Site icon Слушна

Жаночы рак: як нармалізаваць флору кішэчніка пасля апраменьвання

Пры прамянёвай тэрапіі вобласці жывата пакутуе нармальная флора кішэчніка. Таму можа турбаваць уздуцце жывата, рэзі, парушэнні стулу.

Распавядзём, як пазбавіцца ад гэтых ускладненняў. Працяг. Пачатак тут і тут.

Ірына Касенка, урач-анколаг, доктар медыцынскіх навук, прафесар, начальнік Адукацыйнага цэнтра РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава:

Чаму важна аднавіць мікрафлору

Ад стану кішэчніка залежыць наша здароўе, даўгалецце, бо менавіта там адбываецца ўтварэнне і ўсмоктванне неабходных арганізму рэчываў, абясшкоджванне і вывядзенне ўсяго, што адпрацавана і ўяўляе небяспеку.

Кішэчнік населены карыснымі мікраарганізмамі, прычым ільвіная іх доля сканцэнтраваная ў тоўстай кішцы. Тонкая кішка амаль вольная ад мікраарганізмаў альбо змяшчае вельмі малую колькасць у ніжніх аддзелах. У тонкай кішцы адбываецца расшчапленне і ўсмоктванне пажыўных рэчываў, неабходных для пабудовы органаў і тканак.

Мікраарганізмы кішэчніка стабілізуюць нашу імунную сістэму, тармозяць узнікненне пухліны тоўстай кішкі за кошт скарачэння працягласці кантакту адходаў (канцэрагенаў) з яе сценкамі.

Асобныя харчовыя прадукты з'яўляюцца стымулятарамі росту карысных бактэрый за кошт утрымання фруктозы. Гэта часнок, цыбуля, чарамша, памідоры, бананы і пшаніца.

Супрацьпухлінная тэрапія, на жаль, згубна ўздзейнічае на нармальную мікрафлору кішэчніка. Любое спецыяльнае ўздзеянне (хіміятэрапія, гарманальнае лячэнне, прамянёвая тэрапія і антыбіётыкатэрапія) падаўляе рост нашых карысных «сужыцеляў» у тоўстай кішцы, што спрыяе размнажэнню іншых мікробаў, якія трапілі звонку з ежай і вадой або знаходзіліся ў кішцы ў неактыўным стане. Прычым частка з іх (сінегнойная палачка, стафілакок, пратэй, дражджавыя грыбы, энтэракокі) устойлівыя да лекавых антымікробных прэпаратаў.

У большасці выпадкаў парушаная экалогія тоўстай кішкі аднаўляецца самастойна. Але не ў людзей з паніжаным узроўнем імунітэту пасля прамянёвай або лекавай тэрапіі раку. Часта з'яўляюцца клінічныя сімптомы дысбактэрыёзу.

Што такое дысбактэрыёз? Гэта парушэнне раўнавагі мікрафлоры кішэчніка: «няправільныя» мікраарганізмы з'яўляюцца там, дзе іх у норме быць не павінна, – у тонкай кішцы, і памяншаецца колькасць «правільнай» мікрафлоры, г.зн. той, што жыве ў здаровага чалавека ў тоўстай кішцы. Гэта прыводзіць да з'яўлення ў кішэчніку небяспечных і агрэсіўных бактэрый. Вобразна кажучы, там з'яўляецца вораг. Пакуль вы не адновіце нармальную мікрафлору, ніякія таблеткі не дапамогуць, бо не могуць нармальна ўсмоктвацца сценкай кішэчніка з-за «вайны», якая там разгарэлася.

Дысбактэрыёз, які ўзнік, можа працяглы час не выяўляцца або даваць вельмі бедную сімптаматыку. Крайняй ступенню дысбактэрыёзу з'яўляецца з'яўленне паталагічных кішэчных мікраарганізмаў у крыві (бактэрыямія) або развіццё сэпсісу.

Прыкметы дысбактэрыёзу

Першая група сімптомаў звязаная з работай органаў страўнікава-кішэчнага тракта:

  • няўстойлівы стул, пастаянныя запоры ці паносы;непрыемны пах з рота;
  • пастаяннае аддзяленне газаў;
  • буркатанне ў жываце;
  • уздуцце жывата;
  • пачуццё голаду.

Другая група прыкметаў агульнага характару:

  • слабасць;
  • нервовасць;
  • шэры колер твару;
  • выпадзенне валасоў;
  • дэфармацыя (скрыўленне) пазногцяў.

На жаль, з'яўляюцца гэтыя сімптомы тады, калі барацьба ідзе на ўсю моц і хвароба ўжо набыла хранічнае цячэнне. Таму лячэнне павінна быць доўгім і ўпартым. У гэтых выпадках мэтазгодна звярнуцца да анколага, а затым гастраэнтэролага па месцы жыхарства, каб зрабіць аналіз кішэчнага змесціва для высвятлення, якія бактэрыі ў ім «жывуць» і як мэтанакіравана ажыццявіць аздараўленне экалогіі гэтага важнага органа.

Якія сродкі дапамогуць

Для барацьбы з «няправільнымі» бактэрыямі ў дапамогу рэшткам нармальнай мікрафлоры кішэчніка выкарыстоўваецца прэпарат «Біяфлор». Гэта натуральны прадукт з жывымі кішэчнымі палачкамі і біялагічна актыўнымі рэчывамі асяроддзя, у якім яны выраслі (экстракты соі, гародніны і пропалісу). Гэты прэпарат у выпадку праведзенага супрацьпухліннага лячэння трэба прымаць па 1 дэсертнай лыжцы 2-3 разы на дзень за 30 хвілін да ежы або праз 2 гадзіны пасля ежы на працягу 1-3 месяцаў.

