў, у продажы якіх зацікаўлены.
Якія праявы «грынвошынгу» можна ўбачыць у нашых крамах? Гэта вось такія гучныя надпісы, як -эка, -бія, арганік, 100 % натуральны, чысты… На гэтую тэму я часта раблю агляды ў сваім акаўнце адной з соцсетак. Чалавек бачыць яркія надпісы і думае, што, набываючы такі тавар, наблізіцца да экалагічнага спажывання. Маніпуляцыі з зялёным колерам цяпер праводзяцца паўсюль. У галаве людзей фарміруецца вобраз — раз зялёны колер, значыць, экалагічны.
Вельмі часта на ўпакоўцы ці поліэтыленавым пакеце чытаем: біяраскладаемы альбо зроблена з біяпалімераў. Тут таксама трэба разбірацца.
Справа ў тым, тлумачыць Ірына, што сам па сабе пластык нікуды не знікае, ён разбураецца, але гэта наадварот садзейнічае яго больш хуткай міграцыі ў паветра, глебу, трапляе такім чынам да нас у арганізм.
Часта пішуць, што ўпакоўка з крухмалу, цукровага трасняку, але, як правіла, туды ўсё роўна дадаюць палімеры, бо ў абсалютна чыстым выглядзе складана стварыць упакоўку з біяпалімераў, тады аб экалагічнасці гаварыць і няма чаго.
Культура сартавання адходаў
У сваёй кватэры Ірына сартыруе прыкладна 15 фракцый адходаў, але калі вы прыйдзеце да яе, не ўбачыце гэтага. Кантэйнеры для адходаў знаходзяцца ў розных месцах, не ўтвараюць вялікіх аб’ёмаў і дрэннага паху.
— У сталіцы ў мяне ёсць магчымасць і блістары збіраць, і зубныя шчоткі, таму што іх ёсць куды здаць. А ў рэгіёнах, прыватным сектары альбо ў вёсцы прапаноўваюць двухпаточную сістэму раздзельнага збору адходаў — чорны кантэйнер для змешаных адходаў і чырвоны для другасных матэрыяльных рэсурсаў. А куды выкідваць адпрацаваныя банкаўскія і дысконтныя карткі, блістары, шчоткі, якія складаюцца з шостага віду пластыку і ў нас не перарабляюцца? Зразумела, што і людзям няма прычыны збіраць гэтыя адходы, бо іх няма куды здаць. Недастаткова развітая інфраструктура ў параўнанні з перадавымі краінамі, мне здаецца, таксама адна з важных прычын адсутнасці культуры сартавання адходаў.
Мы спыталі ў Ірыны наконт экасацыяльных праектаў і магчымасці праявіць сябе ў якасці валанцёра.
— У нас у краіне існуе шмат розных экапраектаў, дзе любы ахвотны можа сябе праявіць. Такія арганізацыі займаюцца не толькі праблемамі экалогіі акаляючага асяроддзя, а яшчэ і сацыяльнымі пытаннямі. Так, у праекце KaliLaska, які ажыццяўляе збор рэчаў, будуць рады валанцёрам на сарціроўку, для кіравання лагістыкай, разбору заявак. Ёсць экасацыяльны праект Kryshariki, думаю, усе бачылі яркія кантэйнеры, куды збіраюць пластмасавыя крышачкі ад бутэлек.
Справа ў тым, што пластыкавыя бутэлька і крышачка — складаюцца з рознага віду пластыку. Від пластыку, з якога зроблена крышачка, вельмі цэніцца перапрацоўшчыкамі, і калі здаваць асобна, можна выручыць больш грашовых сродкаў.
Дырэктарам гэтага праекта з’яўляецца Наталля Кунцэвіч. Гэты праект цалкам валанцёрскі, там няма ніякай камерцыйнай асновы. Усе грошы ад праекта накіроўваюцца дзеткам з асаблівасцямі развіцця. У асноўным на выручаныя сродкі купляюць прадметы быту для дзяцей, інвалідныя каляскі і г. д. Кожны можа ў гэтым праекце прыняць удзел, стаць валанцёрам альбо куратарам.
Хутка мая дачушка пойдзе ў дзіцячы садок, там я таксама планую ўкараніць такі праект. Усталюю кантэйнер і буду такім чынам валанцёрыць. Мне здаецца, гэта цудоўная магчымасць, як для дарослых, так і для дзяцей, не толькі вучыцца разумна ўтылізаваць адходы, але і дапамагаць іншым.
Яшчэ адзін сацыяльны праект, які заслугоўвае ўвагі па меркаванні эксперта, «Кнізе другое жыццё». Яго стварылі супрацоўнікі прадпрыемства «Белгіпс-эка», што займаецца зборам і перапрацоўкай макулатуры.
Аб праекце можна даведацца ў інстаграме knige_zhizn. Кожны дзень, дзякуючы праекту, нераўнадушныя грамадзяне прывозяць тысячы непатрэбных кніг, а іншы раз перадаюць і цэлыя хатнія бібліятэкі.
На сарціроўцы працуюць людзі трэцяга ўзросту, і з кожным разам з’яўляецца ўсё больш ахвотных паўдзельнічаць ў праекце альбо стаць валанцёрам. Усе кнігі перадаюцца ў рэгіянальныя бібліятэкі, у дамы ветэранаў, інтэрнаты і г. д. Ірына гаворыць, што яе, як эколага, гэта радуе. Заўважна, што павышаецца ўзровень экалагічнай культуры беларусаў.
https://bel.24health.by/yak-vybrac-pascelnuyu-byaliznu/