Site icon Слушна

Захаранка, або Гаспадыня лясных крыніц

Захаранка

Вёска Гамарня ў Быхаўскім раёне Магілёўшчыны адрэзана ад вялікіх дарог густым лесам, у адной з частак якога чалавек пачуваецца не надта ўтульна.

Высокія хвоі суседнічаюць тут з векавымі дубамі, а тыя распасціраюць свае вузлаватыя галіны над ярам, ​​на дне якога б’юць тры празрыстыя крыніцы, размешчаныя дакладна па вяршынях роўнабаковага трохкутніка. Гэтае месца называецца Захаранкай або Каскадам крыніц.

Захаранка 1

 Як дабрацца?

Найлепш – пешшу, прыехаўшы ў вёску Гамарня, ад якой ідзе ўтаптаная сцежка ў лесе з мастком праз раку Уюнок. Працягласць сцежкі каля кіламетра, усюды ёсць лаўкі, стомленаму вандроўніку ёсць дзе прысесці ды адпачыць.

Усяго тут налічваецца 12 ключоў. Над некаторымі з іх зроблены драўляныя зрубы, а побач устаноўлены драўляныя крыжы. Паміж крынічкамі – масткі. З крынічак утвараецца раўчук і цячэ па некалі выкапаным канале ў раку Уюн. З крыніцай злучаецца возера Бязодніца, або Чортава Вока.

Спрадвеку, калі была засуха, людзі ішлі да крынічак, маліліся і прасілі пра дождж. А ў падзяку ахвяравалі грошы, клалі іх каля абразоў, кідалі манеты ў празрыстую ваду. Паводле старадаўніх павер’яў, крынічная вада лечыць шмат хваробаў, у тым ліку захворванні сэрца, умацоўвае зубы, ратуе ад зморшчынак, але асабліва дапамагае ад хвароб вачэй.

Крупецкія святыні

Прычым, не толькі ў людзей, але і ў жывёл. Расказваюць, што некалі быў паморак на жывёлу, і сюды прыгналі статак кароў для прамывання вачэй. Ім цяжка было спусціцца да крынічак, і тады дзеля іх пракапалі адмысловую канаву. У ёй і паілі худобу, прамывалі ёй вочы. Кажуць, што ўсе каровы паправіліся.

Невядома, адкуль узялася назва Захаранка. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што так называлі крыніцу іх дзяды і прадзеды. Як бы там ні было, але пра Захаранку прызвычаіліся гаварыць напаўголаса і з павагай. Падстаў для такога стаўлення дастаткова…

Вось самая вядомая легенда пра тутэйшыя мясціны. Было гэта даўным-даўно: калі менавіта – ніхто не ведае. Каб паспець на сенакос, мясцовыя мужчыны выйшлі з вёскі зацемна. Дарога да лугу ляжала праз лес. Падарожнікі наблізіліся да Захаранкі і спусціліся ў лагчыну, каб наталіць смагу крынічнай вадой.

Глыбокі і без дна. Гісторыя Святога калодзежа каля Крычава

Рассунуўшы кусты, якія раслі на шляху да крыніцы, яны здранцвелі. На фоне сплеценых галін старых дрэў стаяла аголеная дзяўчына і, чэрпаючы прыгаршчамі ваду, ліла яе на сваё здавалася празрыстае цела. Адзін з касцоў спытаў незнаёмку, як яе завуць і што яна тут робіць. Дзіўная купальшчыца адказала, што клічуць яе Захаранкай і здзівілася: “А хіба вы мяне бачыце?”. Вядома, бачым, адказалі касцы.

На некалькі секунд на паляне запанавала цішыня, а затым пачуўся крык аднаго з падарожнікаў: “Аслеп я, людзі добрыя!” Такі ж сумны лёс чакаў і яго таварышаў. Пад вечар аднавяскоўцы адшукалі зніклых касцоў. Тыя блукалі па лесе, падалі, натыкаліся на дрэвы. Да канца сваіх дзён небаракі, якія пабачылі гаспадыню крыніц, засталіся сляпымі…

Паводле другога народнага расповеду, у гэтым месцы праваліўся пад зямлю храм. На тым месцы ўтварыўся балоцісты яр, у якім забруілі тры крыніцы.  Кажуць, што гэта здарылася нібыта за грахі людзей у той момант, калі службу правіў святар Захарый. Часам кажуць, што гэта царква была прысвечана Святому Захарыю. Тым не менш, мясцовыя вераць, што ў гэтым таямнічым месцы з-пад зямлі можна пачуць гукі царкоўных званоў.

Святыя Байкаўскія крыніцы

Да савецкіх часоў на гэтым месцы стаяла мураваная капліца ў гонар прарока Іллі. У часы ваяўнічага атэізму было вырашана знесці капліцу як сімвал адсталасці і перашкоды на шляху да новага жыцця. Радыкальнае рашэнне выклікала незадаволенасць мясцовых жыхароў. Тады атэісты ​​і іх памагатыя пайшлі на хітрасць. Пад выглядам добраўпарадкавання тэрыторыі ўначы быў спілаваны вялізны дуб, які ўпаў на капліцу. Ад моцнага ўдару яна развалілася. Вось тут Захаранка і паказала, як яна насамрэч здольная помсціць.

Па словах мясцовых жыхароў, ніхто з чацвярых актывістаў па разбурэнні капліцы не пражыў больш за паўгода. Адзін загінуў пад возам, што зваліўся з моста, другі дапіўся да белай гарачкі і засіліўся, трэцяга да смерці збілі, а чацвёрты жыўцом згарэў ва ўласным доме.

Доўгія гады за крыніцамі ніхто не даглядаў, і толькі ў 1994 годзе было вырашана аддаць ім даніну павагі. У дзень памяці Еўфрасінні Полацкай адбылося асвячэнне адроджанай Свята-Ільінскай капліцы. Малебен праводзілі святары з Быхава і Магілёва. Месца ўпарадкавалі, зрабілі зручныя падыходы. Калі ўкопвалі крыжы каля крынічак, натыкаліся на камяні, кавалкі цэглы, знаходзілі манеты XVII стагоддзя.

На ўрачыстым адкрыцці міні-комплексу адбыўся казус. Адзін чалавек вырашыў забяспечыцца гаючай вадой надоўга. Калі ўсе астатнія набіралі крынічную ваду слоікамі і бутэлечкамі, дык жвавы грамадзянін загрузіў у свой УАЗік некалькі 40-літровых бідонаў. І на звычайнай лясной дарозе аўтамабіль не мог ссунуцца з месца, ажно пакуль бідоны не выгрузілі.

У наш час Каскад крыніц аб’яўлены гідралагічным помнікам прыроды мясцовага значэння.

Людзі па-ранейшаму ідуць і едуць сюды, каб памаліцца, набраць гаючай вады, якая не замярзае нават у самыя моцныя маразы…

Exit mobile version