Site icon Слушна

Заплечнік… разладу?

Заплечнік

Так ужо атрымалася, што заплечнікі перасталі быць адзнакай школьнікаў альбо студэнтаў. Зараз іх з задавальненнем носяць на працу і падчас адпачынку, на летнік і зімовую прагулку… Таты і мамы, бабулі і дзядулі… Словам, заплечнік сапраўды скарыў усе ўзросты!

Яшчэ зусім нядаўна асабіста ў мяне ён выклікаў толькі захапленне. Праўда, сама не нашу пакуль… Падумваю набыць яго якраз-такі для паездак на летнік. І для веласіпедных прагулак. Перавагі ж відавочныя! Рукі вольныя, груз размяркоўваецца за спіной раўнамерна, няма патрэбы перакладваць штосьці цяжкае з рукі ў руку пры хадзе.

Медыкі зазначаюць, што пастава робіцца больш прамой. Заплечнік бы адцягвае плечы крыху назад. А гэта дазваляе раскрываць грудную клетку і лепей працаваць лёгкім. Паходка таксама выраўноўваецца, крокі робяцца больш раўнамернымі і рытмічнымі. Усё гэта, вядома ж, працуе станоўча пры адсутнасці перагружанасці заплечніка. Інакш карысці ад яго нашэння не будзе, хутчэй наадварот. І датычыцца гэта таксама не толькі школьнікаў і студэнтаў, але і дарослых.

Здаецца, суцэльныя перавагі, праўда?! Асабліва калі ўлічыць, якія зараз заплечнікі разнастайныя па колеры, умяшчальнасці, дызайну. Іх ужо лічаць модным аксэсуарам падчас стварэння вобразу. Сама не аднойчы назірала адпаведнасць заплечнікаў, напрыклад, абутку. Альбо рознага яны колеру, але ўсё такое вясёлае, яркае ў дзяўчат…

Дык у чым жа лыжка дзёгцю, запытаецеся? Ды ўсё ў тым жа: у адсутнасці элементарнай культуры некаторых носьбітаў моднага і зручнага аксэсуара. Думаю, практычна кожны назірае штодня, як па-рознаму паводзяць сябе іх уладальнікі, асабліва ў транспарце. Хтосьці яшчэ на падыходзе да аўтобуса ці цягніка ў метро здымае заплечнік і трымае яго за спецыяльна прышытую для гэта ручку-пятлю. А хтосьці ледзь не зносіць ім людзей направа і налева! Як касой косіць!

Адным робяць заўвагу. Другіх проста пхаюць у той самы заплечнік – назірала не раз! Пасля чаго чалавек альбо адразу ж яго здымае (вось проста ўмомант здагадваецца пра прычыну!), альбо пачынае агрызацца, альбо… не рэагуе ніяк.

Мне, напрыклад, учора з паўдарогі ў маршрутцы даводзілася адварочваць твар ад заплечніка, які вісеў за спіной таго, хто ехаў стоячы! Ён увесь час хістаўся ля твару – так, што раз-пораз сапраўды даводзілася адпіхваць рукой. А што ж яго ўладальнік? Ні-чо-га! Павернецца – і далей стаіць, як стаяў.

Спецыяльна не рабіла заўвагу. Вырашыла паглядзець, наколькі можна прыкідвацца глухім і сляпым альбо «не ўязджаць» (можна падумаць!) у сітуацыю. А хапіла чалавека на ўвесь шлях да метро ў Мінску! І мяне таксама. Практычна. Напрыканцы ўжо, пры чарговым яго павароце, сказала, што ў твар жа лезе. Адсунуўся. Сантыметраў на 10. Але не зняў. Яму ж – ага! – зручна. Рукі вольныя, груз раўнамерна размяркоўваецца, здароўю не шкодзіць, наадварот.

А што камусьці нязручна, а ў нечым і траўманебяспечна… Дык гэта яе (яго) праблемы. Э-э-эх…

Exit mobile version