Вось такім прадказальным быў гэты дзень – Ярмілы (альбо Яромы) – у нашых продкаў. Праводзілі яго традыцыйна дома, з сям’ёй, за прыемнымі размовамі ды назіраннямі. І – толькі за няцяжкай працай, калі ў той мелася пільная патрэба. А цяжка працаваць забаранялася.
«Ярома на печцы – хваробы адолей і больш не хварэй», казалі ў народзе. І насамрэч стараліся з хаты не выходзіць. Бо падчас ранейшых традыцыйных зімаў у гэты дзень якраз надараўся моцны мароз. Вось з цягам часу і склалася ўяўленне, што калі на Ярому пабыць у цяпле, дык хварэць не будзеш. А праверыць гэта, зрэшты, няцяжка: нядзеля ж… 🙂 Можна і не выходзіць нікуды.
А каб не было сумна цэлы дзень, нашы продкі… назіралі за коткамі! Лічылася, што з іх дапамогай можна пазбавіцца ад хваробаў і бяссонніцы. Так, калі малое дзіця дрэнна спала, у Ярмілаў дзень перад начным сном у яго калыску саджалі котку. Яшчэ лепей, каб яна пэўны час там паспала. Але толькі не пакідаць яе разам з дзіцем на ноч. А так гэтае немудрагелістае дзеянне абяцала, што малое цяпер цэлы год будзе добра спаць.
Дарослыя ж стараліся стаць альбо прысесці на тое месца, дзе любіць ляжаць котка, і пабыць там пэўны час. Яны верылі, што гэта павінна паспрыяць у пазбаўленні ад хваробаў, асабліва нечаканых і незразумелых. А вось тыя месцы, якія котка не любіць, лічыліся дрэннымі, іх абыходзілі, не ставілі туды ні ложак, ні стол.
Зразумела ж, на Ярмілаў дзень катоў і котак імкнуліся пачаставаць чым-небудзь смачным. А яшчэ – назіралі за іх паводзінамі, якія маглі прадказаць будучае надвор’е. Ну, улічыўшы, што на той час яно было практычна заўсёды прадказальным… Дык чаму б і не?! Нам сёлета без традыцыйнай зімы гэта больш складана, але паспрабуем.
Калі котка вострыць кіпці аб сцяну ці падлогу, чакай дрэннага надвор’я, з ветрам ды завірухамі. А калі катаецца па падлозе – будзе цёпла. Калі ж звернецца ў клубок – наперадзе маразы.
Катоў ды котак і штодня стараліся не крыўдзіць, але на Ярому – асабліва. Таксама не раілі адштурхоўваць котку, калі яна кладзецца на чалавека. Па старажытных павер’ях, мудрая жывёліна так лечыць.
Так што калі ў каго ёсць магчымасць пагрэцца сёння на печцы ды палашчыць котку, абавязкова ёю скарыстайцеся!
А мы працягваем назіраць за народнымі прыкметамі ды спрабуем адгадаць, якое надвор’е ўсё ж чакае нас да заканчэння студзеня.
Калі на Ярому лес шуміць, дык хутка пацяплее (здаецца, куды ўжо нам цяплей?!) і снег пойдзе. А калі дрэвы ў лесе трашчаць, дачакаемся-такі маразоў. Вось толькі… як гэта ўсё пачуць, калі з дому выходзіць не раяць?! 🙂 Няўвязачка атрымліваецца…
Туманнае кола вакол месяца быццам прадказвае завіруху. І гэта цікава, бо акурат на сёння нам у прагнозе надвор’я Белгідрамет якраз туман і абяцае.
Калі ў Ярмілаў дзень за акном шчабечуць сінічкі, дык чакайма ранняй вясны. Хм… Дык у нас яшчэ і зімы-то не было… Наконт сінічак – праверыць даволі лёгка, бо пад маё акно яны прылятаюць рэгулярна. Паглядзім, ці прыляцяць сёння.
А вось снегіроў, хаця пра іх нічога ў прыкметах не сказана, у гэтым студзені ў нас у Чэрвені бачу рэгулярна! Вось і ўчора – нават на двух дрэвах, што растуць на ладнай адлегласці адно ад другога. Харчаваліся птушачкі… Такі парадокс: снегу – няма, а снегіры – ёсць!
… У чарговы раз з настальгіяй прыгадаўшы такую ўтульную печку свайго дзяцінства ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна, сяджу каля яе зусім несамавітага заменніка – батарэі. З цеплынёй узгадваю пяшчотных котак, якія калісьці ў нас жылі. Паглядаю з акна на лес, спрабуючы адгадаць, шуміць ён ці трашчыць. І спадзяюся, што хто-небудзь з вас, шаноўныя сябры, усё ж выпрабуе на сабе прыкметы, якія існавалі даўней на Ярому, а тады падзеліцца з іншымі: што тут – праўда, а што – не. Здароўя ўсім!
Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!