Імя гэтага навукоўца было добра вядома ў канцы ХІХ стагоддзя, як у Беларусі, так і за яе межамі – у Пецярбурзе, Берліне, Вене, Парыжы, Рыме. Яго навуковыя інтарэсы ахоплівалі галіны фізікі, медыцыны, прыродазнаўства.
Пры жыцці гэтаму чалавеку былі нададзены высокія званні, тытулы і ўзнагароды. Гэта ён адзін з першых «пачуў» электрычны разрад у атмасферы, чым далучыўся да вынаходніцтва радыё. Ягоныя працы навуковая еўрапейская супольнасць у тыя часы ставіла ў адзін шэраг з працамі Луі Пастэра і Вільяма Рэнтгена. Імя гэтага чалавека – Якуб Наркевіч-Ёдка.
Якуб Наркевiч-Ёдка паходзiў з багатага шляхецкага роду. Дзед навукоўца, Ануфрый Наркевiч-Ёдка, па некаторых звестках, быў архiварыусам князёў Радзiвiлаў і ў 1823 годзе набыў у іх маёнтак Малыскаўшчына, вядомы з ХVI стагоддзя.
Пасля паўстання 1830–1831 гадоў Ануфрый быў асуджаны да пажыццёвага зняволення ў сваім маёнтку і стаў перабудоўваць былую радзівілаўскую вінакурню пад сядзібны дом. Ён запрасіў архітэктара Францішка Яшольда, які праектаваў Косаўскі палац. Будаўніцтва вялося ў стылі барока і неаготыкі і было завершана да 1840 года. З-за таго, што палац знаходзіўся на правым, узвышаным беразе ракі Нёман, сын Ануфрыя Атон змяніў назву Малыскаўшчына на назву Наднёман. Уладальнікам сядзібы належала 4 тысячы гектараў зямлі, даход прыносілі раслінаводства, жывёлагадоўля і гандаль лесам.
Наднёман праславіўся ў часы, калі ён належаў Якубу, сыну Атона і ўнуку Ануфрыя. Якуб Наркевіч-Ёдка ўвайшоў у гісторыю як знакаміты прыродазнаўца, вынаходнік электраграфіі і медык, заснавальнік сістэматычных метэаралагічных і феналагічных назіранняў у Мінскай губерні, прыхільнік маштабнага выкарыстання атмасфернай электрычнай энергіі ў сельскай гаспадарцы.
Наркевіч-Ёдка нарадзіўся ў 1847 годзе ў маёнтку Турын Ігуменскага павета. Яго ў пасаг атрымала маці Якуба Анэля Якаўлеўна, у дявоцтве Эстка. Немаўляці далі імёны Сармант-Якуб-Жыгімонт. Маці Якуба мела ўзвышаны і нават вытанчаны артыстычны характар, паходзіла са слаўнага роду Касцюшкаў, чым вельмі ганарылася і ўсяляк старалася гэта падкрэсліць. Выдатна адукаваная, яна ўгаварыла мужа даць сыну самую лепшую адукацыю. На думку Анэлі Якаўлеўны, ён павінен быў не толькі цудоўна ведаць арыфметыку, валодаць чыстапісаннем, разбірацца ў літаратуры, свабодна размаўляць па-французску, але і старанна развіваць свае таленты. Геній Якуба маці бачыла ў музыцы. І спецыяльна для сына запрасіла ў радавы маёнтак настаўніка ігры на фартэпіяна.
У трынаццаць гадоў юнак паступіў у Мінскую губернскую гімназію. Трэба адзначыць, што з гэтай установы выйшла шмат выдатных дзеячаў беларускай, рускай і польскай культуры. Сярод іх Яўхім Карскі – энцыклапедыст, беларусазнаўца, акадэмік, пісьменнікі Антон Лявіцкі, Янка Лучына, кампазітар Станіслаў Манюшка.
Музыка настолькі захапіла маладога Якуба, што ў нейкі момант ён вырашыў прысвяціць ёй усё жыццё. У 1865 годзе, пасля заканчэння гімназіі са ступенню бакалаўра навук, ён выправіўся ў сапраўднае музычнае турнэ па лепшых дамах Старога Свету, дзе ягоную гру з захапленнем сустракалі і давалі пахвальныя водгукі нават некаторыя еўрапейскія каралеўскія асобы. Стаўшы пазней уладальнікам маёнтка, ён на сядзібнай вежы ўсталяваў «музычную машыну» – своеасаблівую «эолаву арфу». Ад ветру арфа выдавала розныя гарманічныя гукі – ад вельмі ціхіх таямніча-трывожных да вельмі гучных.
