Сярод шматлікіх афіцыйных і неафіцыйных святаў, якія адзначаюць ва ўсім свеце 13-га красавіка, ёсць адно, што асабіста мне да душы: Сусветны дзень дзьмухаўца.
Гэтымі прыгожымі «сонейкамі» можна захапляцца альбо, наадварот, наракаць на іх: вось колькі вас развялося на дачным участку, захопнікі! Але нельга застацца абыякавым, назіраючы за такімі залацістымі прасторамі.
Калі яшчэ была жывая мая мілая мамачка (прабачце, я ніколі не ачуняю ад гэтай агромністай страты большай і лепшай часткі мяне…), мы з ёй (а калі і яна з татам) ужо некалькі год запар збіралі ў экалагічна чыстым месцы наземную частку дзьмухаўцоў, каб зрабіць карысны сок. І мама штодня яго ўсім налівала па сталовай лыжцы… З клопатам і любоўю…
Таму, пішучы пра дзьмухаўцы, хочацца яшчэ раз нагадаць не толькі пра іх прыгажосць, але і карысць для арганізма. Але дзесьці – і шкоду! Будзьце ўважлівымі!
Вядома ж, хацелася, каб было так: паеў дзьмухаўцоў у сезон – і зрабіўся здаровым! Але, на жаль, такога не бывае… Як няма і чароўнай таблеткі ад усяго і для ўсіх у доказнай медыцыне. Таму, як заўсёды, зазначаю: спажываем і верым у лекавыя ўласцівасці, але і прыслухоўваемся да свайго арганізма. Толькі так.
А варыянты спажывання багатыя! Сок, салаты, варэнне, мармелад, настойкі… Толькі паспявай шукаць у сеціве рэцэпты ды гатаваць на свой густ! Але перш чым вы наважыцеся гэта зрабіць, адразу пра супрацьпаказанні.
Яны, апрача індывідуальнай непераноснасці, такія: гастрыт, язва, камяні ў жоўцевыводзячых шляхах, высокая кіслотнасць, дыярэя і расстройствы страўніка, у перыяды цяжарнасці і кармлення нованароджанага. Гэта тое, пры чым стопрацэнтна – не. Магчымыя рэакцыі і пра іншых захворваннях. Як і з лекамі, з травамі ўсё выключна індывідуальна.
А цяпер пра тое, што найбольш падабаецца ў дзьмухаўцы. І што робіцца актуальным у перыяд пандэміі каранавіруса. Так-так, ніяк і нідзе гэтую галоўную тэму не абыдзеш! Як і размовы пра тое, што трэба мець моцны імунітэт, каб справіцца з гэтай хваробай без вялікіх негатыўных наступстваў для арганізма.
Мець-то яго, вядома, добра. Але дзе ўзяць, калі няма? Дык вось карысць нашых «сонейкаў» у тым, што яны сярод іншага ўмацоўваюць імунітэт. І нават спрыяльна ўздзейнічаюць на аслаблены арганізм пры хваробах, бо могуць зніжаць гарачку і дапамагаць адкашлівацца. Вядома ж, зноў паўтаруся, аднымі дзьмухаўцамі не вылечышся. А вось як дадатак да асноўнай тэрапіі… Чаму б і не паспрабаваць?!
Рэцэпт. Напой з дзьмухаўцоў
Вось адзін з самых простых у прыгатаванні рэцэптаў для павышэння імунітэту і паляпшэння абмену рэчываў.
Інгрэдыенты:
- Карані і лісце дзьмухаўца (здробненыя) – 1 ст.л.
- Гатаваная вада (якая закіпела) – 1 шклянка.
Прыгатаванне:
- Здробненую сыравіну заліваем кіпнем.
- Настойваем у тэрмасе 30 хвілін.
- Працэджваем адвар, адціскаем сыравіну.
- Выпіваем за дзень у тры прыёмы незалежна ад ежы.
А па шчырасці, я згодная з тымі, хто лічыць усе часткі дзьмухаўца карыснымі. І што пры ўжыванні ў любым выглядзе на імунітэт ён абавязкова падзейнічае.
Далей мае вочы зачапіліся за сцвярджэнне, што дзьмухаўцы станоўча ўздзейнічаюць на зрок. Так, вось гэта нам усім таксама патрэбна вельмі, праўда?! Асабліва тым, хто днямі за ноутбукам ці камп’ютарам працуе. Вядома ж, калі не рабіць перапынкі ў працы і гімнастыку для вачэй, наўрад ці дапамогуць нам і дзьмухаўцы… А вось усё разам…
Які яшчэ бонус дае спажыванне дзьмухаўцоў у перыяд пандэміі каранавіруса? Гэта добрыя лекі ад стрэсу, сцвярджаюць спецыялісты. Бо ў ім ёсць хром і кальцый, калій і магній, іншыя карысныя элементы.
Дарэчы, а вы ведаеце, што французы і галандцы спецыяльна вырошчваюць дзьмухаўцы?! Бо іх актыўна і з поспехам выкарыстоўваюць у касметалогіі. Так, не толькі ўнутранае прымяненне, але і знешняе вітаецца і ў нас. Думаю, многія яшчэ ў дзяцінстве націралі сокам дзьмухаўца свае вяснушкі?!
Ну, а самым простым у прымяненні, відаць, будзе гарбата з дзьмухаўцоў. Тут на выбар: альбо з пялёсткаў, альбо з лісточкаў маладзенькіх. Свежых ці высушаных. Прапорцыі і дадаткі ў выглядзе цукру ці мёду – на свой густ.
І памятаем: у вялікім загазаваным горадзе на газонах дзьмухаўцы з лекавымі мэтамі збіраць нельга! Толькі ў экалагічна чыстых мясцінах, падалей ад ажыўленых дарог. І пажадана – ад людскога жытла таксама. А вось на ўласным дачным участку можна збіраць і з лекавымі мэтамі. Калі сам участак не пры дарозе…
Ну, а калі вам усяго хапае – здароўя, імунітэту, пакупной гарбаты, тады проста любуемся на залацістыя россыпы дзьмухаўцоў і ловім свой дзэн!