Сучаснае жыццё напоўненае стрэсамі, якія часта суправаджаюцца перападамі настрою, парушэннямі сну, раздражняльнасцю, хранічнай стомленасцю і пастаянным пачуццём нервовага напружання. Каб вярнуць чалавеку душэўныя спакой і раўнавагу, фармакалогія прапануе шырокі спектр заспакаяльных (седатыўных) прэпаратаў. Частка з іх прадаецца ў вольным доступе. І без перабольшання безумоўным лідарам тут з'яўляецца знакамітая валяр'янка.
Але як працуюць безрэцэптурныя заспакаяльныя лекавыя сродкі? Наколькі яны эфектыўныя супраць наступстваў назапашанага стрэсу? Ці можна іх выкарыстоўваць у якасці «хуткай дапамогі» ў стрэсавай сітуацыі?
На гэтыя і многія іншыя пытанні журналіста Слушна адказаў урач-клінічны фармаколаг Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска Алег Кендзенкоў.
Заспакаяльныя лекавыя расліны
Якія заспакаяльныя лекі прадаюцца без рэцэпта?
У аптэках Беларусі прысутнічае больш за 30 найменняў безрэцэптурных заспакаяльных (седатыўных) сродкаў. Большасць з іх – прэпараты на расліннай аснове ў стандартызаваных дазіроўках альбо змешаныя формы (хімічна сінтэзаванае рэчыва плюс натуральныя экстракты). Безрэцэптурныя заспакаяльныя лекавыя сродкі выпускаюцца ў выглядзе таблетак, настоек, капсул.
Таксама ёсць выдатны выбар як асобных траў, так і травяных збораў па асобнай тэматыцы захворванняў. У гэтым выпадку варта памятаць, што пры парушэнні тэхналогіі самастойнага прыгатавання адвару альбо настойкі акрамя лячэбнага экстракта высокая рызыка атрымаць «бонусам» шэраг так званых баластных рэчываў. Але ёсць і прыемны момант: многія травы валодаюць духмяным водарам, які захоўваецца пры іх заварванні.
Якія расліны часцей за ўсё з'яўляюцца асновай безрэцэптурных заспакаяльных сродкаў?
Найбольш распаўсюджанымі раслінамі, якія валодаюць заспакаяльным эфектам, у аптэчнай практыцы з'яўляюцца:
- валяр'яна;
- мята;
- меліса;
- сардэчнік;
- глог;
- святаяннік.
Таксама ў састаў безрэцэптурных заспакаяльных сродкаў на расліннай аснове могуць уваходзіць дзягіль, хмель, пасіфлора, півоня. У апошні час вырас попыт на комплексныя седатыўныя прэпараты ў форме капсул, у састаў якіх уваходзяць валяр'яна, сардэчнік і глог.
За кошт чаго расліны забяспечваюць седатыўны эфект?
Седатыўны эфект звязаны з наяўнасцю ў раслінах такіх злучэнняў, як эфірныя алеі, флаваноіды, алкалоіды. Дакладны механізм дзеяння ўстанавіць немагчыма, бо ў састаў раслінаў уваходзіць мноства рэчываў. І адсачыць, якое за што адказвае, проста нерэальна. Як прыклад, найбольш вывучанай з'яўляецца валяр'яна. Лічыцца, што злучэнні, якія ўваходзяць у яе састаў, прадэманстравалі падабенства да GABA-А рэцэптараў, адэназінавых рэцэптараў, а таксама да барбітуравых і бензадыязепінавых рэцэптараў. Кажучы простай мовай, раслінныя заспакаяльныя прэпараты ўзмацняюць працэсы тармажэння і аслабляюць працэсы ўзбуджэння ў галаўным мозгу.
Варта адзначыць, што ў розных раслінаў праяўляецца і шэраг іншых эфектаў, не звязаных з вышэйшай нервовай дзейнасцю.
Напрыклад, алей мяты перцавай аказвае рэфлекторнае вазадылатуючае (пашырэнне сасудаў), спазмалітычнае, лёгкае жаўцягоннае, антысептычнае дзеянні. Механізм дзеяння звязаны са здольнасцю раздражняць «халадовыя» рэцэптары слізістай абалонкі поласці рота і рэфлекторна пашыраць пераважна сасуды сэрца і галаўнога мозгу. Акрамя таго, мята перцавая дапамагае ліквідаваць з'явы метэарызму за кошт раздражнення рэцэптараў слізістай абалонкі страўнікава-кішэчнага тракту і ўзмацнення перыстальтыкі кішэчніка.
Актыўныя кампаненты мелісы паляпшаюць працэсы стрававання, аказваюць мяккі жаўцягонны эфект, спрыяюць аднаўленню мікрафлоры кішэчніка і сакрэцыі стрававальных ферментаў.
