Вітаю вас, шаноўныя сябры! Мы сустракаемся 01.01.2021-га, калі хтосьці верыць у такія супадзенні лічбаў… А рука яшчэ па-ранейшаму набірае 2020-ы… І толькі пасля, схамянуўшыся, ты думаеш: штосьці не тое! 🙂 Ну што ж… Пачатак года. Час планаваць, і не толькі справы.
«Стоп, стоп, стоп, – скажа хтосьці з вас, пяшчотна абдымаючы слоік з расолам. – Якія могуць быць планы ў першы дзень пасля навагодняй ночы?!» А планы – самыя рэальныя. Прывесці сябе ў поўны парадак, калі трэба, выпрабаваным спосабам… І – наперад! Калі ўжо саму мару пра зімовыя забавы ў выглядзе катання на каньках, лыжах, цюбінгах і проста прыемную прагулку па заснежаным лесе змывае студзеньскі дождж…
І каб ужо не зацягнула тое віртуалле… Лепей падумаць пра штосьці рэальнае. Ага, пра планы. Як стаць больш здаровымі, шчаслівымі, каханымі, паспяховымі… Плануем!
Роўна год таму на нашым інфармацыйным партале быў змешчаны роздум на гэтую тэму. Цікава, ці натхніў ён каго тады?! 🙂 Калі так, дык цяпер можна паглядзець-падсумаваць, што атрымалася зрабіць. А калі не, натхніцца на планаванне зараз! 🙂
За свой амаль 20-гадовы журналісцкі стаж давялося столькі планаў складаць! Розных. У тым ліку – па будучых матэрыялах. Па шчырасці, не вельмі любіла гэтую справу, бо абставіны маглі змяніцца.
Героі рэпартажу – адмовіцца ад інтэрв’ю, машына – зламацца альбо спатрэбіцца камусьці іншаму, тэма – не раскрыцца… Хаця апошняе для мяне, скажам так, з неверагоднага. Раскрывала пры любым раскладзе! 🙂 Не, не выхваляюся. Канстатую факт. Інакш адкуль вы пра гэта даведаецеся?!
І цяпер перад вачыма – планы падрабязныя, якія падчас працы ў раёнцы некалькі месяцаў патрабавалі пісаць фактычна па кожным нумары. У мяне там нават не тое што тэмы – назвы матэрыялаў былі! На цэлы месяц наперад… Дужа складана… І шмат часу займала… Такое планаванне я не люблю дакладна. Бо штодня можа ўзнікнуць штосьці новае, больш тэрміновае…
Доўгі час не любіла і планы па справах. І нават не разумела, што гэта. Пакуль ні давялося пачаць шмат усяго запісваць. З бытавога. Тады паступова-паступова – і невялічкімі крокамі да планавання я іду. Ага, іду да гэтага часу. 🙂 Але, думаю, вось-вось прыйду ўжо.
Бо, напрыклад, на 30-га снежня сёлета запланавалася шмат. Вырашыла запісаць. А тады выкрэсліваць зробленае. Так, не коратка ў смартфоне запісвала. І не на ноўце набірала. Ручкай на паперы. Адвыкла пісаць, вядома ж, але… Мне заўсёды падабалася і падабаецца, так бы мовіць, ручная праца. І колькі ж часу мне спатрэбілася пасля набыцця першага ноўта, каб не пісаць матэрыялы спачатку на паперы, а тады ўжо, добра паправіўшы, начыста набіраць, а набіраць думкі адразу.
Калі на працы атрымала асабісты камп’ютар у кабінет, не перайшла на такі спосаб. І калі набыла свой камп’ютар, не перайшла таксама. Перабудоўвалася доўга і пакутліва. Раз-пораз чытаючы ў журналістаў з імем, што напісанне на паперы – самае правільнае.
Цяпер нават смешна прыгадваць пра двайную фактычна працу… Як смешна прыгадваць, напрыклад, як пакутліва ў свой час мы ў чэрвеньскай рэдакцыі згадажаліся на пераход на карткі. Так жа ўпіраліся ўсімі чатырма! Не раўнуючы, як той бычок – сімвал гэтага года. 🙂 Зараз проста рагачу, калі прыгадваю!
І наколькі ж наперад пакіраваў прагрэс! Прыгадваю пачатак 1990-х… 31-га снежня… Пяць гадзін вечара… А мы сядзім пад кабінетам дырэктара ў СШ №4 г.Чэрвеня, дзе я тады працавала настаўніцай. І чакаем… свайго заробку. У той год ён быў…хм… аб’ё-ё-ё-ё-ёмным такім!
Далібог, перад вачыма і зараз тыя банкаўскія пачкі «зайчыкаў» ды «вавёрак»! Перавязаныя разам такой тоўстай ніткай па штук 5. Вось проста бяры і вешай на ёлку! 🙂 Фота – гэта прыкол, асацыяцыі!
Эх, успаміны, успаміны… Але ж – пра планы. 30-га снежня атрымалася зрабіць усё, апроч аднаго пункта, але ён зараней быў правальным. Метадычна рабіла – і выкрэслівала… Рабіла – і выкрэслівала… Ну здорава!
Дык давайце заплануем сабе на год 2021-ы не толькі справы, але і здароўе, шчасце, каханне, дабрабыт… Менавіта заплануем, а не загадаем альбо задумаем. А тады будзем толькі чакаць, пакуль штосьці з неба зваліцца… 🙂 Ну што рабіць, калі так усё не падае і не падае?! І не першае дзесяцігоддзе?!
Правільна, варта планаваць самім. Не абавязкова штодня, але – пакрокава. Калі запланаваць здароўе, значыць: ранішняя гімнастыка ды іншыя трэніроўкі, прагулкі па свежым паветры, пераход на правільнае харчаванне (хаця б часткова), выпіваць норму чыстай вады і г.д.
Многае з гэтага павінна і каханне прыцягнуць. А як жа?! Будзем больш падцягнутымі, прывабнымі, з чыстай пругкай скурай і бліскучымі валасамі – і на нас абавязкова звернуць увагу! Тым больш, што зараз з гэтым прасцей. Бо калі над медыцынскай маскай толькі загадкава пабліскваюць вочы, абяцаючы таямніцу… 🙂 Але ж і тое, што пад маскай, не павінна расчараваць!
Вы згодныя?! Тады бяром ручку і паперу, бо толькі яны, а не смартфон, ноўт ці камп’ютар, абяцаюць магію… І – плануем! Канкрэтныя справы – крокі да здароўя, шчасця, радасці, дабрабыту... Удачы ўсім! З Новым годам!