Ну вось неўпрыкмет і праляцеў-праімчаў Масленічны тыдзень. Памятаю, як даўней было цікава даведвацца, чым адметны кожны з гэтых сямі дзён. Сустрэча Масленіцы, Зайгрышы, Залоўкіны вячоркі… Дзесьці – атясамліваючы з рускімі традыцыямі, дзесьці – прыгадваючы сваё… І бліны мая мамачка абвязкова пякла – розныя. Па традыцыі сваёй роднай Смаленшчыны, колішняй беларускай яе часткі…
Сёлета Масленічны тыдзень па шматлікіх прычынах увогуле прайшоў міма мяне… І засталіся толькі ўзгадкі пра Масленіцу і Даравальную нядзелю. Бо – сёння. І пра тое, што з 15 сакавіка для праваслаўных пачынаецца Вялікі пост.
Ні ў якім разе не прэтэндую на глыбокі аналіз і даследаванне беларускіх народных традыцый. Як не сцвярджаю, што ў пэўны дзень трэба абавязкова гэта рабіць, а гэта не рабіць, і будзе нам шчасце. Ва ўсім найчасцей элемент лёгкага чытання, для разгрузкі.
Не, мне, вядома, вельмі прыемна атрымліваць зваротную сувязь і даведвацца, што хтосьці штосьці пераняў альбо і так робіць ці збіраўся рабіць… Гэта насамрэч здорава! Не бачу нічога благога і ў тым, што кожны выбірае для сябе: альбо ісці ўслед за хрысціянскімі традыцыямі дня, альбо за паганскімі ўяўленнямі, альбо за пэўнымі дураслівымі традыцыямі прыдуманых святаў.
Што ўжо казаць пра традыцыі ўласнай сям’і… Якія не абавязкова перадаюцца з пакалення ў пакаленне, бо ў чымсьці ўжо добра-такі састарыліся, аджылі. І не трымаем мы ў той жа гарадской кватэры сякеру альбо серп для пэўных рытуальных дзеянняў… Галоўнае, каб тыя традыцыі – старыя альбо новыя – увогуле былі. І аб’ядноўвалі.
У нашай сям’і ўжо шмат гадоў было прынята і пячы бліны на Масленіцу, і ўдзельнічаць у народных гуляннях, якія да пандэміі каранавіруса ладзіліся ў чэрвеньскім лесапарку сапраўды даволі шырока. Праўда, туды я найчасцей ішла як журналіст ці блогер, з мэтай – сфатаграфаваць і напісаць. А калі атрымлівалася яшчэ і расслабіцца, дык тое было хутчэй дадатковым бонусам.
Да гэтага часу прыгадваю прыгажэнную ляльку з бліноў, якую неяк давялося пабачыць. Мясцовую традыцыю Горкаўскай акругі пячы бліны на калодзе. Вясёлыя гульні і конкурсы для малых і дарослых. Асабліва смешна было назіраць, як людзі спрабавалі чапялою паставіць чыгунок у імправізаваную печку – з завязанымі вачыма…
Памятаецца і рыжы кот, да якога я выходзіла з блінам, каб зрабіць адмысловы фотаздымак, які пасля ў раздзеле «Надвор’е» надрукавалі ў «Звяздзе»… Вы хочаце даведацца, ці дастаўся таму кату блін?! Вядома ж… І кату натуральна была Масленіца! 🙂
Што тычыцца хрысціянска-народнай традыцыі – прасіць прабачэння ў Даравальную нядзелю… Яна таксама была заведзеная ў нашай сям’і. І мне падаецца, што ў якой бы форме гэтае дзейства ні праходзіла, калі шчыра, ад душы і сэрца і прасіць, і дараваць, дык гэта пойдзе толькі на карысць.
Зрэшты, прымусіць сябе папрасіць прабачэння, нават калі сапраўды адчуваеш сябе вінаватым, – тое яшчэ выпрабаванне. А дараваць, калі сапраўды моцна пакрыўдзілі? Увогуле атрымліваецца не ва ўсіх. І далёка не адразу. Але паколькі крыўды і злосць разбураюць… Усё ж нам трэба навучыцца гэта рабіць. І сёння – добрая нагода, каб пачаць. Ці не так?!
Дарэчы, калі людзі просяць даравання адзін у аднаго не віртуальна, а ў рэале, яны тройчы цалуюцца. Хаця падчас пандэміі асабіста я ад такой традыцыі ўстрымалася б… Ды і цалавацца ў масках няёмка! 🙂 А яшчэ старэйшыя павінны першымі папрасіць прабачэння ў малодшых.
Вядома ж, у век інтэрнэту гэтую традыцыю не маглі не выкарыстаць у сацыяльных сетках. І сёння для многіх станецца сапраўдным выпрабаваннем атрымліваць дзясяткі паштовак і віртуальных падарункаў з просьбай дараваць.
Ух, як я спачуваю тым, каго гэта вельмі раздражняе! 🙂 Мяне асабіста – не. Галоўнае – паспець усім разаслаць тое ж у адказ, каб не было крыўдаў. І я веру, што і ў гэтым выпадку Сусвет нас чуе, бачыць і множыць дабрыню.
Так што даруйце, шаноўныя сябры, калі сваімі роздумамі ў блогу «Думкі ўслых» я кагосьці нейкім чынам уводжу ў зман. Шчыра жадаю ўсім здароўя, шчасця, дабрабыту, удачы. І – ямо блінцы, даруем крыўды!