Site icon Слушна

Закуска для прыемнага вечара. Гатуем запечаны камамбер з багетам, памідорам і размарынам

Камамбер

Смачная арыгінальная закуска для прыемнага вечара з сябрамі або ў коле сям'і. Камамбер — гатунак мяккага сыру, які вырабляецца з каровінага малака. Мае далікатны, крыху грыбны смак. Звонку камамбер пакрыты скарыначкай, панад якой расце белая цвіль.

Лічыцца, што першы камамбер быў выраблены ў 1791 годзе нармандскай сялянкай Мары Арэль. Паводле легенды, Мары Арэль падчас Вялікай французскай рэвалюцыі выратавала ад смерці манаха, што хаваўся ад пераследу, які ў падзяку адкрыў ёй вядомы толькі яму сакрэт гэтага сыра.

Закускі на святочны стол

Інгрэдыенты для камамбера

Інгрэдыенты

  • Камамбер — 1 штука або 250 г.
  • Багет — 1 штука
  • Размарын — 4 г.
  • Памідор — 1 штука (у ідэале выкарыстоўваць чэры)
  • Раслінны алей (або аліўкавы) — 6 ст. л.
  • Часнок — 4- 6 зубчыкаў

Спосаб прыгатавання

Прыгатуйце ўсе неабходныя інгрэдыенты для падрыхтоўкі камамбера з багетам у духоўцы.

Чысцім 4-6 зубчыкаў часнаку, наразаем на слайсы.

У міску дадаем 6 ст.л. расліннага ці аліўкавага алею, дадаем сухі размарын і парэзаны часнок. Размешваем. Даем пастаяць на працягу 5-7 хвілін, каб настаялася сумесь.

Камамбер акуратна дастаем з пакавання і разразаем, не даходзячы нажом да дна на квадрацікі (да паловы таўшчыні).

Багет рэжам на кавалкі.

У форму для запякання кладзем пергаментную паперу, альбо проста форму змазваем маслам са спецыямі.

Выкладаем на сярэдзіну сыр. Аўтар рабіла на пергаменце і змазвала яго часткай сумесі з часнаком і размарынам,

Раскладваем багет вакол сыра.

Памідор рэжам на кавалачкі, калі чэры, то на часткі, і выкладваем паміж сырам і багетам.

Змазваем зверху багет і сыр алеем з размарынам і часнаком. Устаўляем ў разрэзы частку часнаку з сумесі (або можна проста пару зубчыкаў часнаку парэзаць на буйныя кавалачкі).

Ставім форму з нашай стравай у разагрэтую духоўку. Запякаем на працягу 20-25 хвілін пры тэмпературы 180 градусаў, каб багет не высах.

Дастаньце з духоўкі і пачакайце хвілін 7-10, падавайце адразу да стала страву цёплай. Водар з духоўкі ад размарына і часнаку надзвычайны.

Як есці? Бераце лустачку багета і захопліваеце ім сыр і памідор.

Смачна класці пабольш сыра на багет і памідор разам.

Гэтая страва не пакіне нікога абыякавым. Нават, калі вы не аматар сырных вырабаў, будзеце ў захапленні.

Смачна есці!

https://bel.24health.by/syrnyj-etiket-ili-kak-pravilno-podat-syr/

Exit mobile version