Site icon Слушна

Жалеза — ад галавы, срэбра — ад п’янства, або Магія металаў для беларусаў мінулага

Кузнец

Са старажытных часоў металы адыгрывалі важную ролю ў жыцці чалавека, не толькі як матэрыял для вырабу прылад і ўпрыгожванняў, але і як магічныя абярэгі. Сярод мноства металаў асаблівае месца займаюць золата, срэбра і жалеза — кожны з іх валодае ўнікальнымі ўласцівасцямі, якія ўплываюць на фізічны і энергетычны стан чалавека, верылі нашыя продкі.

Металы

Жалеза

Прыродныя якасці жалеза — моц, трываласць, а таксама сувязь з агнём падчас апрацоўкі абумовілі выкарыстанне вырабаў з жалеза ў якасці ўніверсальных абярэгаў. Іх ужывалі як у засцерагальнай, так і ў медыцынскай магіі. Мелі каштоўнасць такія вырабы, як сякера, нож, каса, серп, цвік, іголка — рэчы, прызначаныя рэзаць або калоць; або качарга, чапяла, патэльня — начынне, звязанае з печчу і хатнім агнём; а таксама падкова, крэсіва — рэчы, чые магічныя ўласцівасці былі абумоўлены формай. Паводле старажытных вераванняў, усе пералічаныя і падобныя рэчы маглі не толькі адганяць розных нячысцікаў, хваробы, няшчасці, але і знішчаць іх.

Так, каб не балела галава, трэба было тройчы ўдарыць па ёй і сказаць: “Залезна галава!”. А каб галава не балела цэлы год, на Палессі падчас першага грому клалі на яе жалеза. Прамаўляючы замову ад шалу, таксама прыкладалі да ілба жалеза. Цяжарная жанчына павінна была насіць пры сабе заўсёды штосьці жалезнае, напрыклад, іголку, нож і г.д.

Старажытная жалезная сякера знойдзеная ў Бабруйску.

Калі жанчына знаходзілася “ў полазе”, каб роды былі лёгкія, ёй на ложак клалі нож і суворыя ніткі. Парадзіха, каб засцерагчы сябе і сваё дзіця ад высыпкі на целе, забівала каля парога ў хаце глыбока ў зямлю жалезны нож. Купаючы дзіця, клалі ў ваду якую-небудзь жалезную рэч, каб пазбегнуць сурокаў. Калі ж купаць дзіця даводзілася маці, у якой былі месячныя, то, каб яго цела не пакрылася высыпкай, маці клала ля парога нешта жалезнае: нажніцы, нож, цвік, долата — і тройчы сплёўвала на гэтую рэч вадой ад купання на самым яго пачатку і па заканчэнні.

У дзіцячую калыску клалі кавалак жалеза, каб яго ўласцівасці — моц і трываласць — перадаліся здароўю дзіцяці. Усе малочныя зубы дзіцяці кідалі ў запечак, прыгаворваючы: “Мышка, Мышка! На табе зуб касцяны, а дай мне жалезны!

На Палессі, каб засцерагчы дзіця ад спуду, калі па сялу неслі нябожчыка, яму пад галоўку таксама клалі што-небудзь жалезнае.

У некаторых вёсках лекавым лічыўся пярсцёнак, зроблены з цвіка ад труны. Пярсцёнак, зроблены з падковы, пры падучай хваробе насілі на мезенцы. Любым металічным пярсцёнкам вадзілі вакол болек на скуры.

Срэбра

Срэбра — каштоўны метал, які разам з золатам цаніўся вельмі высока. Гэты метал, дзякуючы сваім адзнакам — бляску, здольнасці са стану пацямнення вяртацца ў светлы, сімвалізаваў чыстату, здароўе, прыгажосць. Прыналежнасць срэбра да каштоўных металаў, яго роля ў эканамічным і гаспадарчым жыцці, як матэрыялу, з якога выраблялі грошы, тлумачыць тое, што яму прыпісвалі багацце, шчасце, плоднасць.

