29 лістапада на плошчы ля Мінскага трактарнага завода (ст. М. Трактарны завод) адкрыецца вулічная фотавыстава «Разам да здароўя!». Ініцыятар мерапрыемства – Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа. Героі фотапраекта – простыя жыхары невялікіх гарадоў і вёсак Беларусі.
Наведвальнікі фотавыставы «Разам да здароўя!» пазнаёмяцца з гісторыямі жыхароў Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей, якія абралі здаровы лад жыцця. Акрамя таго, на выставе пазнаёмяць з ініцыятыўнымі валанцёрскімі групамі па ЗЛЖ Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК), якія аб'ядноўваюць вакол сябе жыхароў гарадоў, вёсак і разам мяняюць жыццё ў мясцовых аб’яднаннях да лепшага.
З 29 лістапада па 17 снежня фотавыстава будзе па чарзе размешчаная на пляцоўках перад буйнымі прадпрыемствамі Мінска. У адкрыцці экспазіцыі прымуць удзел героі фотавыставы – удзельнікі ініцыятыўных груп БТЧК. Яны правядуць для ўсіх жадаючых майстар-класы па скандынаўскай хадзьбе, арганізуюць актыўныя народныя гульні. Наведвальнікаў выставы таксама чакаюць конкурсы і падарункі.
Затым з 3 снежня выстава пераедзе да Мінскага аўтамабільнага завода, дзе будзе знаходзіцца да 9 снежня. Выніковым пунктам размяшчэння стане пляцоўка перад Мінскім заводам колавых цягачоў. Тут экспазіцыя будзе з 10 да 17 снежня. Далей экспазіцыя адправіцца ў падарожжа па рэгіёнах.