Як ён дзейнічае? Біяфлор падаўляе і выцясняе патагенныя (шкодныя для арганізма) мікраарганізмы, нармалізуе імунітэт за кошт сінтэзу імунаглабулінаў, лізацыму, інтэрферону і інш., прадуцыруе ферменты (пратэазы, амілазы, ліпазы і інш.) для стрававання, удзельнічае ў сінтэзе вітамінаў (В1, В2, В16, В12 і інш.), амінакіслотаў, абясшкоджвае прадукты абмену.

Увага! У рэдкіх цяжкіх выпадках дысбактэрыёзу ў першыя дні прыёму прэпарата можа ўзмацніцца газаўтварэнне і ўзнікнуць боль. Тады трэба ўводзіць Біяфлор у мікраклізмах на працягу 1-2 тыдняў. Мікрафлора ў тоўстым кішэчніку нармалізуецца, і можна пачынаць прыём праз рот спачатку па 1 чайнай лыжцы, а потым павялічыць дозу.

Іншы натуральны прэпарат для барацьбы з дысбактэрыёзам – біфідумбактэрын. Сухі біфідумбактэрын – гэта высушаныя жывыя насельнікі тоўстай кішкі. У цяпле гэтыя бактэрыі ажываюць і ўключаюцца ў барацьбу супраць шырокага спектру патагенных і ўмоўна патагенных мікраарганізмаў, тым самым нармалізуючы мікрафлору кішэчніка.

Добра дапамагае і вадкая форма біфідумбактэрыну, але ў яе малы тэрмін прыдатнасці. Таму можна набыць прэпарат у флаконах па 5 дозаў. Прымаць яго трэба па 5 дозаў 3 разы на дзень за 20 хвілін да ежы, доўгі час (1-2 месяцы).

Ёсць яшчэ адзін «жывы» прэпарат падобнай уласцівасці. Гэта лактабактэрын, які змяшчае высушаныя малочнакіслыя бактэрыі. Прымаць яго варта таксама па 5 дозаў 3 разы на дзень. Можна адначасова з біфідумбактэрынам.

Усе тры прэпараты не маюць ніякіх супрацьпаказанняў і не выклікаюць пабочных эфектаў, бо ўтрымліваюць элементы зусім натуральнай мікрафлоры кішэчніка. З названай серыі ёсць яшчэ іншыя карысныя лекі: калібактэрын, лінэкс і інш.

Асаблівы рэцэпт

Як вы ўжо зразумелі, прыём гэтых прэпаратаў павінен быць доўгім. Прычым мэтазгодна на працягу 1,5-2 гадоў курсы лячэння паўтараць (кожныя 0,5 года). Так што выдаткі немалыя. Таму прыводжу вельмі просты, танны і эфектыўны спосаб барацьбы з дысбактэрыёзам з дапамогай часнаку і малочнай сыроваткі.

Вядома, што часнок забівае шкодныя для кішэчніка бактэрыі, а сыроватка выкарыстоўваецца для «гадоўлі» карысных бактэрый. Пітво рабіце так.

Негатаванае, пажадана хатняе малако сквашвайце, як звычайна, скарыначкай жытняга хлеба ў цяпле. Сыраквашу падагрэйце на слабым агні, астудзіце і адкіньце тварог (яго з'ешце на здароўе). Астатнюю сыроватку захоўвайце ў халадзільніку да 5 дзён. Прымайце раніцай нашча па 1 шклянцы, у якую перад прыёмам дробна нарэжце 1 зубчык часнаку. Курс лячэння – 10 дзён. Потым перапынак 7 дзён. І гэтак далей. Увага! Трэба ўдакладніць, ці пераносіце вы часнок.

Не апошнюю ролю ў падтрыманні здаровай мікрафлоры кішэчніка адыгрывае наша ежа. Што спрыяе нашым карысным мікробам? Ёсць такое хатняе пітво (і лекі) – чайны грыб і японскі грыб. Гэтыя напоі з'яўляюцца крыніцамі малочнакіслых бактэрый, якія, у прыватнасці, нармалізуюць флору і ўзмацняюць імунітэт. Тое, што патрабуецца! Але грыб добры для здаровых людзей і пры лёгкім дысбактэрыёзе. А ў цяжкіх выпадках захворвання можа служыць дадаткам паміж курсамі спецыяльнага лячэння дысбактэрыёзу.

Хачу падкрэсліць, што гародніна-садавіна і гарбата спрыяюць нармалізацыі экалогіі кішэчніка, а багатая тлустая мясная ежа – наадварот.

Вельмі карысныя кісламалочныя прадукты з біфідафлорай. Напрыклад, біякефір, актывіл і г.д. Вядома, бывае, што ўведзеная ў малочныя прадукты мікрафлора хутка гіне пры незахаванні ўмоў транспарціроўкі і захоўвання. І ўсё ж такі карысныя нават прадукты іх жыццядзейнасці, якія застаюцца ў кефіры.

Чытайце ў наступным артыкуле >>>

https://bel.24health.by/ximiyaterapiya-ginekalagichnaga-raku-yak-pamenshyc-pabochny-efekt/

Exit mobile version