Цукровы дыябет, асабліва калі ён дрэнна кампенсаваны, прыводзіць да з'яўлення змяненняў на сятчатцы вока – дыябетычнай рэтынапатыі. Па першым часе чалавек можа не заўважаць ніякіх прыкметаў, мець ідэальны зрок, але паталагічны працэс будзе ўжо запушчаны. У цяжкіх выпадках дыябетычная рэтынапатыя робіцца прычынай поўнай страты зроку.
Пра тое, якія змены адбываюцца на сятчатцы вока пры цукровым дыябеце і чаму важна своечасова звяртацца да афтальмолага, журналісту інфармацыйнага партала Здаровыя людзі распавяла афтальмолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі кабінета рэтынальнай паталогіі 3-й гарадской клінічнай бальніцы імя Я.У.Клумава г.Мінска Майя Ланская.
Дыябетычная рэтынапатыя
Што адбываецца з сятчаткай пры цукровым дыябеце?
Сятчатка – гэта абалонка, якая высцілае вока знутры. Тут святло пераўтвараецца ў нервовыя імпульсы, якія затым па нервовых валокнах перадаюцца ў мозг. Там яны аналізуюцца, і чалавек успрымае адлюстраванне.
Пры цукровым дыябеце парушаецца абмен рэчываў. З-за ваганняў узроўню глюкозы, асабліва рэзкіх, пакутуюць сасуды. Усё гэта не самым спрыяльным чынам адбіваецца на сятчатцы вока.
Калі чалавек хварэе на цукровы дыябет на працягу 5 гадоў, дык прыкладна ў 25% выпадкаў дыягнастуюцца пашкоджанні вачэй. Пры «стажы» захворвання 10-15 гадоў – у 50% выпадкаў, больш за 25 гадоў – змены на сятчатцы назіраюцца ў 90-100% выпадкаў.
Прыкметы дыябетычнай рэтынапатыі
У першую чаргу, пагаршэнне зроку, як зблізку, так і ўдалячынь. Ніякімі акулярамі скарэктаваць праблему не ўдаецца. Могуць з'явіцца адна альбо некалькі цёмных плямаў у цэнтральнай зоне альбо скрыўленне ліній адлюстравання (часцей сустракаецца пры ацёку сятчаткі).
Як развіваецца хвароба?
Сценкі сасудаў, якія знаходзяцца ў сятчатцы, пашыраюцца, робяцца тонкімі і крохкімі. З-за гэтага праз іх прасочваецца вадкасць (прыводзіць да ацёку сятчаткі) і ліпіды, якія знаходзяцца ў крыві. Яны асядаюць у выглядзе так званых эксудатаў, якія з цягам часу зацвердзяваюць. Гэтыя працэсы прыводзяць да кіслароднага галадання сятчаткі і правакуюць хуткі рост новых паталагічных сасудаў, якія з-за слабой сценкі пастаянна прапускаюць кроў.
Як правіла, пакутуюць абодва вокі, але часам адно ў большай ступені, а другое ў меншай.
Стадыі дыябетычнай рэтынапатыі
Непраліфератыўная рэтынапатыя (дыябетычная рэтынапатыя I)
Яе называюць непраліфератыўная дыябетычная рэтынапатыя. Яна прыводзіць да павышэння пранікальнасці капіляраў, утварэння мікраанеўрызмаў, кровазліццяў, эксудатаў.
Прэпраліфератыўная рэтынапатыя (дыябетычная рэтынапатыя II)
На гэтым этапе ўзмацняюцца змены, з'яўляецца ацёк на сятчатцы, мазкі крыві ўнутры вока, значна павялічваецца колькасць цвёрдых эксудатаў. Часта яны адкладаюцца ў цэнтральнай зоне.
Цвёрдыя эксудаты (іх можна параўнаць з каменнымі грудамі) размяшчаюцца на сятчатцы і тым самым ціснуць на яе. Пад імі знаходзяцца клеткі нейраэпітэлію – колбачкі і палачкі. Але з-за ціску эксудатаў яны гінуць. Пры вялікім пашкоджанні чалавек нічога не бачыць у цэнтральнай зоне, і павярнуць працэс назад нельга.
Праліфератыўная рэтынапатыя (дыябетычная рэтынапатыя III)
Адбываецца рост велізарнай колькасці паталагічных сасудаў, яны распаўсюджваюцца па ўсёй сятчатцы. Сценкі сасудаў разрываюцца, што суправаджаецца кровазліццямі. З часам кроў пакрысе рассмоктваецца, але ў гэтых месцах утвараюцца рубцы.
Характэрнай прыкметай трэцяй стадыі хваробы з'яўляецца гемафтальм. Ён развіваецца ў выпадку разрыву буйнога сасуда, калі кроў запаўняе шклопадобнае цела. Калі сасуды прараслі на пярэднюю частку вока, кроў можа быць заўважаная нават няўзброеным вокам (яна запаўняе пярэднюю камеру вока). Пачынаецца ацёк і запаленне.
Другасная глаўкома
Яшчэ адно ўскладненне цукровага дыябету – другасная глаўкома. У гэтым выпадку сасуды, які растуць на сятчатцы, з часам прарастаюць у пярэднюю частку вока і закрываюць вобласць, дзе знаходзіцца адток вадкасці. Гэта прыводзіць да павышэння ўнутрывочнага ціску. Адбываецца сцісканне зрокавага вочнага нерва, развіваецца моцны болевы сіндром, зняць які чым-небудзь немагчыма. У выніку надыходзіць слепата.
Норма ўнутрывочнага ціску – менш за 20 мм рт слупа, пры другаснай глаўкоме ён можа падымацца да значэнняў 60 і больш мм рт слупа.
Лячэнне дыябетычнай рэтынапатыі
Каб зняць ацёк сятчаткі і запаленне, якія правакуюцца наяўнасцю вадкасці ў сятчатцы, у некаторых выпадках прымяняецца прэпарат з групы глюкакортыкастэроідаў. Аднак у яго ёсць пабочны эфект – ён павышае ўзровень глюкозы ў крыві. Таму перад яго прымяненнем збіраецца дакладны анамнэз пацыента і аналізуюцца ўсе рызыкі.
Асноўнае лячэнне заключаецца ў тым, каб прадухіліць рост новых сасудаў. У Беларусі зарэгістраваныя два лекавыя прэпараты (інгібітары VEGF), якія ўводзяцца ўнутр вока. Ін'екцыі выконваюцца ў амбулаторных умовах і не патрабуюць шпіталізацыі. Такое лячэнне пажыццёвае. Выконваецца курсамі.
Прытармазіць рост паталагічных сасудаў дапамагае і лазерная тэрапія. З дапамогай лазернага выпраменьвання па перыферыі (цэнтральная зона не закранаецца!) праводзіцца кропкавае прыпальванне сятчаткі. Пасля такіх мікраапёкаў утвараюцца рубчыкі, якія не даюць у далейшым распаўсюдзіцца і расці новым сасудам. Лазерная тэрапія, як правіла, прымяняецца пасля ін'екцый інгібітараў VEGF і выкарыстоўваецца ў тым ліку як прафілактыка гемафтальтаў.
З мэтай прафілактыкі ўскладненняў цукровага дыябету, якія ўплываюць на здароўе вачэй, спецыяліст рэкамендуе мінімум раз у паўгода праходзіць агляд у афтальмолага.
Фота эксперта – Вольга Стружынская.