Site icon Слушна

Законапраект аб ахове здароўя. Акрэдытацыя, экспертыза якасці і рэзідэнтура

На разгляд дэпутатаў у першым чытанні на вясновай сесіі ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу рыхтуецца законапраект, які змяшчае шэраг змяненняў і прапаноў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ахове здароўя». Новаўвядзенні тычацца акрэдытацыі ўстаноў аховы здароўя, экспертызы якасці аказання медыцынскай дапамогі, незалежнай медыцынскай экспертызы, праходжання медаглядаў, рэзідэнтуры і іншых.

Пра некаторыя з прапанаваных новаўвядзенняў у законапраект распавяла ў прэс-цэнтры «БЕЛТА» намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы Валянціна Курсевіч.

Новыя віды экспертызаў

У Беларусі фарміруецца новая вертыкаль кіравання якасцю аказання медыцынскай дапамогі. Для гэтага ўводзіцца экспертыза якасці аказання меддапамогі. На абласным узроўні функцыі кантролю будуць выконваць медыка-рэабілітацыйныя экспертныя камісіі (МРЭК). На іх базе ўжо пачалі працаваць адпаведныя аддзелы. Акрамя гэтага, са студзеня 2019 года будзе створаная кафедра ў БелМАПА, якая будзе рыхтаваць спецыялістаў для медыка-рэабiлiтацыйных экспертных камісій. Ва ўсіх буйных клініках уводзяцца пасады намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі.

 
Валянціна Курсевіч
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы
Важна, што ацэньваць будуць не толькі пэўнае структурнае падраздзяленне, а і працу ўсёй медыцынскай установы. Пакуль гэта закране дзяржаўныя арганізацыі аховы здароўя.

Напрыклад, растлумачыла дэпутат, у аддзяленні кардыялогіі адбыўся лятальны выпадак. Будзе разглядацца праца не толькі гэтага падраздзялення бальніцы, а дадзена ацэнка дзейнасці ўсёй лячэбнай установы ў цэлым. Чаму несвоечасова аказалі дапамогу чалавеку з інфарктам? У чым прычына? Не працаваў камп'ютарны тамограф? Чаму? Адбылася паломка ці не было спецыяліста? На гэтыя і іншыя пытанні будзе шукаць адказы экспертная камісія.

Экспертыза якасці медыцынскай дапамогі будзе праводзіцца ў тым ліку ў выпадках усіх смяротных вынікаў, унутрыбальнічных інфекцый і ўскладненняў, паўторнай шпіталізацыі з нагоды аднаго і таго ж захворвання на працягу года, скаргаў і заяў на якасць аказання медыцынскай дапамогі.

Акрамя гэтага, уводзіцца паняцце «незалежная медыцынская экспертыза», для таго, каб яшчэ ў дасудовым парадку вырашыць спрэчныя моманты, якія ўзніклі ў грамадзян пры наведванні лячэбнай установы. У якасці арбітражу будуць выступаць незалежныя эксперты.

І яшчэ два віды экспертызаў, якія прапісаныя ў законапраекце: экспертыза прафесійнага характару захворванняў (неабходная для ўстанаўлення сувязі паміж развіццём хваробы і ўздзеяннем на арганізм шкодных вытворчых фактараў), а таксама фармака-эканамічная экспертыза (закліканая вызначаць з эканамічнага пункту гледжання найбольш выгадныя, эфектыўныя і бяспечныя медыцынскія тэхналогіі).

Атрымаць акрэдытацыю

У законапраекце прадугледжаная працэдура медыцынскай акрэдытацыі дзяржаўных арганізацый аховы здароўя. Для медыцынскіх устаноў прыватнай формы ўласнасці пакуль застаецца ліцэнзаванне.

 
Валянціна Курсевіч
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы
Працэдура медыцынскай акрэдытацыі прызначаная для таго, каб вызначыць, ці адпавядаюць лячэбна-дыягнастычныя магчымасці дзяржаўных лячэбных арганізацый умовам і відам медыцынскай дапамогі, якую яны аказваюць. Мяркуецца, што акрэдытацыю медыцынскія ўстановы павінны будуць прайсці да 1 студзеня 2023 года.

Для чаго ўводзіцца гэтая працэдура? Як адзначыла дэпутат, у медыцынскіх установах ёсць метады аказання медыцынскай дапамогі, якія састарэлі. Гэта першы момант. Па-другое, такія віды меддапамогі могуць аказвацца ў малых аб'ёмах, але патрабаваць досыць вялікіх фінансавых выдаткаў.

У выпадку, калі якое-небудзь аддзяленне лячэбнай установы не зможа прайсці акрэдытацыю, зачыняць яго не будуць, а перапрафілююць. Напрыклад, з хірургічнага «пераробяць» у тэрапеўтычнае. Хірургічная дапамога будзе ў такім выпадку сканцэнтраваная ў іншай бальніцы.

