20.02.2021
20.02.2021

Язвавая хвароба страўніка: дыета, асаблівасці меню, спосабы апрацоўкі ежы

logo
Лячэбнае харчаванне і дыеты
0 48
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Язвавая хвароба верхніх аддзелаў стрававальнай сістэмы характарызуецца паражэннем слізістай стрававода, страўніка ці 12-ціперснай кішкі.

Галоўным сімптомам язвавай хваробы з'яўляецца боль у эпігастральнай вобласці (у верхняй частцы жывата), які можа быць тупым, вострым і суправаджацца пякотай альбо адчуваннем «перапоўненага» страўніка. Спадарожным сімптомам можа быць кіслотны рэфлюкс альбо пякотка.

Асноўным фактарам утварэння язваў на слізістай страўніка і 12-ціперснай кішкі ў 50% пацыентаў з'яўляюцца бактэрыі групы Хелікабактар пілоры (Helicobacter Pylori), а таксама доўгае прымяненне нестэроідных супрацьзапаленчых прэпаратаў.

На тыя 50% пацыентаў з язвавай хваробай, што засталіся, выпадаюць такія прычыны, як злоўжыванне алкаголем, курэнне, наркотыкі, працяглыя стрэсы, генетычная схільнасць. І толькі ў нязначнай часткі пацыентаў этыялогія захворвання застаецца нявысветленай.

Цяпер асноўным метадам дыягностыкі язвавай хваробы з'яўляецца фібрагастрадуадэнаскапія (ФГДС), якую можна зрабіць у любой паліклініцы альбо медыцынскім цэнтры. Гэтае абследаванне неабходна прайсці тым, у каго ёсць хаця б адзін з пералічаных сімптомаў.

Вельмі часта язвавая хвароба на ранніх стадыях працякае бессімптомна. А калі ўлічыць, што язва можа даць штуршок развіццю анкалагічнай паталогіі, клініцысты рэкамендуюць праводзіць ФГДС не радзей за адзін раз на год.

Існуе шырокі спектр прэпаратаў, якія дапамагаюць вылечыць язвавую хваробу. У кожным канкрэтным выпадку неабходна звяртацца да гастраэнтэролага, які прызначыць адпаведнае лячэнне. Я ж хачу распавесці аб правілах харчавання пры язвавай хваробе.

Асаблівасці харчавання пры язвавай хваробе

Няма ніякіх пераканаўчых доказаў таго, што дыетычныя абмежаванні і мяккія дыеты адыгрываюць ролю ў гаенні язвы. Хаця раней асноўным спосабам лячэння язвавай хваробы, акрамя аператыўнага, лічылася дыетатэрапія. Паміж язвавай хваробай і прыёмам кавы і алкаголю таксама не існуе даказанай сувязі. Аднак кава стымулюе страўнікавую сакрэцыю, а алкаголь можа выклікаць гастрыт. Так што рэкамендуецца ўмерана спажываць алкаголь і каву. Але гэта яшчэ не ўсё.

Асноўнае – гэта правільны рэжым харчавання. Есці неабходна 4-6 разоў на дзень, дробнымі порцыямі. Важны тэмпературны рэжым: выключыць занадта гарачыя і халодныя стравы. Ежа павінна быць цёплай. Для зняцця запалення слізістай абмяжоўваецца колькасць солі да 6-8 грамаў у суткі.

Выбудоўваючы свой рэжым харчавання, трэба памятаць пра тое, што харчовыя прадукты напрамую ўплываюць на сакраторную і рухальную функцыю страўніка.

Харчовыя рэчывы падзяляюцца на дзве групы: слабыя і моцныя ўзбуджальнікі страўнікавай сакрэцыі.

Крупяныя, агароднінныя, малочныя прадукты, тварог, яйкі ўсмятку ці ў выглядзе амлету, падсушаны пшанічны хлеб, алей адносяць да слабых узбуджальнікаў страўнікавай сакрэцыі.

