Site icon Слушна

Якая птушка самая карысная? (казка) + аўдыё

Пакарміце птушак зімой

https://bel.24health.by/wp-content/uploads/2022/01/Yakaya-ptushka-samaya-karysnaya.mp3?_=1

https://bel.24health.by/wp-content/uploads/2022/01/Yakaya-ptushka-samaya-karysnaya-chast2.mp3?_=2

 

Сапраўдная зіма выдалася сёлета. З дзікімі завірухамі ды пякучымі маразамі, парывістымі  ды калянымі вятрамі, вялікімі ды іскрыстымі снягамі.

Хлопчыкі і дзяўчынкі  раніцай па дарозе ў садок ці школку таксама захінаюць свае вушкі і носікі, каб не прыхапіў іх мароз Траскун. А днём, калі выглядае пакуль яшчэ халоднае, але доўгачаканае сонейка і заблішчыць, заіскрыцца вясёлкай зіхатлівы сняжок, вы таксама, я ўпэўнены, выходзіце забаўляцца ў двор да сваіх сяброў. І трапляеце ў гэтую дзівосную казку прыроды.

Зімовыя забавы

 

І ў мяне, казачніка, кожнае сваё спатканне з сябрамі сваімі меншымі – птушкамі – пакідае цёплыя ўспаміны не толькі таму, што яны ўпрыгожваюць прыроду сваімі спевамі, яркім прыгожым убраннем, але і …

Паслухай гэтую цікавую казачную гісторыю пра тое, якія птушкі, што зімуюць у нашых садах ды парках, найбольш  карысныя.

Сабраліся аднойчы  птушкі ў садзе на свой сход, вырашыць, хто найбольш карысны для прыроды і чалавека. Першай, адкуль толькі ўзялася, азвалася сарока-Белабока. Села на галінку грушы.

— Чы-чы, чы-чы! Няўжо вам невядома, што лепшая з птушак – я?  І як застракочыць на ўсё наваколле, быццам з кулямёта якога – чы-чы-чы! – Паглядзіце, якая я прываблівая!

— О-о-о! Дзе толькі фэст, то і я там ёсць! Не выхваляйся тут! Разгулялася як тая завіруха на ўсе галасы сваёй бязладнай песні – перадражніла  цікаўную сароку з яшчэ больш задзірлівым норавам варона.

Кар-р, кар-р! Ці ж не бачна, што я тут самая галоўная? І пачала верш чытаць, хаця і асіплым голасам, але зразумела і дакладна, што ўсе здзівіліся, бо ніколі раней не чулі акрамя аднаго кар-р-р.

Стракатуха прыляцела

І на даху дома села,

Не жыццё адна марока,

Як пачне трашчаць …

Усе покатам рассмяяліся і, зразумеўшы пра каго гэта, пазіралі на сароку.  — А цяпер ты адгадай  маю загадку, не здавалася зняважаная сарока:

Матылі насіліся,

Над зямлёй кружыліся,

А як долу ўпалі –

Белым пухам сталі.

— Зярняты? .

— Э-э-эх! – раздаўся покрык сарокі. Табе толькі  дармовыя зярняты і сняцца. Гэта – сняжынкі!

— Паляцелі, іншым разам, як выправім свой нораў, прыляцім, –  прапанавала варона, прызнаўшы сваё паражэнне, нібыта роднага Хведара кумаў сват, падхапіла тую пад крыло.

Сорамна ім стала вось і зляцелі. Тым часам птушыны сход працягваўся.

— Як і змалку прывыклі спяваць на хлеб сарока ды варона, дзве выхвалякі-ганарліўцы – азваліся з куста каліны дзве птушачкі з бліскуча-чорным апярэннем, ружовымі брушкамі ды шэрымі спінамі, снегіры, а яшчэ іх гілямі завуць. – Лічым, што найбольшую карысць прыносіць лесу, радзей гарадскім паркам, ды садам… Але найперш адгадайце загадку:

       Хоць не ляснік, хоць не цясляр,

А ў лесе важны гаспадар

 Пасаду доктара займае:

    Тук-тук! – ён дрэвы правярае.