Парадак аказання медыцынскай дапамогі

Асноўным адрозненнем парадку аказання медыцынскай дапамогі ад клінічных пратаколаў, па якіх працуе ўся сістэма аховы здароўя, з'яўляецца тое, што ён вызначае рэгламент усіх этапаў аказання медыцынскай дапамогі (вызначаюцца табель аснашчэння медыцынскай установы, штатны расклад, палажэнне аб кожнай арганізацыі аховы здароўя, узровень спецыялістаў і г.д.). Гэта дазволіць стварыць адзіныя падыходы да аказання медыцынскай дапамогі, адзначыла Валянціна Курсевіч.

Лячэнне пад кантролем

Уводзіцца такое паняцце, як кантраляванае лячэнне. Гэта неабходна, каб пры патрэбе працяглага лячэння кантраляваць, як пацыент прымае прэпараты і выконвае ўсе інструкцыі доктара.

 
Валянціна Курсевіч
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы
Напрыклад, лячэнне туберкулёзу доўгае і часам можа працягвацца да 2 гадоў. На жаль, не ўсе нашыя пацыенты гатовыя добрасумленна дзень у дзень прымаць прызначаныя ўрачом прэпараты. Вось для гэтага патрабуецца кантроль з боку медыцынскага медперсаналу. Падобная практыка будзе распаўсюджаная і на іншыя сацыяльна значныя хваробы (ВІЧ-інфекцыю, рассеяны склероз, іншыя захворванні).

У дзённым стацыянары будуць лячыць бясплатна

На думку дэпутата, адно з самых значных новаўвядзенняў тычыцца дзейнасці аддзяленняў дзённага знаходжання або так званых дзённых стацыянараў. Усе пацыенты, якія праходзяць лячэнне ва ўмовах аддзялення дзённага знаходжання, будуць атрымліваць лекавыя прэпараты і вырабы медыцынскага прызначэння, а таксама біямедыцынскія клеткавыя тэхналогіі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і/або мясцовых бюджэтаў.

 
Валянціна Курсевіч
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы
Дадзеная мера дасць магчымасць зменшыць часовую непрацаздольнасць грамадзян, знізіць лік шпіталізацый у стацыянары, а таксама паменшыць нагрузку на стацыянарны ложак. Дадатковых фінансавых уліванняў новаўвядзенне за сабой не пацягне, бо будзе вырабленае пераразмеркаванне сродкаў са стацыянарнай дапамогі на амбулаторна-паліклінічны этап.

Зараз пацыент, які наведвае дзённы стацыянар, набывае прызначаныя яму лекі за ўласныя сродкі. Пасля ўвядзення новай нормы прэпараты будуць бясплатнымі.

 
Валянціна Курсевіч
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы
Калі ў чалавека інфаркт міякарда або цяжкая пнеўманія, ён усё роўна будзе шпіталізаваны ў стацыянар. Але ёсць частка пацыентаў, якія не маюць патрэбы ў кругласутачным медыцынскім назіранні. Напрыклад, у чалавека здарыўся гіпертанічны крыз. У прыёмным пакоі бальніцы яму аказалі дапамогу, чалавеку зрабілася лягчэй, і яго адпусцілі дадому. Разам з тым, узнікае пытанне пра падбор лекавых сродкаў – для таго, каб скарэктаваць ціск. Зрабіць гэта можна і ва ўмовах дзённага стацыянара, у які накіруе пацыента яго ўчастковы ўрач.

Прайсці прафагляд стане лягчэй

Яшчэ адной навіной у законапраекце з'яўляецца пашырэнне пераліку арганізацый аховы здароўя, якія будуць упаўнаважаныя на правядзенне абавязковых і пазачарговых медыцынскіх аглядаў працуючых. Гэта дасць магчымасць павысіць даступнасць праходжання медыцынскіх аглядаў, абраць зручны для сябе графік, знізіць нагрузку на дзяржаўныя арганізацыі аховы здароўя, упэўненая дэпутат.

Умоўная рэгістрацыя лекаў

Яшчэ адзін законапраект, які рыхтуецца да другога чытання на вясенняй сесіі, датычыцца абарачэння лекавых сродкаў. Акрамя ўсяго іншага, у гэты законапраект уключаная папраўка, якая тычыцца ўмоўнай рэгістрацыі лекавага прэпарата. Гэтая мера дазволіць прымяняць арыгінальныя лекавыя сродкі пры ўмове адсутнасці эфектыўных метадаў аказання медыцынскай дапамогі, а таксама зарэгістраваных прэпаратаў для лячэння.

 
Валянціна Курсевіч
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы
Гэта сур'ёзная папраўка, якая дазволіць забяспечыць доступ нашых пацыентаў з цяжкай паталогіяй да арыгінальных лекавых прэпаратаў, якіх няма на сёння ў Беларусі.

Мяркуюцца наступныя тэрміны дзеяння прэпаратаў: у выпадку ўмоўнай рэгістрацыі – 1 год з наступнай перарэгістрацыяй, для ўсіх астатніх выпадкаў, як і было раней, – 5 гадоў.

Фота эксперта – Вольга Стружынская.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Exit mobile version