Прыправы, алкагольныя і газаваныя напоі, кава, моцны чай, усе стравы жывёльнага і расліннага паходжання, прыгатаваныя шляхам смажання, кансервы, марынады, вэнджаніна, канцэнтраваныя булёны, грыбы, чорны хлеб, наадварот, з'яўляюцца моцнымі ўзбуджальнікамі сакрэцыі.

Найважнейшым фактарам у рэжыме харчавання пры язвавай хваробе органаў стрававання з'яўляецца спосаб прыгатавання ежы і яе кансістэнцыя.

Смажанае мяса альбо рыба з'яўляюцца найбольш моцным фактарам павышэння сакрэцыі і вылучэння страўнікавага соку. А вось адварны кавалак ялавічыны альбо нятлустай рыбы не так дрэнна ўплываюць на працэсы сакраторнай функцыі страўніка.

Важным фактарам у зніжэнні сакрэцыі страўнікавага соку з'яўляецца кансістэнцыя ежы.

На працэс расшчаплення і ператраўлівання цвёрдай ежы (цэлых кавалкаў мяса, рыбы альбо гародніны) патрабуецца значна больш часу, харчовых кіслотаў і ферментаў. Страўнік пачынае інтэнсіўна іх выдзяляць, тым самым дадаткова падвяргаючы негатыўнаму ўздзеянню праблемныя зоны слізістай. Таму ў стадыі абвастрэння дыетолагі рэкамендуюць уключаць у рацыён працёртыя і рубленыя вырабы, прыгатаваныя на пары, якія не стымулююць страўнікавую сакрэцыю, лёгка ператраўліваюцца, хутчэй эвакуіруюцца з страўніка і такім чынам засвойваюцца.

Харчаванне пры пашкоджанні слізістай органаў стрававання павінна быць паўнавартасным па біяхімічным складзе, мінеральных рэчывах і вітамінах.

Неабходная колькасць бялку вагаецца ў межах 80-100 грамаў, тлушчаў 80-90 грамаў і вугляводаў 400-450 грамаў у суткі. Лічбы сведчаць, што харчаванне павінна быць высокавугляводнае. А гэта, перш за ўсё, крупяныя і агароднінныя стравы ў адвараным і запечаным выглядзе. А вось цукар, прысмакі трэба выключыць. Яны толькі стымулююць дадатковую страўнікавую сакрэцыю. Сутачная каларыйнасць такога харчавання складае 2800-2900 ккал.

Я б хацеў звярнуць увагу, што істотную ролю ў прафілактычным харчаванні адыгрываюць раслінныя тлушчы, г. зн. раслінны алей – сланечнікавы, аліўкавы, рапсавы. Пры язвавай хваробе доля раслінных тлушчаў павінна складаць да 60%.

Я б рэкамендаваў у стадыі абвастрэння выключыць з рацыёну тлушчы жывёльнага паходжання, у прыватнасці, сметанковае масла. Супы, кашы і іншыя стравы можна запраўляць раслінным. Амега 3 тлустыя кіслоты, якія прысутнічаюць у алеях, спрыяюць нармалізацыі агульных абменных працэсаў, больш хуткаму гаенню язвавых утварэнняў, павышаюць імунітэт і дабратворна ўплываюць на цэнтральную нервовую сістэму.

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць і на вітамінізацыю свайго харчавання. У меню неабходна ўключаць прадукты, багатыя на вітамін С, які паскарае працэсы акіслення і аднаўлення, спрыяе зніжэнню аллергізацыі арганізма.

Само па сабе дыетычнае харчаванне не можа разглядацца як самастойны метад лячэння язвавай хваробы, але адыгрывае важную ролю ў прафілактыцы і аднаўленні стрававальнай сістэмы пасля медыкаментознай тэрапіі. Неабходна берагчы свой страўнік ад раздражняльных харчовых прадуктаў.

Такім чынам, галоўны прынцып харчавання пры захворваннях страўнікава-кішэчнага тракта, як і ўсёй медыцыны, – не нашкодзь!

https://bel.24health.by/eksperty-nagadali-pra-zdarovy-racyyon-i-chym-pagrazhae-nyapravilnae-xarchavanne/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 48

Урач-дыетолаг РНПЦ А і МР ім. М.М. Аляксандрава
Глядзіце таксама