Site icon Слушна

«Забойны» градус. Эксперты пра небяспеку ўжывання алкаголю ў спякоту

Анамальная спякота, якая прыйшла ў Беларусь, шмат каго прымусіла шукаць выратаванне ад пякучых промняў сонца ля вадаёмаў. На жаль, адзначаюць спецыялісты, такі адпачынак спалучаны з пэўнай небяспекай. Купанне ў не прызначаных для гэтага месцах, празмернае ўжыванне алкагольных напояў – усё гэта прыводзіць да даволі сумных наступстваў.

Несуцяшальная статыстыка няшчасных выпадкаў на вадзе стала падставай для сустрэчы з журналістамі спецыялістаў Міністэрства аховы здароўя, ДАІ і Асвода. Эксперты яшчэ раз нагадалі аб правілах бяспечных паводзінаў ля вадаёмаў і распавялі, як без наступстваў для здароўя перажыць спякоту.

Небяспечная бестурботнасць

Толькі з пачатку купальнага сезона патанулі 42 чалавекі, у тым ліку 6 непаўналетніх, распавёў старшыня Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на вадзе Анвар Ігамбердыеў. Прычым 90% утапленняў адбываецца ў забароненых для купання месцах. Многія з загінулых былі ў стане алкагольнага ап'янення.

Вада не даруе бестурботнасці. Часам адзін скачок у яе – і чалавек на ўсё жыццё застаецца прыкаваным да інваліднай каляскі.

Небяспека ад алкаголю

 

Сяргей Аўдзей
Галоўны спецыяліст упраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя
З надыходам цёплага перыяду надыходзіць эпідэмія траўмаў. Колькасць загінулых на вадзе вылічваецца дзясяткамі. І гэта сумна. Зараз у РНПЦ траўматалогіі і артапедыі траціна пацыентаў рэанімацыі – са спінальнай траўмай. У большасці сваёй гэта маладыя і здаровыя людзі.

У сваю чаргу вядучы навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Глеб Забродзец дадаў, што ў летні перыяд значна павялічваецца колькасць траўмаў шыйнага аддзела пазваночніка. Часцяком гэта звязана з тым, што адпачывальнікі, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап'янення, не кантралююць сітуацыю, не могуць паўнавартасна ацаніць уваход у ваду і вугал нырання, а таксама скачуць у ваду ў не абсталяваных для гэтага месцах.

 

Глеб Забродзец
Вядучы навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі
Пры траўмах шыйнага аддзела пазваночніка, асабліва пры пашкоджанні спіннога мозгу, поўнага аднаўлення не адбываецца.

Смагу спатоліць вада

У анамальную спякоту больш 30°С усе сістэмы і органы нашага арганізма працуюць з павышанай нагрузкай, асабліва сардэчна-сасудзістая сістэма. Павышаецца потавыдзяленне. З потам наш арганізм губляе карысныя мінералы і рэчывы, якія дапамагаюць працы сардэчнай мышцы і сасудам. Можа наступіць абязводжванне. Лепшая прафілактыка гэтага стану – піць шмат вадкасці.

 

 
Жанна Істоміна
Намеснік галоўнага ўрача па амбулаторнаму падзелу работы Гарадскога клінічнага наркалагічнага дыспансэра г.Мінска
Нашы грамадзяне, на жаль, лічаць, што ўжываючы алкаголь, асабліва халодныя напоі, яны тым самым паляпшаюць свой стан. Спяшаюся ўсіх расчараваць. Насамрэч – наадварот. Алкагольныя напоі яшчэ больш узмацняюць смагу і потавыдзяленне, тым самым яшчэ больш пагаршаючы цяжкі стан арганізма, які надыходзіць падчас спякотнага перыяду часу.

Калі ўсё ж такі вы вырашылі выпіць алкаголь, спецыяліст параіла ўжываць яго моцна разведзеным, напрыклад, з вялікай колькасцю лёду. І пачакаць прахалоднага часу сутак, калі не будзе пякучых сонечных промняў. Разам з тым, лепей за ўсё спатольвае смагу чыстая вада.

Калі дрэнна – не месца за рулём

Як адзначыла начальнік аддзела агітацыі і прапаганды УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандра Папова, у спякоту ў чалавека рассейваецца ўвага. Ён робіцца запаволеным, зніжаецца хуткасць рэакцыі, можа ўзнікнуць галавакружэнне і дрымотнасць. Гэта трэба ўлічваць падчас кіравання транспартным сродкам. Бо такі стан не дазволіць дакладна зрэагаваць на пазаштатную сітуацыю, якая можа ўзнікнуць на дарозе.

Аляксандра Папова нагадала таксама пра фактары рызыкі на дарозе, якія могуць узнікнуць у сонечнае спякотнае надвор'е.

 
Аляксандра Папова
Начальнік аддзела агітацыі і прапаганды УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама
Па-першае, гэта блікі ад сонца, таму мы раім карыстацца акулярамі і выкарыстоўваць казыркі, каб засцерагчы сябе ад сонечнага святла. Неабходна таксама ўлічваць, што ў спякоту зніжаецца счапленне гумы з дарожным пакрыццём і таму павялічваецца тармазны шлях. Усе сістэмы транспартнага сродку павінны знаходзіцца ў спраўнасці. Перад паездкай, асабліва далёкай, трэба праверыць спраўнасць кандыцыянера, заправіць яго, калі ёсць неабходнасць, сачыць за ўзроўнем і тэмпературай астуджальнай вадкасці. Абавязкова павінна быць пітная вада, зараджаны мабільны тэлефон на выпадак пазаштатнай сітуацыі.

Спецыяліст акцэнтавала таксама ўвагу на тым, наколькі небяспечна пакідаць дзяцей і жывёл у прыпаркаваных машынах, нават прыадчыніўшы форткі.

І яшчэ раз аб правілах паводзінаў у спякоту

  • У гарачае надвор'е не варта доўга знаходзіцца пад прамымі сонечнымі прамянямі, але калі такая патрэба ёсць – апранайце галаўны ўбор.
  • Трэба захоўваць пітны рэжым і выпіваць каля 2-х літраў вадкасці.
  • Сачыце за сваім станам. Калі вы адчулі недамаганне, галаўны боль, галавакружэнне, слабасць і ванітаванне, перамясціцеся ў цень або ў прахалоднае памяшканне.

⚡️ Што яшчэ карысна ведаць:

Эфект, якога не чакалі. Узаемадзеянне лекаў і алкаголю

Жанчына, якая п’е. Прычыны і наступствы жаночага алкагалізму

Чаму алкаголь дрэннае заспакаяльнае і снатворнае

 

Exit mobile version