Site icon Слушна

Zero Waste: адмовіцца ад лішняга дзеля шчасця і экалогіі

Беа Джонсан, аўтар бестсэлера Zero Waste Home («Дом без адходаў»)

Беа Джонсан, аўтар бестсэлера Zero Waste Home («Дом без адходаў»), прыехала ў Мінск з лекцыяй пра ўласны досвед жыцця без адходаў і прэзентацыяй сваёй кнігі, перакладзенай на 22 мовы.

Слушна апынуўся сярод слухачоў і запісаў асноўныя моманты з выступлення госці.

Дом без адходаў

На лекцыю ў каворкінгу IMAGURU, арганізаваную Цэнтрам экалагічных рашэнняў, сабралася поўная зала. Сярод слухачоў былі і студэнты, і маладыя бацькі, і людзі старэйшага пакалення.

Элегантная Беа, францужанка па паходжанні, выйшла да публікі ў чорным берэце, такім жа жакеце, скарочаных джынсах і строгіх басаножках на абцасах. Як пазней аказалася, модны камплект яна набыла ў сэканд-хэндзе, радасна паведаміўшы, што басаножкі абышліся ёй усяго ў пяць долараў. Тым не менш, на хіпі ці адчайную хатнюю гаспадыню яна падобная не была. Хаця многія, пачуўшы пра яе лад жыцця, думаюць менавіта так.

Беа – заснавальніца сусветнага руху Zero Waste (з англ. «Нуль адходаў»). Разам з мужам і двума сынамі-тынэйджарамі яна жыве па такім прынцыпе з 2006 года, пра што распавядае ў сваім блогу*. За адзін год у іх збіраецца ўсяго адзін шкляны слоік смецця, у што скептыкі адмаўляюцца верыць.

У 2010 годзе пра Джонсан напісала газета New York Times, і гэта дало штуршок глабальнаму руху жыцця без адходаў.

Вынесці хлам з дому

Сям'я Джонсан жыве ў невялікім гарадку ў Каліфорніі. Яны пераехалі туды ў 2006-м, у пошуках месца, дзе школа, крамы, цырульні і іншыя набыткі цывілізацыі знаходзіліся б у крокавай даступнасці.

Падчас пераезду Беа выявіла, што 80% рэчаў з іх ранейшага дома ўжо даўно ляжаць без справы, займаючы прастору. Тады яна ўпершыню задумалася пра новы фармат вядзення хатняй гаспадаркі – бяспечны для навакольнага асяроддзя і зручны для яе сям'і. Перш за ўсё яны пачысцілі шафы, потым знізілі спажыванне энергіі і вады, а пасля пачалі эксперыментаваць у пошуках экалагічных альтэрнатыў для побыту. Метадам спроб і памылак Беа вывела для сябе і сваіх дамачадцаў новыя побытавыя звычкі.

Пяць правілаў Zero Waste

1. Адмовіцца ад лішняга

Беа лічыць, што для камфортнага жыцця чалавеку трэба мала. Хоць маркетолагі пераконваюць нас у адваротным, прапаноўваючы для кожнай задачы новы прадукт. Напрыклад, канапу прапануюць чысціць адным сродкам, пліту – іншым, кафлю ў ваннай – яшчэ чымсьці. Джонсаны выкарыстоўваюць для прыбірання толькі два сродкі – белы воцат і натуральнае мыла.

Яшчэ адзін хітрык прадаўцоў – бясплатная раздача прома-тавараў, а таксама флаераў, фішак і іншых бонстыкаў. Забіраючы іх, вы галасуеце за такі спосаб продажу, сцвярджае Беа. Бо прапануюць тое, на што ёсць попыт. У выніку ваш дом хутка засмечваюць непатрэбныя рэчы. Рана ці позна вы адпраўляеце іх у сметніцу.

«Купляць штосьці аднаразовае, значыць выкідваць грошы ў фортку», – кажа Беа. Па гэтай прычыне ў яе дома няма сувеніраў і іншых дробязей.

2. Скараціць спажыванне

У доме Беа пануе мінімалізм. Усе прадметы, якія ляжаць на паліцах і ў шафах, выкарыстоўваюцца на 100%. Гэта тычыцца і адзення. Напрыклад, у гардэробе Беа толькі 15 прадметаў, з якіх рэальна стварыць 50 розных вобразаў. Сакрэт у выбары шматфункцыянальных рэчаў – іх лёгка спалучаць адна з адной.

Такі ж падыход да выбару адзення ў яе мужа і сыноў. Па гэтай прычыне Джонсан вельмі зручна падарожнічаць - поўны гардэроб кожнага змяшчаецца ў стандартным заплечніку. Так, яны жывуць у Каліфорніі, дзе сонца відавочна больш, чым у Беларусі, аднак падумайце, калі вы ў апошні раз апраналі тую бляскучую бэзавую кофту і ці настолькі вам былі патрэбныя гэтыя зялёныя туфлі на абцасах са зніжкай.

