«А ты паставіла ўжо ёлку?!», «Зорка павінна быць адна!», «Мур-мур – вішу на дрэве!»… У сацыяльных сетках пануюць… ёлачныя коцікі! На паштоўках віртуальных і на самых рэальных фотаздымках. І немагчыма ўтрымацца ад смеху, пазіраючы на тое, як яны спрабуюць асвоіць калючыя дрэўцы – натуральныя і штучныя.
Так-так, штучнымі ёлкамі гэтыя вусатыя-паласатыя таксама цікавяцца! А яшчэ любяць сцягваць зубамі і лапкамі мішуру, скідваць ёлачныя цацкі і ганяць іх з кута ў кут… Фантазія коцікаў – бязмежая! Відаць, і яны, гэтак жа, як і мы, з нецярплівасцю чакаюць надыходу навагодніх святаў. Каб пазабаўляцца.
Таму ў пераднавагодняй мітусні прапаную прыпыніцца і проста пазахапляцца гэтымі мілымі істотамі. Пасмяяцца і ўзняць сабе настрой. І першы пасля выхадных працоўны дзень падасца не такім шэрым і хмурным… А смех жа – памятаем?! Працягвае жыццё. А бывае – нават пазбаўляе ад галаўнога болю. Праверана на сабе!
Пэўны час таму ў нас таксама дома жылі коткі. Дзве. Маці і дачка. Маша і… Маша. Трохколерныя. Толькі мама з гладкай поўсцю, а дачка – калмаценькая. Затое плямкі рыжанькія ў іх былі на аднолькавых месцах! Дык вось штосьці не памятаю, каб яны праяўлялі якую цікавасць да ёлак. Галоўнае – дакладна іх не скідвалі на падлогу…
А вось калі б коцікі ўмелі размаўляць… Мабыць, сапраўды, як смяюцца ў сеціве, сказалі б штосьці накшталт: «Місія выканана!». І ўжо не важна, што пасля ад гаспадара ці гаспадыні можна атрымаць і тапкам. Галоўнае – задавальнення-то колькі ў коціка! Прама на «фэйсе» напісана!
Хаця, часцей за ўсё, унікнуўшы ў настрой моманту, яны да прыходу гаспадароў паспяваюць прыняць засяроджаны, незадаволены альбо вінаваты выгляд. Ці такі… цалкам незалежны. Маўляў, не я гэта, не Я-а-а-а-а! Яна сама!!! Хаця, мяркую, калі б мы маглі прачытаць думкі ёлачных (ды і іншых) коцікаў… Вось, мусіць, здзівіліся б!
«Мая котка залезла на ёлку і зламала галінку», – піша сяброўка ў сацыяльнай сетцы. Я штосьці прыкідваю і ўдакладняю: а ёлка-то – штучная?! Ці сёлета – не? Так, у штучнай ёлкі галінку зламала. Ну не котка, а слон нейкі! І чаго вось шчамілася на яе?!
Вучоныя сцвярджаюць, што такая цікаўнасць коцікаў да ёлак цалкам натуральная. Бо ўпрыгожаныя навагоднія дрэўцы, якія пераліваюцца і шамацяць мішурой пры дакрананні, не стаяць у памяшканні круглы год. Коцікам яны проста нагадваюць цацкі. Прычым найбольшую цікавасць праяўляюць маладыя жывёлы і прадстаўнікі пэўных парод – абісінскія, напрыклад. А скакаць на ёлку і ўвогуле з’яўляецца для коцікаў рэфлексам.
Зрэшты, актыўная гульня з ёлкамі – не такі ўжо і бяскрыўдны занятак для коцікаў. Здараюцца траўмы ды іншыя непрыемнасці. Таму навагоднія дрэўцы, асабліва штучныя (бо для іх шкоды ніякай), раяць апрацаваць асвяжальнікам паветра з цытрусавым пахам альбо ачысціць пабольш цытрусавых (мандарынаў, апельсінаў, лімонаў) і раскласці пад ёлкай. Бяром параду на ўзбраенне! Каб не давялося вынаходзіць яшчэ больш крэатыўныя спосабы – накшталт гэтага, на фота:
Усім – прыемнага дня і выдатнага настрою!