Site icon Слушна

Жураўлінае веча. Па журавіны можна – ад сёння…

Жураўлі збіраюцца на сваё веча сёння, 13 верасня

Народныя традыцыі настолькі шматлікія і разнастайныя, што цікаўся імі – не цікаўся, вывучай – не вывучай, але і праз месяц, праз год, праз 5 даведаешся пра штосьці новае. І здзівішся, і захопішся, і задумаешся. Так і ў мяне гэтым разам атрымалася.

Аказваецца, нашы продкі хадзілі па журавіны, пачынаючы... з 13 верасня. І зусім не таму, што ягады да гэтага часу добра выспявалі ці людзям хтосьці з вышэйшага начальства раней забараняў. Лічылася, што менавіта 13 верасня, на Купрыянаў дзень, жураўлі збіраліся на балоце на сваё веча – перад адлётам.

Жураўлі і журавіны... Вядома ж, сугучныя словы. Таму паміж імі павінна быць сувязь. Ды яшчэ якая! Кажуць, што даўней журавіны зваліся... жураЎЛінамі! А птушкі падчас свайго веча кланяліся гэтай ягадцы. Вось чаму заўчасна нельга было ні іх трывожыць, ні накіроўвацца па журавіны.

Што ж жураўлі робяць на тым вечы? Ды, сцвярджалі старыя людзі, своеасаблівае спаборніцтва ладзяць, агляд. Хто мацнейшы, дужэйшы? Хто паперадзе кліна стане? Пара ж ужо адлятаць у цёплыя краіны... Літаральна 14 верасня можна ўжо згледзець жураўліныя кліны...

А мне падумалася: мусіць, і танчаць жа жураўлі на балоце яшчэ. Ва ўсёй сваёй прыгажосці. Эх, каб хоць калі зірнуць на тое веча! І журавінамі, вядома ж, харчуюцца, набіраюцца моцы перад далёкай дарогай. А што ж адчуваем мы падчас іх адлёту?! Светлы сум...

Нашы продкі і жураўлёў, як і буслоў, атаясамлівалі з людзьмі, прыпісвалі ім чалавечыя якасці. І розум, і прыстойнасць, і мудрасць... Магчыма, так яно і ёсць. Але не дадзена нам, на жаль, зразумець, пра што яны думаюць, пра што размаўляюць паміж сабой... Вечная загадка прыроды.  «І жураўлі без веры не жывуць» – лічылася ў народзе.

Дайшла да нашага часу і народная мудрасць, у якой выкарыстаныя шматгадовыя назіранні за гэтымі птушкамі. «Калі жураўлі ўвосень ляцяць нізка, то зіма чакаецца цёплая, калі высока, то халодная», «Жураўлі гучна курлычуць – да дажджу». А паколькі 13 верасня – Купрыянаў дзень... «На Купрыянаў дзень жураўлі збіраюцца на балоце дамову трымаць, якім шляхам-дарогаю на цёплыя воды ляцець».

Так, жураўлінае веча звычайна збіраецца на Купрыянаў дзень, на які ў нашых продкаў таксама існавалі свае звычаі і традыцыі. Напрыклад, прыбіраць з палеткаў ураджай бульбы, буракоў, морквы, прыгаворваючы: «Усякі карэньчык у свой час», «Гаспадыня пры кароўцы, а дзеўкі – пры моркве».

Шмат усяго цікавага казалі пра таго, хто зваўся Купрыянам. Маўляў, ён з жураўлямі сябруе, і яны яго не баяцца, давяраюць адно аднаму. Калі Купрыян будзе ведаць, дзе хаваецца гэтая птушка з пашкоджаным крылом, дык нікому і не скажа, а жураўлю дапаможа.

А яшчэ быццам бы Купрыян не баяўся розных зданяў, блукаючых балотных агеньчыкаў, заўсёды мог прайсці праз багну і не патануць. Але ў наш час лепей такое ўменне Купрыянам і не правяраць...

А вяртаючыся да журавінаў... Вельмі карыснай для здароўя гэтая ягада лічыцца здаўна. Толькі калі яе збіраць ужо ў спелым выглядзе, а не даспельваць зялёную прымусова.

Думаю, многія з дзяцінства памятаюць кіславаты смак морсу, якім нашы бацькі літаральна адпойвалі дзяцей падчас хваробы, высокай тэмпературы. І лепшала ж! Бо журавіны ўтрымліваюць шмат вітамінаў групы В, а таксама С, А, К. Плюс калій і кальцый, магній і фосфар, натрый, жалеза, ёд, марганец...

А гэта – гарачкапаніжальны, супрацьзапаленчы, супрацьмікробны эфекты і не толькі. Журавіны паляпшаюць склад крыві, рэгулююць абмен рэчываў. Пры рэгулярным ужыванні здольныя паніжаць артэрыяльны ціск. І яшчэ шмат-шмат-шмат усяго!

Таму, не трывожачы сёння жураўлінае веча, кіруем на балота заўтра – па журавіны! Поспехаў усім у збіранні, прыемных адчуванняў пры спажыванні!

Exit mobile version