На кухні Джонсан усе прадукты захоўваюцца ў шкляных слоіках і бутэльках. У краму Беа ходзіць з наборам шматразовай тары: мяшэчкі з тканіны – для хлеба і круп; слоікі – для мяса, сыру; бутэлькі – для вадкіх прадуктаў (воцату, расліннага алею, віна). Гэта дазволіла сям'і не выкідаць прадукты: заўсёды відаць, колькі і чаго засталося.

Нічога лішняга ў Беа і ў ваннай. У краме яна купляе толькі танальны крэм, а таксама алей для валасоў і цела. Усе прадукты – у шкляной упакоўцы і без сінтэтыкі ў складзе. Бронзер яна робіць з парашку какавы, цені – з паленага міндаля, па ўласным рэцэпце вырабляе і туш, якую наносіць шматразовым аплікатарам.

Яе муж і сыны карыстаюцца двухбаковай брытвай са зменнымі лёзамі і арганічным спрэем на цытрусавай цэдры для фіксацыі прычоскі.

Для мыцця рук, валасоў і цела ў сям'і ёсць універсальнае мыла без упакоўкі. З гігіенічных сродкаў таксама алунітавы дэзадарант (квасцовы камень). Замест зубной пасты Джонсаны выкарыстоўваюць содавы парашок, а пластыкавыя зубныя шчоткі яны замянілі драўлянымі са зменным шчаціннем

3. Выкарыстоўваць паўторна

У доме Беа няма аднаразовых рэчаў (пластыкавая ўпакоўка сышла першай). Напрыклад, папяровыя сурвэткі яна замяніла тканкавымі, пластыкавыя шпажкі для канапэ – шматразовымі з нержавейкі і г.д. Яе сыны загортваюць свае школьныя перакусы ў адрэзы тканіны.

Гардэроб Джонсаны абнаўляюць двойчы ў год, пры гэтым знаходзяць абноўкі ў сэканд-хэндзе або на eBay (аналаг нашага «Куфара»).

Мэблю для дома сям'я таксама купіла з рук. Хоць, разглядаючы фатаграфіі іх прасторнага і стыльнага катэджа, дзе ўсё ззяе беллю (белы колер сцен дазваляе даўжэй не ўключаць электрычнасць у прыцемках), складана падумаць, што інтэр'ер ствараў не дызайнер.

4. Адпраўляць на перапрацоўку

Калі якую-небудзь рэч нельга потым адправіць на перапрацоўку, варта падумаць, ці можна ад яе наогул адмовіцца. Паперы, шклу і металу даюць другое жыццё і ў Беларусі. У ЗША магчымасцей для перапрацоўкі рэчаў больш. Напрыклад, Nike з задавальненнем забірае ў грамадзян красоўкі, якімі карысталіся, прычым любых марак.

Гэтым карыстаюцца Джонсаны. Большасць рэчаў у іх доме са шкла, кардону, дрэва або металу. Пластыка, паўтаруся, яны не церпяць. Па-першае, не ўвесь пластык падлягае перапрацоўцы (проста ідзе на звалку ці яшчэ горш – плавае ў акіяне), па-другое, некаторыя рэчывы з пластыкавай упакоўкі пранікаюць у прадукты. А гэта ўжо праблемы са здароўем. Напрыклад, раней Беа пакутавала ад кан'юктывіту, і адмова ад фабрычнай тушы пазбавіла яе ад гэтай праблемы. А яе мужу новы лад жыцця дапамог забыцца на хранічны сінусіт.

5. Кампаставаць

Арганічныя адходы Беа адпраўляе ў кампост. А ўласныя валасы пасля чарговай стрыжкі часам аддае арганізацыі, што робіць парыкі для людзей, хворых на рак.

У выніку да канца года ў сям'і назапашваецца толькі адзін маленькі слоік смецця. Там можна знайсці некалькі крамных налепак са штрыхкодамі, шчацінне ад зубных шчотак альбо насадкі ад навушнікаў. Так, зусім без смецця жыць усё яшчэ не атрымліваецца. Але слоік у год – гэта ў разы менш, чым поўнае вядро на тыдзень.

Самыя важныя рэчы ў жыцці – не рэчы

Жыццё без адходаў дазваляе Джонсан эканоміць да 40% сямейнага бюджэту. Што дапамагло набыць сонечныя батарэі, а яшчэ шмат падарожнічаць, укладваючы грошы не ў рэчы, а ў адчуванні. Быць, а не мець.

Ды гэта занадта!» – абураецеся вы. А Беа вам адказвае: «Я нікога не спрабую прымусіць жыць так жа, гэта выбар нашай сям'і, мне проста хочацца паказаць, што жыццё без адходаў магчымае».

І напрыканцы, усяго адзін факт: памеры смеццевага кантынента ў Ціхім акіяне ўжо ў сем разоў перавысілі плошчу Беларусі.

* https://zerowastehome.com/bea/

https://bel.24health.by/yak-zrabic-lad-zhyccya-bolsh-ekalagichnym-parady-specyyalista/

Exit mobile version