Пазнаёміўшыся з рознымі меркаваннямі да папярэдняга матэрыялу ў блогу «Думкі ўслых» пра шкоднасць солі і цукру, раблю выснову: мы, аказваецца, з большай лёгкасцю гатовыя адмовіцца ад цукру, чым ад солі. Праўда, пэўная доля хітрыкаў (без крыўдаў, я зараз і пра сябе!) у гэтым ёсць. Якая?!
Нават калі не штодня, але саладзенькага мы да кавы-гарбаты хочам. І любім. І спажываем. 🙂 Супакойваючы сябе тым, што кава-гарбата ў гэтым выпадку без цукру. І атрымліваецца не поўная адмова, а толькі зніжэнне колькасці. Але і гэта, вядома ж, няблага. Так што – так трымаць! 🙂
Беларуска-расійскі герантолаг Кірыл Прашчаеў, сустрэча з якім у рэдакцыі газеты Медыцынскі веснік і інфармацыйнага партала Здаровыя людзі прымусіла мяне добра-такі задумацца, сярод парадаў даў такую: трэба «шкодныя» вугляводы (сярод іх цукар руліць) замяняць на «карысныя». У рэале, напрыклад, цукар – на мёд, фрукты, садавіну.
І я ўжо сабе ўявіла малюнак, як ем ківі, прыхлёбваючы з філіжанкі каву без цукру! 🙂 Не, эксперыменты з кавай я рабіла здаўна. Напрыклад, дадавала ў яе замарожаную вішню, кансерваваны ананас. Заменнікам лімона ў нас заўсёды была айва з уласнага лецішча. Праўда, перасыпаная цукрам – без гэтага яна і ў халадзільніку стаяць не будзе, не тое што ў цёплым месцы пад закруткай. Ірване дык ірване, забрадзіўшы! 🙂
Вельмі спадабался кава з мёдам! Асабліва, калі мёд свежы. А гэта, як вядома, таксама неблагі заменнік цукру. Праўда, падкрэслівае Кірыл Прашчаеў, калі мяняць лыжачку на лыжачку, а не лыжачку цукру на слоічак мёду! 🙂
Дык вось курс на зніжэнне солі таксама можна ўзяць. Правяраю зараз на сабе. І спадзяюся, што хтосьці далучыцца і ў гэтай справе. Якія першыя высновы? Сапраўды, падсольваць, а часам і перасольваць стравы – гэта прывычка. А яшчэ праўда і тое, што ўсё, кажучы простымі словамі, у нас у мазгах.
Па-першае, калі пачынаеш свядома думаць, што вось тут можна дадаць не палову лыжачкі солі, а зусім крыху… Кантроль – ён проста неабходны ў гэтай справе! Па-другое, калі ты вычытваеш на любімай прыправе, што соль там ужо ёсць. І праўда, навошта яшчэ? І канкрэтны прыклад з уласнага вопыту, зусім свежанькі.
Гатую курыныя сцёгны ў духоўцы. Рэцэпт зусім просты. Размарожваем, прамываем пад халоднай вадой, абсушваем папяровым ручніком, уціраем прыправы (куркума – адна з любімых, але не адзіная). Загортваем у фольгу, змяшчаем на чугунную патэльню, ставім у разагрэтую да 180-200°С духоўку на 40 хвілін.
Курыца гатуецца ва ўласным соку. Ніякага маянэзу, смятаны, іншага соусу не вымагае. Мая курыца абыякавая нават да «папырскаць лімонным сокам»! 🙂 Праўда, вось зараз, перакладаючы на беларускую мову матэрыял нашага журналіста Валянціны Мохар пра цэліякію і глютэн, дзе ёсць рэцэпты, задумалася пра эксперымент з кунжутам.
Значыць, упэўніўшыся, што надпіс «соль» на пакеціку з прыправамі прысутнічае, этап націрання курыных сцёгнаў соллю гэтым разам прапускаю. І што ж у мяне атрымалася ў выніку?! На смак – ніякага адрознення! Зусім! Ну, і навошта мне было яшчэ тое націранне соллю? Шмат гадоў? Перабор! 🙂
Дык вось калі пачынаеш думаць галавой – «Тут крыху недасыплю», «Сюды зусім не пакладу», новая рэальнасць прымаецца вельмі лёгка. Прынамсі, у мяне спрацоўвае. А ў вас?! 🙂
Дарэчы, як некаторыя даследчыкі тлумачаць тое, што мы ў большасці сваёй літаральна не выпускаем сальнічку з рук?! Бо соль выклікае прывыканне, узмацняе апетыт і нават уплывае на настрой чалавека! Памятаеце вэнджаную каўбаску?! 🙂 З’елі на свята – і задаволеныя…
Сцвярджаецца, што соль – гэта не толькі белая смерць, але і своеасаблівы наркотык. Таму і такія адчуванні. А пазбавіцца ад залежнасці – гэта ўсё роўна што спрабаваць пазбавіцца ад курэння. Маўляў, усе кідалі, але не ва ўсіх атрымлівалася доўга пратрымацца.
У сувязі з чым узгадваецца вядомы анекдот: «Кінуць паліць?! А што тут складанага? Я сам шмат разоў кідаў…» Хаця я насамрэч ведаю людзей, якія кінулі 20-30 гадоў таму… І больш – ніводнага разу. Рэспект такім і ўважуха!
Падумала ў гэтым накірунку. Ці сапраўды я так залежу ад солі? Ведаеце, а у свядомасці ўжо штосьці пачало мяняцца цягам апошніх тыдняў… Было б жаданне, як мне падаецца! А што думаеце вы?! 🙂