«Здавацца» ўрачу толькі тады, калі боль стаў нясцерпным, – суровая і абсалютна няправільная традыцыя. Асабліва калі гаворка ідзе пра такую далікатную тэму, як жаночае здароўе. Прыкладна ў 10% жанчын гінекалагічныя захворванні рознай ступені цяжкасці (у т.л. анкалагічныя) выяўляюцца толькі на звычайным прафілактычным прыёме ў доктара. На фоне поўнай адсутнасці скаргаў могуць працякаць запаленчыя працэсы, якія прыводзяць у выніку да самых сумных наступстваў – ад запалення органаў малога таза і бясплоднасці да анкалогіі.
Выйсце ёсць – рэгулярныя прафілактычныя агляды ва ўрача-акушэра-гінеколага. Выяўленыя на ранніх стадыях праблемы паддаюцца лячэнню і карэкцыі.
Агляд акушэра-гінеколага
З моманту свайго паўналецця, жанчына павінна наведваць «жаночага» доктара хаця б раз на год. Нават калі нічога не турбуе і не хочацца ісці. А пры наяўнасці праблем (эрозія шыйкі маткі, інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам у анамнезе і г.д.) – раз на паўгода.
Для кожнага ўзросту свае матывы:
- у 20-гадовых дзяўчат агляд і мазок дапаможа своечасова выявіць запаленчыя працэсы і захворванні, якія могуць негатыўна паўплываць на зачацце і дзетараджэнне;
- у 30-40 гадовых ёсць вялікая насцярожанасць па развіцці новаўтварэнняў, таму абавязкова дадаецца цыталагічны мазок з шыйкі маткі;
- рэгулярныя кансультацыі і назіранне ўрача для жанчын 40+ дапамогуць лягчэй увайсці ў перыяд менапаўзы;
- ў сталым узросце ні ў якім разе нельга забывацца на наведванне ўрача. Клімакс і нават адсутнасць палавога жыцця не гарантуюць таго, што ў інтымнай жаночай сферы няма праблем. Асаблівая насцярожанасць пры рызыцы развіцця рака шыйкі маткі.
Мазок на флору
Яго называюць яшчэ «бактэрыяскапія, агульны мазок, мазок з похвы». Гэта стандартнае лабараторнае мікраскапічнае даследаванне для аналізу складу мікрафлоры похвы, мачавыпускальнага канала і шыйкі маткі.
Урач забірае матэрыял адразу з некалькіх зон з дапамогай аднаразовага шпаталя: з шыйкі маткі, урэтры і похвы. Працэдура бязбольная.
Затым у лабараторных умовах мазок аналізуюць пад мікраскопам, дадаючы спецыяльныя фарбавальнікі.
Ацэньваюць некалькі паказчыкаў:
- склад флоры;
- колькасць лейкацытаў;
- колькасць эрытрацытаў;
- наяўнасць грыбкоў, трыхаманад, ганакокаў;
- наяўнасць лактабацыл.
Каб аналіз быў максімальна дакладны, да яго здачы варта выконваць некаторыя правілы:
- выключыць палавыя кантакты за 2 сутак да наведвання ўрача;
- не спрынцавацца і не выкарыстоўваць вагінальныя прэпараты (свечкі, крэмы) – за 2 сутак;
- за 2-3 гадзіны да мазка не мачыцца;
- 4-5 дзень цыкла – самы ўдалы час для здачы мазка на флору.
Онкацыталагічны мазок
Гэты аналіз дазваляе выявіць перадракавыя клеткі ў вобласці шыйкі маткі. Мазок на онкацыталогію ўрач бярэ пры аглядзе на гінекалагічным крэсле з дапамогай адмысловай цэрвікальнай шчоткі ці гінекалагічнага шпаталя.
Працэдура бязбольная, выконваецца хутка, максімум за 10 секунд. Праўда, на працягу наступных некалькіх дзён магчымы невялікія крывяністыя выдзяленні. Яны не патрабуюць лячэння і праходзяць самастойна.
Узяты мазок доктар змяшчае на спецыяльнае шкло, затым ён апрацоўваецца растворамі, што фіксуюць і афарбоўваюць. Потым клеткі пад мікраскопам даследуе ўрач-цытолаг.
Калі онкацыталогія можа быць недакладнай:
- калі ёсць запаленчыя працэсы палавой сістэмы;
- маюцца крывяністыя выдзяленні з похвы (у т. л. менструацыя);
- калі менш чым за 2 сутак да аналізу быў палавы акт;
- менш чем за 2 сутак да выканання мазка рабілі спрынцаванне, уводзілі мазі ці тампоны.
УГД органаў малога таза
З дапамогай ультрагукавога даследавання кантралююць стан маткі, яечнікаў і фалопіевых труб.
Гінекалагічнае УГД можа праводзіцца рознымі спосабамі:
- трансвагінальна – ультрагукавы датчык уводзяць у похву. Гэты спосаб лічыцца самым дакладным. Яшчэ адзін яго плюс – можа дапамагчы выявіць праблемы з шыйкай маткі;
- абдамінальна – датчыкам водзяць па жываце, папярэдне дадаўшы на месца даследавання спецыяльны гель;
- трансрэктальна – спецыяльны датчык уводзяць у тонкую кішку (ужываюць у цнатлівых у выпадку падазрэння на сур'ёзнае гінекалагічнае захворванне).
Як падрыхтавацца да УГД
- перад трансвагінальным – апаражніць мачавы пузыр;
- перад трансабдамінальным – напоўніць мачавы пузыр. Рэкамендуюць выпіць перад даследаваннем прыкладна літр вады.
Кальпаскапія
Працэдура ўяўляе сабой агляд шыйкі маткі з дапамогай адмысловага інструмента – кальпаскопа. Гэты метад дазваляе дакладна вызначыць стан эпітэлія. Доўжыцца даследаванне каля паўгадзіны, па адчуваннях падобна да звычайнага гінекалагічнага агляду.
Паказанні да кальпаскапіі:
- нехарактэрныя выдзяленні з похвы, сверб;
- боль падчас палавога акту ці пасля яго;
- цягнучы боль унізе жывата;
- крывацёк;
- адхіленне ад нормы ў аналізе на онкацыталогію.
Перад кальпаскапіяй, як і перад кожнай гінекалагічнай працэдурай, раяць устрымацца ад палавой блізкасці на працягу 2 сутак, не спрынцавацца і не ўжываць вагінальныя крэмы. Выконваць працэдуру рэкамендуюць на 5-7 дзень пасля менструацыі.
Самае галоўнае правіла ў захаванні жаночага здароўя – рэгулярнасць наведвання ўрача. Жаночыя «балячкі» каварныя тым, што часта напачатку не выдаюць сябе абсалютна ніякімі сімптомамі. Правіла візіту да "жаночага" доктара хаця б раз на год дапамогуць спраўляцца з магчымымі праблемамі ў самых пачатковых стадыях, калі шкоды арганізму яшчэ не будзе.