Site icon Слушна

Загадка прынцэсы Агнэсы (казка) + аўдыё

https://slushna.by/wp-content/uploads/2024/10/Zagadka-pryncesy-Agnesy.mp3?_=1

Гэта казка — сапраўдная машына часу, бо яна здольная адправіць сваіх чытачоў у глыб стагоддзяў. Той, хто хоча здзейсніць дзівоснае падарожжа, павінны ўважліва чытаць і ўяўляць тое, пра што я распавяду.

Добрая фантазія прама цяпер пераносіць вас у раскошны каралеўскі палац. У вялікіх залах мітусяцца слугі, усе рыхтуюцца да Дня народзінаў юнай прынцэсы Агнэсы. Гасцей чакаецца шмат! З’едуцца розныя каралі, прынцы, імператары, цары… А ўсё таму, што адбудзецца не толькі Дзень народзінаў прынцэсы, але і агледзіны. Тата-кароль задумаў аддаць адзіную дачушку замуж. Маўляў, ён старэе, а так хоча ўнукаў дачакацца, каб ведаць, хто пасля будзе дзяржавай кіраваць. А дзяржава яго магутная, вялікая і багатая. Нават калі б так здарылася, што ў караля зусім непрыгожая дачка, то жаніхі б усё адно ў вялізную чаргу сталі, абы такія валоданні прыдбаць. Але прынцэса была прыўкраснай, стройнай, разумнай. Хто ж не захоча мець такую жонку ды яшчэ з багатым пасагам? Вось і з’язджаліся ў госці ўсе-ўсе халастыя каралі, прынцы, імператары, цары…

— Сумна мне, Праменьчык! — уздыхала Агнэса, гладзячы свайго любімага белага каня. — І чаму ў прынцэс такі лёс? Я хачу, каб мой жаніх кахаў мяне, а не мой пасаг, каб марыў мець вялікую сям’ю, а не вялікую дзяржаву, каб ён быў разумны, вясёлы, шчыры. Як знайсці яго, адзінага, сярод мноства прэтэндэнтаў? Хіба такую складаную загадку ім загадаць, каб толькі самы-самы і змог яе разгадаць.

Прынцэса

Конь радасна фыркнуў і заківаў галавой.

— Што, Праменьчык, добра я прыдумала? — усміхнулася Агнэса.

Конь зноў зафыркаў і заківаў, быццам менавіта гэта і хацеў сказаць сваёй гаспадыні.

— Паедзем катацца! — ласкава сказала прынцэса каню і гучна загадала слугам: — Рыхтуйце збрую! Мы з Праменьчыкам пагуляць надумалі.

У той жа момант з’явіўся грум[1]. Юнак пачціва пакланіўся прынцэсе і выканаў яе загад. А калі яна паскакала на сваім улюбёнцы праз квяцісты луг, грум суправаджаў яе, едучы на буланым кані паводдаль.

Хоць і не ўмеў Праменьчык размаўляць, але падказаў сваёй гаспадыні загадку, якая была б па сілах толькі разумнаму і кемліваму чалавеку.

Назаўтра ў палац з’ехалася шмат гасцей. І кожны з іх імкнуўся з прынцэсай пагаварыць, на танец запрасіць, побач пастаяць, падарункамі здзівіць. У Агнэсы аж галава закружылася ад такой увагі. Баль быў раскошны. Госці частаваліся, танчылі, спявалі і як маглі імкнуліся запомніцца і спадабацца прынцэсе. А напрыканцы ўсе чакалі, каго яна абвесціць сваім выбраннікам. Кароль падзякаваў гасцям за ўвагу і даў слова любімай дачушцы. З заміраннем сэрцаў усе чакалі, чыё імя вымавіць прыгожы голас прынцэсы.

— Дзякую ўсім за віншаванні, танцы, падарункі! — пачала гаварыць Агнэса. — Я хацела б і парадаваць тату, і назваць аднаго з вас сваім жаніхом, але зрабіць выбар вельмі няпроста. Абяцаю выйсці замуж за таго, хто выканае маё заданне. Я асоба рамантычная, таму хачу, каб мой жаніх заваяваў маё сэрца. Для гэтага яму неабходна… выйграць вайну!

Усхваляваны шэпт пранёсся па зале. Каралі, прынцы, імператары і цары ўстрывожыліся такой прапановай.

— Маім жаніхом стане той, хто пераможа ў вайне. Распачаць яе давядзецца заўтра на досвітку.

— З кім ваяваць? — гучалі галасы самых адважных прэтэндэнтаў у жаніхі.

— З варожым войскам, — адказала прынцэса. — Ваяваць вам давядзецца седзячы і моўчкі. Няхай у вашых салдат не будзе ні штыкоў, ні стрэльбаў, а біць яны будуць наўскасяк.

— На што здатныя такія салдаты? — зашумелі каралі, прынцы, імператары і цары. — Так ваяваць немагчыма!

