Site icon Слушна

З Днём народзінаў, дарагі наш… мабільны тэлефон! :)

А вось так! Дні народзінаў святкуюць не толькі людзі і жывёлы, а і рэчы таксама! Тым больш – такія карысныя, як мабільнікі. Нават цяжка ўявіць сабе сёння, што б мы рабілі без мабільных тэлефонаў, праўда?!
Мабільнік. Мабільны тэлефон святкуе дзень народзінаў.

Хаця… Чаму цяжка?! Без мабільнікаў у гэтай сітуацыі людзі былі б больш уважлівымі адзін да аднаго, я спадзяюся. Больш чалавечнымі. Не ўтаропліваліся б у транспарце, на ўваходзе і выхадзе з яго ў чароўны экранчык, дык і не штурхаліся б, не наступалі на ногі, прытрымлівалі б дзверы таму, хто ідзе ўслед… Эх!

Раней тэлевізары часцяком называлі зомбі-скрынкай. Цяпер ужо з мабільнікамі многія насамрэч ператвараюцца ў зомбі. А калі яшчэ і ў навушніках… Збярэшся выходзіць на прыпынку, пытаешся-пытаешся ў чалавека перад табой, ці выходзіць. Пасля даводзіцца дакранацца да пляча. І ў адказ атрымліваеш абсалютна пусты няўцямны позірк. Бо чалавек – не ТУТ, а ТАМ! Ну, калі вы памятаеце, да гэтай тэмы я даўно не абыякавая.

Але што ж гэта ўсё пра адмоўнае… У чалавека ж (цьфу ты – у мабільніка!) сёння свята. 🙂 Таму трэба найперш яго да прыёму віншаванняў… падрыхтаваць! Памыць – дык абавязкова! А ў нас і відэа патрэбнае ёсць, калі хто яшчэ не бачыў…

І вось ужо ён, чысценькі, зіхатлівенькі, прыгадвае сваіх пра-пра-пра-, каму абавязаны ўласным існаваннем.

Цікава, што першая мадэль, першы пра-пра-пра-, аказваецца, быў сабраны ў Савецкім Саюзе, калі мяне яшчэ і ў праекце не было! Напрыканцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя. А важыў ён… Ну-ну, адгадайце!

280 грамаў? Міма! 2 кілаграмы?! Цяплей-цяплей… Не-а, я не жартую. Бо важыў той… м-м-м-м-м… мабільнік, як сцвярджаюць, цэлых… тры! Ага, кілаграмы! Булыжнік якісьці, а не мабільнік! 🙂 Але аб продках, як кажуць, альбо добра, альбо нічога.

Прыгадваем наступнага пра-пра… І гэта – Motorola Dyna TAC. Мне два гадкі было, калі ён нарадзіўся. У 1973-ім. Але – вось дзівосы! – ён не меў таго чароўнага экранчыка, куды зараз усе заліпаюць. Затое было на ім 12 кнопак.

Яго вынаходнік Марцін Купер акурат 3-га красавіка ўзяў ды і патэлефанаваў з яго… канкурэнтам! Жартаўнік аднак! 🙂 І менавіта гэты дзень запісалі днём народзінаў мабільнага тэлефона.

Я ўжо прыгадвала пра свой першы тэлефон з невялічкай антэнай. І пра тое, якое гэта было дзіва. А затым тэлефоны мяняліся, мяняліся… Так і да смартфонаў справа дайшла… І патрабаванні пры выбары ўсё мяняюцца і мяняюцца… Ад невялічкага памеру і вагі да такога экрана, на якім зручна праглядаць фільмы.

Вось толькі з, так бы мовіць, «мабільнай культурай» у нас усё горш і горш. Памятаеце, як шмат увагі ў мінулым удзялялася этыкету ўвогуле?! І куды зараз усё падзелася? І чаму цалкам ігнараваць той жа тэлефонны этыкет зрабілася нормай?! Эх! – у чарговы раз.

Ну, і пра негатыўны ўплыў на здароўе таксама хацелася б нагадаць. Не-не-не, мы імянінніка не крыўдзім! Проста любая рэч пры няправільным з ёй абыходжанні можа быць шкоднай. А тут…

Гадзінамі сядзець над мабільнікам у позе «зю» – які пазваночнік гэта моўчкі вытрымае і не залямантуе?! Дзе ж тут не ўзнікнуць шыйнаму астэахандрозу?! І зроку таксама шкада. Асабліва тых, хто прывык заліпаць у тэлефоны ў цемры… Я ўжо не кажу пра гадзінныя размовы па мабільным, шчыльна прыціснутым да вуха… Бедныя вушы!

Таму ва ўсім павінна захоўвацца норма. Простая парада, праўда?! Але як складана яе выконваць, калі людзі не могуць адліпнуць ад сваіх мабільнікаў…

А давайце падаруем ім колькі хвілін ці нават гадзін спакою (як у каго атрымаецца) хаця б сёння, калі яны – святкуюць?! Здаецца, гэта і будзе найлепшым падарункам. Пасля «купання»… 🙂

Ну, вы ж разумееце, што, ачалавечваючы тэлефон, я жартую, вядома… Але ў кожным жарце сапраўды ёсць доля праўды. І хто ведае, наколькі больш шчаслівымі мы былі б без мабільных, чым з імі… Бо па многіх пазіцыях той «дамабільнікавы» час асабіста я, бывае, прыгадваю з настальгіяй… А вы?!

Таму віншуем сёння нашы мабільнікі з нараджэннем, дзякуем за зручнасць і… спрабуем хаця б на пэўны час абысціся без іх. Цікава, у каго ўвогуле атрымаецца?! І як доўга? 🙂

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Exit mobile version