Аднак яшчэ ў гімназічныя гады Наркевіч-Ёдка адчуваў глыбокую цікавасць не толькі да музыкі, але і да прыродазнаўчых навук – фізікі, біялогіі, медыцыны. Дзеля здзяйснення сваёй мары ён з’ехаў за мяжу – атрымліваць дадатковую адукацыю ў вышэйшых навучальных установах, дзе ён спецыялізаваўся ў галіне фізікі, прыродазнаўства і медыцыны. Апошнюю, дарэчы, ён вывучаў у Вене, Парыжы і Фларэнцыі.
У другой палове 1871 года Наркевіч-Ёдка вяртаецца на радзіму і пачынае актыўна займацца даследаваннямі ў галіне фізікі, метэаралогіі, медыцыны, псіхалогіі, сельскай гаспадаркі. У сядзібе Наднёман у 1889 годзе Якуб Антонавіч арганізаваў адну з першых ва Усходняй Еўропе метэаралагічную станцыю, дзе праводзіў доследы па бяздротавай перадачы электрамагнітных сігналаў.
Ён вынайшаў практычнае выкарыстанне ў медыцыне метада электрамагнітнага выпраменьвання газаразраднай плазмы. У 1891 годзе перад навуковай публікай паўстала новая распрацоўка Наркевіча-Ёдкі – электрафатаграфаванне «без аб’ектыва. Прынцып засноўваўся на тым, што аб’ект, які дакранаўся да фотапласцінкі пад электрычнай напругай, пакідаў на ёй выяву свайго «эфірнага цела».
За гады даследаванняў вучоны сабраў каля 1500 такіх фатаграфій. На адных былі захаваны сарваныя расліны, свячэнне якіх паступова згасала па меры завядання. На іншых роўным і мяккім святлом вымалёўваліся рукі паддоследных асоб. Яму ўдалося адзначыць розніцу адбіткаў электрычных токаў у хворых і здаровых, стомленых і ўзбуджаных, уцямных і сонных. Сваю вынаходку Наркевіч-Ёдка назваў электраграфіяй. Гэты метад і сёння вядомы ў свеце як “Сістэма Ёдкі”.
Дарэчы, менавіта на аснове адкрыцця Наркевіча-Ёдкі пасля быў створаны дэтэктар хлусні. Хаця сам аўтар выкарыстоўваў уласнае вынаходства выключна для складання электраграм, якія дапамагаюць доктару паставіць дыягназ і прызначыць лячэнне. Сістэмай, названай у гонар вучонага, па сёння карыстаюцца ў розных клініках свету.
Якуб Наркевіч-Ёдка быў сябрам шэрагу навуковых таварыстваў, у тым ліку Інстытута эксперыментальнай медыцыны ў Пецярбургу, Таварыства італьянскай медыцыны і псіхалогіі, ганаровым доктарам Венскага медыцынскага таварыства. У 1900 годзе на міжнародным кангрэсе ў Францыі вучонаму прысудзілі званне прафесара электраграфіі і магнетызму. У Францыі яго называлі «электрычным чалавекам», а сяляне з навакольных вёсак – «ведзьмаком».
У канцы ХІХ стагоддзя шмат людзей памірала ад сухотаў. У Якуба хвароба забрала бацьку і сястру. Таму лячэнне сухотаў стала адным з кірункаў яго дзейнасці. У маёнтку ён адкрыў санаторый і наладзіў вытворчасць… кумысу, які лічыўся гаючым напоем ад такой хваробы. Былі закуплены спецыяльнай пароды коні, запрошаны спецыялісты з Башкірыі. І ўсё гэта для таго, каб госці санаторыя маглі піць гаючы кумыс. За лета ў сядзібе прафесара выраблялі звыш 5000 бутэлек кумысу, прычым 2000 з іх гаспадар санаторыя загадаў задарма раздаваць мясцовым сялянам. Ён таксама штогод бясплатна браў у санаторый пяцьдзесят пацыентаў з навакольных вёсак.