— Там, дзе адбудзецца гэты бой, — магчыма! — упэўнена сказала Агнэса.

— І дзе ж гэта? — запыталіся ахвочыя стаць жаніхом прынцэсы.

— Бой пройдзе на полі, дзе ў клетках томяцца дзіўныя жывёлы — коні без капытоў і сланы без хобатаў.

— Якое страхоцце! — гучала з натоўпу. — І што з гэтымі калекамі рабіць?

— Той, хто захоча перамагчы, павінен будзе з’есці варожага каня і закусіць сланом, — патлумачыла прынцэса.

Каралі, прынцы, імператары і цары моўчкі лыпалі круглымі ад здзіўлення вачыма.

— Яшчэ ў вашым узбраенні будзе ладдзя, — падказала Агнэса.

— Ладдзя на полі? Ваша Вялікасць, вы нічога не пераблыталі? — запытаўся стары сусед-імператар, які таксама вельмі хацеў ажаніцца з юнай прынцэсай і атрымаць магутную дзяржаву ў дадатак.

— Не пераблытала, гэта ладдзя даволі хутка рухаецца па полі, хаця нават вёслаў не мае, — запэўніла Агнэса.

— Такая незвычайная вайна, што нельга не спытацца: «А што трэба зрабіць, каб перамагчы?» — выгукнуў касавокі прынц далёкай краіны.

— Прабіць абарону і захапіць чужога караля! Але бойцеся яго каралевы, яна магутная і дужая! — гучна абвясціла прынцэса і дадала: — Як толькі вы здолееце ўзяць у пастку чужога караля, над полем прагучыць: «Кароль загінуў!» На гэтым вайна скончыцца, за пераможцу я і выйду замуж!

Зноў загаманілі разгубленыя каралі, прынцы, імператары і цары. Некаторыя з іх напружана разважалі над пачутым, некаторыя чухалі патыліцы і думалі, дзе шукаць тое поле, некаторыя вырашылі, што нават дзеля прыўкраснай прынцэсы разам з багатым пасагам не гатовыя яны пайсці ў такі жудасны бой.

— Вар’ятка! На полі бітвы сланы з адарванымі хобатамі і коні без капытоў… Каня з’есці, сланом закусіць! Сухапутная ладдзя… Прынцэса з глузду з’ехала! Я такую жонку браць перадумаў! — паціснуў плячыма стары сусед-імператар і адразу выправіўся дадому.

Прынцэса Агнэса з палёгкай уздыхнула, бо ніяк не хацела замуж за такога жаніха. А астатнім абвясціла:

— Заўтра на досвітку чакаю таго, хто ведае, дзе згаданае мной поле бітвы і войска. Дабранач, дарагія госці!

Раніцай у каралеўскі палац ніхто не прыйшоў, бо так і не здагадаліся, з кім ваяваць і на якім полі біцца. Каралі, прынцы, імператары і цары сабраліся каля палаца, каб паглядзець, ці знойдзецца той, хто выканае дзіўнае заданне прынцэсы.

— Бачыш, татачка, няма сярод гэтых прэтэндэнтаў ніводнага разумнага і кемлівага жаніха! — уздыхнула Агнэса.

— Занадта цяжкае заданне ты задала! — усміхнуўся кароль.

— Але ты, тата, адразу зразумеў, што я загадала? — прыжмурылася прынцэса.

— Я, вядома, здагадаўся. Але як жа мы цяпер мужа табе абяром? Сярод каралёў, прынцаў, імператараў і цароў не знайшлося такога ж кемлівага, як ты, мая разумнічка.

— Можа, пашукаць у народзе? — прапанавала Агнэса.

— Простага чалавека? — здзівіўся кароль. — Калі высакародныя жаніхі не рашылі тваю задачу, хіба простыя людзі здагадаюцца?

— Вось і праверым! — сказала прынцэса.

І кароль адправіў вяшчальнікаў з заданнем Агнэсы да простага народу. Не паспелі каралі, прынцы, імператары і цары здзівіцца такому загаду, як да ганка каралеўскага палаца падышоў юнак і пастукаў у цяжкія дзверы. Высакародныя жаніхі скасавурыліся на яго, зашапталіся. На балкон, які быў прама над ганкам, выйшла Агнэса.

— Чаго стукаешся? — запыталася яна.

— Гатовы змагацца за вас у вайне, Ваша Вялікасць! — адказаў юнак.

— У той самай вайне, пра якую я гаварыла? — удакладніла прынцэса.

— Так, Ваша Вялікасць! — запэўніў ён.

— З кім будзеш ваяваць? Выбірай! — сказала Агнэса.

— Пэўна, не змагу знайсці саперніка больш сур’ёзнага за вас, мая прынцэса! — пакланіўся юнак.