Таму, каб забяспечыць нованароджаным і маладым шчаслівае і багатае жыццё, нашы продкі выкарыстоўвалі срэбра ў абрадах нараджэння дзіцёнка, яго хрышчэнні і ў вясельных абрадах. Прыкладам, калі дзіцёнка хрысцілі, то ў купель або пры першым купанні ў ваду апускалі срэбную манету, грошы потым забірала сабе павітуха. Таксама на нашых землях быў распаўсюджаны звычай класці нявесце ў правы бот кавалак авечай поўсці і срэбную манету — каб яна была багатай. Срэбра таксама звязана з Месяцам і жаночай энергіяй. Каб быць чыстай і прыгожай, дзяўчаты ў Чысты чацвер для абароны ад хвароб умываліся вадой, дзе ляжалі срэбныя грошы.

Белы колер срэбра, яго ачышчальныя і прафілактычныя якасці далі магчымасць выкарыстоўваць гэты метал у ахоўнай і лекавай магіі. Пры зубным болю на зуб клалі срэбную манету. Каб вылечыць чалавека ад запою, сярэбраную манету спачатку клалі пад язык нябожчыку, а затым апускалі ў гарэлку. Потым яе давалі п’яніцу і былі ўпэўнены, што ён стане абыякавым да гарэлкі, як і памерлы.

Заўсёднымі абярэгамі для старажытных беларусаў былі скроневыя кольцы і завушніцы. Паводле павер’яў, першыя ахоўвалі ад галаўных боляў і іншых негатыўных уздзеянняў, а другія аберагалі вушы, як каналы сувязі з вонкавым светам. Лічылася, што завушніцы дапамагаюць ад звону ў вушах.

Завушніцы.

Срэбра ўжывалі для ачысткі вады, догляду за ранамі, для вырабу пратэзаў, катэтараў і розных хірургічных інструментаў. Ну і, вядома, не абышлося без магіі. Вера ў цудадзейныя ўласцівасці срэбра ў старажытнасці была непарушная, што вылілася ў мноства міфаў і легенд. Так, напрыклад, беларусы даўней верылі, што срэбнай куляй можна забіць пярэваратня, срэбны крыж абароніць ад вампіра, а любое срэбнае ўпрыгожванне пазбавіць ад псоты, сурокаў і чараў.

Золата

Гэты метал сярод астатніх займае найвышэйшую пазіцыю і сімвалізуе святло, чысціню, веліч, годнасць, багацце, хараство. Золата таксама выкарыстоўвалі як абярэг, а ў народнай медыцыне — як лекавы сродак.

У славян даўней быў распаўсюджаны звычай у Чысты чацвер “умывацца з золата”. Дзеля гэтага ў ваду кідалі нейкі залаты прадмет, каб увесь год жыць багата.

Вісочнае кальцо, XII-XIII ст.

На Каляды ўмываліся вадой, у якую клалі “медныя і залатыя грошы, каб на працягу года быць чырвонымі і крэпкімі, як медзь і золата, — срэбраныя рэчы або грошы, каб мець белы твар”. А на першы дзень Вялікадня вельмі карыснай для здароўя лічылі ваду, у якую былі пакладзены срэбныя або залатыя рэчы і чырвонае яйка.

Паводле старадаўніх павер'яў, калі патрымаць у роце вымытае золата, то перастане балець горла, а пах з роту стане свежым і прыемным. Калі праколваць вушы залатой іголкай, то такая адтуліна не будзе зарастаць. А прыкладанне нагрэтага золата ў вобласць сэрца дапаможа пазбавіцца ад сардэчных захворванняў. Супакоіць дзіця, якое плача, можна надзеўшы яму на шыю залаты ланцужок.

Беларусы верылі… Магія вяроўкі і вузла

Exit mobile version