Верабейка саскочыў з кусціка агрэсту на суседняю галінку парэчак, узняў сваю храбрую галоўку, задумаўся, нібы трымаючы акцёрскую паўзу, горда вымавіў:

— Гэта дзяцел! Я бачыў днямі чорнага такога ў чырвоным каптурыку.

— Але ж ён больш ў лесе працуе.

— Найбольшую карысць прыношу я, –  не вытрымаў верабейка. – Я ўсё бачу і ведаю, што дзеецца ў гарадскіх парках ды садах. І я мошкі з кузуркамі збіраю.

— Так ды не так, браце, збіраеш, як мог бы – мовіла попельна-шэрая з блакітным адценем, белым брушкам з рыжаватымі пёркамі птушачка попаўзень. І  палезла ўверх па камлі яблынькі. – Табе б больш зярнятак дармавых, ды якой мешанкі ад курак гаспадарскіх скрасці. Паглядзі на сябе, як растаўсцеў! І не сорамна?

— Я, я, – не чакаў такога  сяброўскага выкрыцця, захваляваўся верабейка, – вы-ы-праўлюся, абавязкова вы-ы-праўлюся, – заікаўся, абяцаючы, перамяніцца... –  А можна мне назваць іншых карысных птушак, чык-чырык?

— Паспрабуй!

— Шэрая мухалоўка, шчыгол, гарыхвостка, каралёк…

— Правільна ты называеш, але ж мы гутарым пра зіму.

— Тады толькі сінічка, мая суседка! – узрадавана вымавіў верабейка. – Гэта яна найбольш працалюбівая і рухомая. З раніцы да ночы збірае розных шкоднікаў-вусеняў ды іх лічынак, чык-чырык.

— Ну, што вы, сябры, – падала свой сціпленькі галасок сінічка Цінь-цінь. –Нічога асаблівага! Я  раблю звычайную справу.

— Звычайную, кажаш, справу, але незвычайна яе выконваеш, – падтрымаў вераб’я попаўзень, які зляцеў з вялікага і разгалістага куста абляпіхі. – Бачым штодня як цэлыя чародкі жоўта-зялёных камячкоў шчыруюць-завіхаюцца ў садах і  гарадскіх парках. Нават калі мітусіцца снег і завывае мяцеліца, – закончыў сход попаўзень.

— Не трэба, сябры, – зноўку азвалася сінічка Цінь-цінь. Не тое галоўнае, калі ўсе ведаюць пра цябе, а тое – каб справа, якую выконваеш, патрэбнай іншым была, – ціхенька так прамовіла і знікла ў глыбіні дрэў.

Гэтую размову птушак пачуў хлопчык Ільюша. Ён усыпаў колькі жменек семак і зярнятак проса ў кішэню, паклаў ў мяшэчак скрылькі сала.

— Ну, дзе вы падзеліся, мае памочнікі? Калі ласка, налятайце, падсілкуйцеся! – пачаў высыпаць ласункі.

Сінічкі адразу паселі ў свае кармушкі, якія ім яшчэ мінулай зімой змайстраваў Ільюшка, і дружна пачалі дзяўбсці свае любімыя ласункі.

— Дзякуй табе, хлопча! Мы аддзячым табе, і летам будзем збіраць шкодных чарвячкоў і вусеняў.

— Затрымаемся тут і на гняздоўе, і будзем абараняць твой сад, – радасна, у адзін голас, дапоўніла сяброўку некалькі сінічак.

Яны скачуць з галінкі на галінку, весела ценькаюць, перагаворваюцца, радуюцца ўдзячнасці  чалавека.

— Малайцы, мае памочнікі! На наступную зіму я змайструю яшчэ тры сінічнікі, каб было дзе ўсім ад непагадзі схавацца. І новыя  кармушкі – для пачастункаў. А яшчэ вакол сада пасаджу свежыя кусты каліны, глогу, шыпшыны. Ведаю, што вам яны падабаюцца.

Ён  выняў з кішэні мяшэчак са скрылькамі сала і падвесіў кожны на асобныя сучкі.

Нечакана, як па ўзмаху казачнага дырыжора, падзьмуў лёгкі ветрык. Сад заспяваў сваю ціхую зімовую песню. Аб чым яна? Я прыслухаўся і зразумеў: аб самым спрадвечным – аб прыгажосці жыцця і прыроды.

Exit mobile version