Сардэчнік валодае седатыўным, гіпатэнзіўным (паніжае ціск), адмоўным хранатропным (зніжае частату сардэчных скарачэнняў) і кардыятанічным дзеяннем.
Рэчывы, якія ўваходзяць у склад глогу, паніжаюць узбуджальнасць ЦНС і сардэчнай мышцы, спрыяюць павышэнню сардэчных скарачэнняў, паляпшэнню каранарнага і мазгавога кровазвароту, ліквідуюць галавакружэнне. Глог спрыяе нармалізацыі сардэчнага рытму, аказвае спазмалітычнае дзеянне, выбарча пашыраючы сасуды сэрца і галаўнога мозгу, зніжае ціск.
Святаяннік валодае антыдэпрэсійным эфектам, зніжае ўзровень трывогі і супакойвае.
Півоня прадэманстравала, акрамя заспакаяльных, яшчэ і супрацьтрывожныя, супрацьсутаргавыя, мембранастабілізуючыя, антыаксідантныя, стрэспратэктыўныя і антыгіпаксічныя ўласцівасці. Мембранастабілізуючы эфект абумоўлены тым, што дзейсныя кампаненты прэпарата абараняюць мембраны клеткі ад разбурэння, выкліканага стрэсамі альбо агрэсіўным уздзеяннем навакольнага асяроддзя. Стрэспратэктыўны эфект спрыяе больш актыўнаму вывядзенню з клетак прадуктаў распаду, альбо папросту «смецця», якое засталося пасля выкарыстання пажыўных рэчываў. Гэтак жа для нармальнага функцыянавання клетак арганізма вельмі неабходны кісларод, а ва ўмовах стрэсу, асабліва пры наяўнасці праблемаў з сардэчна-сасудзістай сістэмай, яго можа паступаць недастаткова. Актыўныя кампаненты з антыгіпаксічнымі ўласцівасцямі, якія змяшчаюцца ў півоні, дапамагаюць арганізму лепей засвойваць кісларод і бяспечна транспартаваць яго ў актыўныя цэнтры клеткі.
Пры якіх станах дапамагаюць безрэцэптурныя седатыўныя прэпараты?
Асноўныя праблемы, якія дапамагаюць вырашыць раслінныя заспакаяльныя сродкі, – гэта, кажучы медыцынскай мовай, «няцяжкія функцыянальныя парушэнні нервовай сістэмы». Прымаць раслінныя седатыўныя сродкі можна, калі на працягу некалькіх дзён вы адчуваеце:
- хранічную стомленасць;
- сэрцабіцце на фоне непрыемных падзей;
- раздражняльнасць;
- пастаяннае псіхічнае і нервовае напружанне (у тым ліку перад экзаменамі альбо адказнай справаздачай на працы);
- пачуццё трывожнасці;
- частыя перапады настрою, плаксівасць;
- а таксама заўважаеце цяжкасці з засынаннем, лёгкія расстройствы сну.
Раслінныя заспакаяльныя сродкі – тое, што трэба, калі ёсць схільнасць да такіх станаў, пры гэтым у цэлым яны не замінаюць звыклай жыццядзейнасці. Калі ж такія станы суправаджаюцца адсутнасцю апетыту, стойкай бяссонніцай, цяжкай апатыяй, пачуццём стомленасці нават пасля начнога сну, гаворка можа ісці пра больш сур'ёзныя нервова-псіхічныя расстройствы, пры якіх неабходныя кансультацыя і дапамога ўрача-спецыяліста.
Як хутка надыходзіць заспакаенне пасля прыёму седатыўных прэпаратаў на расліннай аснове?
Імгненнага ваў-эфекту ад іх дакладна чакаць не варта. Часцей безрэцэптурныя заспакаяльныя лекі валодаюць назапашвальным дзеяннем, максімальны эфект выяўляецца пасля працяглага прыёму (да некалькіх месяцаў). Гэтак жа яны могуць выкарыстоўвацца ў комплексным лячэнні такіх станаў, як парушэнне стрававання, захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, расстройствы гарманальнай сістэмы арганізма.
Ці можна прымаць заспакаяльныя сродкі без рэцэпту цяжарным жанчынам, якія адрозніваюцца асаблівай адчувальнасцю і трывожнасцю?
Чамусьці большасць людзей лічыць, што «траўкі» не могуць нашкодзіць. Аднак у склад раслінаў уваходзіць мноства актыўных рэчываў, пра што мы гаварылі напачатку. Як ўспрыме гэтае спалучэнне арганізм цяжарнай жанчыны, які працуе ў гэты перыяд часу ў асаблівым рэжыме, загадзя прадказаць немагчыма. Таму практычна ўсе раслінныя седатыўныя прэпараты не рэкамендавана ўжываць пры цяжарнасці і лактацыі. Як прапісана ў інструкцыях да іх: «у сувязі з адсутнасцю дастатковых дадзеных».