— Ён збіраецца ваяваць з прынцэсай! Вар’ят! Кароль зараз жа зніме з плячэй яго бязглуздую галаву! — зашапталіся каралі, прынцы, імператары і цары.

Як жа яны здзівіліся, калі кароль у адказ на такую дзёрзкую прапанову толькі ўсміхнуўся і згодна кіўнуў галавой. І прынцэса Агнэса ў суправаджэнні бацькі тут жа спусцілася на ганак. Не міргаючы ўсе сачылі за тым, што тут зараз адбудзецца.

— Пачнём бітву? — усміхнулася прынцэса. — Якое войска выбіраеш? Чорнае ці белае?

— Няхай гэта вызначыць спадар Рандом! — адказаў юнак.

Усе каралі, прынцы, імператары і цары азіраліся па баках, шукаючы вачыма таго спадара Рандома. А тым часам юнак працягнуў прынцэсе рукі, заціскаючы нешта ў далонях. Без аніякага здзіўлення Агнэса паказала пальчыкам на правую руку хлопца-дзівака.

— У вас войска белае, Ваша Вялікасць! — адказаў юнак, зазірнуўшы ў сваю далонь.

— Пачынаем бітву! Выводзім войскі! — абвясціла прынцэса.

Юнак расхінуў торбу, што вісела на яго плячы, і дастаў адтуль драўляную скрыню. І як толькі пабачылі яе каралі, прынцы, імператары і цары, то адразу зразумелі, што за загадку задала ім прынцэса. Полем бітвы, на якім меўся адбыцца бой, была шахматная дошка. На яе клетках з’явіліся сланы без хобатаў і коні без капытоў, роўным радам сталі салдаты-пешкі, якія сапраўды не маюць зброі і б’юць наўскасяк. Тут жа была і ладдзя без вёслаў, ну і, вядома, кароль з каралевай.

Прынцэса і хлопец-дзівак распачалі гульню. Ваявалі яны насамрэч моўчкі і седзячы. Па дошцы рухаліся фігуры. Каралі, прынцы, імператары і цары толькі і чакалі, хто ж скажа запаветнае: «Кароль загінуў!», ці, як належыць у шахматнай партыі, «шах і мат!»

Доўга працягваўся гэты бой, сапернікі былі аднолькава дужыя. Не ўдалося каралям, прынцам, імператарам і царам пабачыць здалёк, хто чыйго каня з’еў і сланом закусіў. Не прагучала і «шах і мат!» У гэтай партыі была нічыя.

— Хто ты, юнак, якога не здолела абыграць мая дачка? — запытаўся кароль.

— Ян, грум з вашай стайні, Ваша Вялікасць! — пакланіўся хлопец.

— Дзе навучыўся ты так гуляць у шахматы, Ян? — запыталася Агнэса.

— З маленства з татам за дошкай з чорна-белымі фігурамі вечары бавіў, — патлумачыў грум.

— Як і мы! — ласкава ўсміхнулася прынцэса, тулячыся да свайго бацькі.

— Калі спадабаўся ты маёй дачцэ, то я дам згоду на шлюб! — гучна сказаў кароль.

Зараз усе позіркі скіраваліся на Агнэсу. Яе шчокі заірдзеліся, доўгія вейкі апусціліся, хаваючы вочы.

Насамрэч яна адразу пазнала грума са стайні. З дзяцінства бачыла яго, непрыкметна назірала, як хлопец скакаў за ёй паводдаль падчас яе конных прагулак. І яе любімага Праменьчыка Ян сумленна даглядаў, конь давяраў яму. А так бывае толькі тады, калі чалавек добры — жывёлы гэта адчуваюць.

— Разумны, кемлівы… спадабаўся… — прашаптала бацьку Агнэса.

— Прынцэса выходзіць замуж! — абвясціў кароль. — Рыхтуемся да вяселля!

Ян стаў на адно калена і пацалаваў руку сваёй нявесты.

— Просты грум атрымаў у жонкі прынцэсу, багацце і вялікую дзяржаву! — нягучна сказала Агнэса. — Ты, пэўна, вельмі рады такой удачы!

— Мая нявеста падабаецца мне даўно. Яе пасаг не мае для мяне значэння, я буду шчаслівы мець вялікую сям’ю, а не дзяржаву, — адказаў Ян.

І прынцэса Агнэса зразумела, што сустрэла жаніха, пра якога марыла.

На іх шыкоўным вяселлі гуляла ўсё каралеўства. Гасцямі сталі і ўсе каралі, прынцы, імператары і цары, якія толькі ўздыхалі, зайздросцячы простаму груму. Апроч таго, усе яны захацелі навучыцца гуляць у шахматы, бо даведаліся, што гэта гульня робіць чалавека разумным і кемлівым. І ўвогуле, у жыцці такое ўменне можа спатрэбіцца.

[1] Грум — слуга, які суправаджае вершніка ці экіпаж.

Зачараваная паляна (казка) + аўдыё

Exit mobile version