У хваёвым лесе былі пабудаваны камфартабельныя катэджы, створаны аранжарэі са шклянымі сценамі і кабінамі, каб пацыенты ізалявана маглі дыхаць гаючым паветрам. У санаторыі таксама лячылі хрыбетнік, заіканне, нервовыя і псіхічныя хваробы. Для дыягностыкі выкарыстоўвалася электратэрапія, для гэтага быў абсталяваны спецыяльны кабінет. У абавязковы рэабілітацыйны курс уваходзіў электрамасаж нервовых вузлоў індукцыйным токам. Дзякуючы гэтай працэдуры Наркевіч-Ёдка паспяхова лячыў востры раматус і нават падымаў з ложка паралізаваных. Лячэбны комплекс абавязкова складаўся з гімнастыкі, музыкі і святлатэрапіі, прыняцця паветраных, водных і сонечных ваннаў. Існавала і аддзяленне прышчэпак ад дыфтэрыі. Вакцыну атрымлівалі з пецярбургскага Інстытута эксперыментальнай медыцыны і бясплатна забяспечвалі ўсё насельніцтва Магілянскай воласці.
У санаторыі быў цэлы штат супрацоўнікаў, і медыцынскую дапамогу мог атрымаць любы чалавек незалежна ад маёмаснага і сацыяльнага стану. Сюды ехалі лячыцца не толькі з бліжэйшых мясцін, але і з усёй Еўропы. Якуб Атонавіч таксама адкрыў аптэкі ў мястэчку Пясочнае і ў Слуцку. Недалёка ад маёнтка прафесар загадаў зрабіць свідравіну, дзе здабываў для санаторыя мінеральную ваду.
У чэрвені 1903 года каля берага Нёмана рабілі басейн для дзікіх качанят і выявілі крыніцу, якая біла ключом. З Мінска выклікалі спецыяліста, і ён правёў даследаванне вады. Аказалася, што яна ўтрымлівае вялікі працэнт жалеза. На наступны год крыніцу добраўпарадкавалі, ваду сталі выкарыстоўваць для лячэння хвароб. Крыніцу назвалі «Якубаўка». Цяпер побач з ёй санаторый Пад’ельнік.
Апроч гэтага Наркевіч-Ёдка яшчэ ў 1890 годзе прымяніў для рэгістрацыі навальнічных разрадаў сканструяваны ім прыбор, асноўнай часткай якога служыла тэлефонная трубка. Прыбор дазваляў рэгістраваць электрычныя разрады ў атмасферы на адлегласці да 100 км. Гэта азначае, што за некалькі гадоў да Тэслы і Марконі беларускі вучоны стварыў радыёпрыёмнік. Значнасць работ Наркевіча-Ёдкі абмяркоўвалі ў 1898 годзе на пасяджэнні Французскага фізічнага таварыства. Аднак атрымліваць патэнт на радыё Наркевіч-Ёдка не палічыў патрэбным: куды больш карысным сваім вынаходствам ён лічыў электраграфію.
Якуб Атановіч пайшоў з жыцця 6 лютага 1905 года і пахаваны на фамільных радавых могілках у вёсцы Наднёман Уздзенскага раёна. Улетку 2002 года была праведзена рэстаўрацыя гэтых могілак і ўсталяваны памятны камень ў гонар навукоўца.
Пасля рэвалюцыі 1917 года сын Якуба Атонавіча Конрад з’ехаў у Польшчу. У будынках маёнтка была школа механізатараў, потым дзіцячы санаторый. У час вайны партызаны ўзарвалі сядзібны дом, каб яго не выкарысталі ворагі. Засталіся падмуркі і рэшткі сцен.У 2000-м дзяржава ўзяла яго пад ахову, з 2015-га ў ім вядуцца рэстаўрацыйныя работы.
У сядзібе, якой, дарэчы, нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, плануецца стварыць музей-лабараторыю Наркевіча-Ёдкі. Мяркуецца, што Наднёман стане месцам для семінараў і сустрэч, сюды будуць запрашаць таленавітую моладзь, апантаную фізікай і матэматыкай, для ўдзелу ў міжнародных адукацыйных праграмах. Апроч таго, у Наднёмана ёсць выдатны патэнцыял для таго, каб стаць прывабным турыстычным брэндам, часткай папулярных маршрутаў.
https://bel.24health.by/malavyadomyya-fakty-z-zhyccya-adama-mickevicha/
Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by